Агляд прэсы: адкрыты фінал



Польшча скасуе надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю пасля завяршэння будаўніцтва сцяны. Макрон, Шольц і Драгі едуць у Кіеў. Уцекачы з Украіны: якія іх перспектывы ў Еўропе? Вялікабрытанія: прыпыненая дэпартацыя ў Руанду. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Урад Польшчы абвясціў аб адмене рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенага на мяжы з Беларуссю, з 1 ліпеня. Рашэнне польскіх уладаў аб спыненні рэжыму надзвычайнага становішча адбылося пасля завяршэння будаўніцтва сцяны на мяжы з Беларуссю, якая накіравана на спыненне нелегальнага перамяшчэння мігрантаў», – піша еўрепейскае выданне SchengenVisaInfo.com.

«Польшча вырашыла пабудаваць сцяну на мяжы з Беларуссю ў пачатку 2021 года, паколькі краіна рэгістравала вялікую колькасць мігрантаў. Большасць мігрантаў, якія траплялі ў Польшчу праз Беларусь, былі грамадзянамі краін Блізкага Усходу. Польшча вырашыла пабудаваць сцяну, каб прадухіліць такія нелегальныя перамяшчэнні. З лета мінулага года Польшча абмежавала правы большасці людзей, якія ўязджаюць у памежную зону ў рамках надзвычайных паўнамоцтваў, у тым ліку праваабаронцаў і журналістаў. Нават пасля адмены надзвычайнага становішча ўлады адзначылі, што будуць працягваць не дапускаць людзей на 200 метраў ад мяжы, паколькі гэтая зона застанецца абмежаванай. Памежная сцяна ўздоўж мяжы з Беларуссю, якая праходзіць больш за 180 кіламетраў, будзе пакрыта калючым дротам. Сцяна ахоплівае раку Буг, якая, акрамя шэрагу азёр, ахоплівае частку прыродных багаццяў паміж Польшчай і Беларуссю. Акрамя Польшчы, краіны Заходніх Балкан моцна пацярпелі ад незаконнага перасячэння мяжы. Афганцы і сірыйцы былі асноўнымі нацыянальнасцямі, якія нелегальна ўязджалі ў ЕЗ у першай палове года», – адзначае еўрапейскае выданне.

***

Паводле дадзеных СМІ, Макрон, Шольц і Драгі плануюць у чацвер адправіцца ў Кіеў. У адрас прэзідэнта Францыі і канцлера Германіі ўжо не раз гучала крытыка з-за іх стаўлення да Пуціна. Прэм’ер-міністр Італіі таксама выклікаў незадаволенасць украінскага ўрада мірным планам, які той прадставіў у ААН. Што будзе абмяркоўвацца за зачыненымі дзвярыма ў Кіеве?

Нямецкая газета Frankfurter Rundschau заклікае канцлера не круціцца.

«Шольц павінен будзе мець у сваім «багажы» пабольш цяжкіх узбраенняў і выразную прыхільнасць Украіне, сфармуляваную выразнай мовай. Пры гэтым дарэчы было б уздзейнічаць на Зяленскага ў сувязі з яго апошняй заявай аб вяртанні Крыма як мэты вайны, і заявіць, што ў цяперашні час гэтая ідэя нерэальная і стаіць на шляху магчымых мірных перамоваў. Шольц, Макрон і Драгі павінны данесці да Зяленскага, што рэальна ажыццявіць, а што – не. Гэта тычыцца як сяброўства ў ЕЗ, так і пытання аб новых пастаўках узбраенняў і далейшай фінансавай падтрымкі», – піша нямецкая газета.

***

З пачатку расейскага ўварвання Украіну пакінула больш за 7,5 мільёнаў чалавек. У Еўразвязе бежанцам з Украіны даецца часовая абарона на працягу сама меней года, з відам на жыхарства, правам на працу, жыллём, медыцынскім абслугоўваннем і адукацыяй для дзяцей. Еўрапейская прэса піша пра задачы і цяжкасці ў справе інтэграцыі. Фінская газета Helsingin Sanomat наракае на бюракратычныя перашкоды, з якімі сутыкаюцца бежанцы з Украіны.

«Тысячы ўкраінцаў, якія ўжо некалькі месяцаў таму ўцяклі ў Фінляндыю ад вайны, дагэтуль так і не атрымалі асабістага ідэнтыфікацыйнага нумара. Гэта ўскладняе, да прыкладу, уладкаванне на працу ці пошукі жылля. З падобнай сітуацыяй нельга мірыцца! Людзей ганяюць з аднаго ведамства ў іншае, што і для любога фіна было б вельмі цяжка, не кажучы ўжо пра ўкраінцаў, якія не валодаюць фінскай мовай. Заяўляецца, што праблемы гэтыя звязаныя з тым, як арганізавана сістэма інфармавання. Або ў краіне ў шматлікіх галінах пануе недахоп працоўных рук. І тое, што ў падобнай сітуацыі мноства людзей, якія могуць і жадаюць працаваць, не могуць працаўладкавацца, проста ў галаве не ўкладваецца», – адзначае фінскае выданне.

***

Вылет першага дэпартацыйнага рэйса з Вялікабрытаніі ў Руанду прыйшлося адмяніць, бо ў самы апошні момант Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Вялікабрытаніі ажыццяўленне падобнай практыкі. У аўторак увечары міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Прыці Патэль заявіла, што расчараваная рашэннем суда, але не мае намеру адыходзіць ад абранай ёю палітыкі ў дачыненні да бежанцаў. Па меркаванні шматлікіх аглядальнікаў, дзеянні Лондана парушаюць правы чалавека.

Італьянская газета Corriere della Sera разважае над тым, як тое, што адбываецца, звязана з брэкзітам.

«Парадокс заключаецца ў тым, што па выніках брэкзіту Вялікабрытаніі не ўдалося адгарадзіцца ад міграцыі, наадварот – яна сутыкнулася з сапраўдным іміграцыйным бумам. У той час як іміграцыя з Еўропы скарацілася, колькасць людзей, якія прыбываюць з Азіі і Афрыкі, рэзка ўзрасла. Але справа ў тым, што грамадскасць настроена зусім не супраць іміграцыі, а, хутчэй, супраць ідэі адкрытых межаў пры адсутнасці належнага кантролю. Тым больш што новая іміграцыя, якая рушыла пасля брэкзіту, складаецца з высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія ўносяць важны ўклад у брытанскую эканоміку і грамадства. А сярод тых, хто прайграў, аказалася мноства людзей у роспачы, якія спрабуюць знайсці выратаванне ад вайны і голаду», – адзначае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]