Агляд прэсы: адна суцэльная невядомасць



Ці расце ў Расеі незадаволенасць ходам вайны? Вайна ва Украіне: якія стратэгіі дасягнення міру? Уступленне ў НАТО: як быць з супрацівам Анкары. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь, ключавы саюзнік Расеі ў яе ўварванні ва Украіну, забараніла продаж антыўтопічнага рамана Джорджа Оруэла «1984», – паведамляе разам з вядучымі сусветнымі СМІ брытанскае выданне inews.co.uk.

«Пра загад аб зняцці з продажу фантастычнага рамана Оруэла пра таталітарную дзяржаву, дзе «вайна — гэта мір», а «свабода — гэта рабства», упершыню паведаміла «Наша Ніва» – адзін з найстарэйшых беларускіх штотыднёвікоў. Вядома, што гэтая кніга, якая была забароненая ў Савецкім Саюзе да 1987 года, гадамі была бэстсэлерам у Беларусі.

Акрамя гэтага сілавікі затрымалі незалежнага беларускага выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг. Людзі выйшлі ў сацыяльныя сеткі, каб крытыкаваць забарону класічнага твора Оруэла, у якім ідзе гаворка пра наступствы жыцця ў рэпрэсіўным рэжыме з праграмай масавага назірання, вядомай як Вялікі Брат, і якая імкнецца адмяніць свабоду асобы.

Раман, намёк на сталінскую Расею і нацысцкую Германію, разглядае дзяржаўны кантроль над інфармацыяй і тое, як ёю маніпулююць, каб распаўсюджваць прапаганду рэжыму. Выказаецца здагадка, што кніга была забароненая з-за яе дзіўнага падабенства з Расеяй, але ці няма падобнага ў Беларусі?!», – разважае брытанскае выданне.

Захоп Азоўсталі можа лічыцца частковым поспехам расейскіх вайскоўцаў ва Украіне. У той жа самы час з’яўляецца ўсё больш прыкметаў таго, што Расея церпіць няўдачу ў дасягненні сваіх ваенных мэт: яе войска нясе цяжкія страты і вымушана адыходзіць па цэлым шэрагу напрамкаў. Заходнія спецслужбы паведамляюць, што Пуцін усё часцей асабіста ўмешваецца ў прыняцце рашэнняў у паўсядзённых вайсковых аперацыях. Еўрапейская прэса спрабуе прааналізаваць тое, што адбываецца ўнутры Расеі.

«Паразы, падобныя таму, што мы назіралі на рацэ Северскі Данец, дзе былі знішчаныя дзясяткі расейскіх танкаў, прымушаюць прыхільнікаў жорсткага курсу і нацыяналістаў у Расеі яшчэ больш жорстка патрабаваць перамогі ў гэтай вайне», – піша польская газета Wpolityce.

«Яны выкарыстоўваюць тую ж вялікадзяржаўную рыторыку, што і Пуцін, яны гэтак жа ненавідзяць Украіну, і заклікаюць да працягу вайны. Але яны бачаць тое, што бачыць увесь свет, але чаго яшчэ не бачыць большасць расейцаў: жахлівы стан расейскага войска, катастрафічна нізкі ўзровень ваеннага кіраўніцтва і зневажальныя паразы, якія ўжо немагчыма схаваць. Яны перакананыя ў тым, што калі зараз не перамогуць Украіну, то іншага шанцу ў іх не будзе. Вось чаму яны становяцца ўсё гучней і рашучымі», – адзначае польскае выданне.

З дня пачатку шырокамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну прайшло амаль тры месяцы. У тым ліку дзякуючы падтрымцы Захаду, Украіна змагла даць дастойны адпор агрэсару, аднак адназначна ўзяць над ім верх ёй пакуль не ўдалося. Аглядальнікі незадаволены рэакцыяй Еўропы.

Французская газета Opinion задаецца пытаннем, як адрэагуе Еўропа, калі Масква прапануе мір на сваіх умовах.

«Што, калі пасля шэрагу пагроз Масква прапануе пакласці канец ваенным дзеянням, пры ўмове, што Расея пакіне за сабой значную частку ўкраінскай тэрыторыі? Ці знойдуцца сярод еўрапейцаў тыя, хто скажуць «так», ад чаго прыйдуць у роспач не толькі ўкраінцы, але і многія іншыя? «Так» – «за мір»ці ж за стабільнае энергазабеспячэнне, але пры дэманстрацыі небяспечнай схільнасці згаджацца са «дзейсненымі фактамі»? Наступная небяспека зыходзіць з пазіцыі самой Расеі. Калі Крамлю ўдасца лёгка адкараскацца, то ці стане ён пасля гэтага наогул весці з намі перамовы?», – спрабуе прагназаваць французскае выданне.

Турцыя пярэчыць прыняццю ў НАТО Фінляндыі і Швецыі. Як заявіў прэзідэнт Эрдаган, Анкара не можа падтрымаць уступленне ў шэрагі альянсу краін, якія цярпіма ставяцца да такіх тэрарыстычных арганізацый, як Рабочая партыя Курдыстана, ды яшчэ і ўводзяць санкцыі ў дачыненні да Турцыі. Праз ваенныя дзеянні Анкары ў Сірыі Швецыя з 2019 года больш не прадае ёй зброі. Еўрапейская прэса піша пра магчымыя шляхі ўладжвання спрэчкі.

«НАТО прыйдзецца пайсці насустрач Эрдагану», – мяркуе дацкая газета Politiken.

«У кароткатэрміновай перспектыве турэцкі шантаж, па ўсёй бачнасці, увянчаецца поспехам: Эрдагану будуць зроблены некаторыя саступкі і, магчыма, выдзелены фінансавыя сродкі. Цяпер ён дзейнічае і з прыцэлам на маючыя адбыцца выбары, і разлічвае такім чынам змякчыць наступствы эканамічнага хаосу, які сам жа і справакаваў. Гэта варта таго, каб прыняць у шэрагі НАТО Швецыю і Фінляндыю. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве Захад абавязкова павінен вызваліцца з жалезнай хваткі Турцыі», – адзначае дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]