Агляд прэсы: адзін у полі
Беларусь атрымала «дыпламатычную аплявуху», парушыўшы канвенцыю ААН. НАТО рыхтуецца да канфлікту з Масквой. Аўстрыя: гібель двух бежанцаў і дэбаты аб міграцыйнай палітыцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Аўтарытарны ўрад кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі распраўляецца з НДА краіны, што супярэчыць Орхускай канвенцыі ААН аб доступе да правасуддзя ў экалагічных пытаннях», – піша еўрапейскае выданне Politico.
Выданне адзначае, што астатнія 46 удзельнікаў канвенцыі ў чацвер прагаласавалі за пагрозу прыпынення правоў і прывілеяў Беларусі ў адпаведнасці з дамовай 1998 году, накіраванай на тое, каб гарантаваць, што людзі і НДА могуць аспрэчваць рашэнні ўрадаў па ахове навакольнага асяроддзя.
«Дамова патрабуе ўдзелу НДА. Гэта рэальна праблематычна для Беларусі, дзе Лукашэнка душыць арганізацыі, каб перакрэсліць іншадумства пасля фальшывых прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе. Акрамя гэтага нядаўна рэзка пагоршылася сітуацыя з пераследам «зялёных» актывістаў у Беларусі. Парушэнне правоў у адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй уяўляе ў больш шырокім кантэксце эрозію вяршэнства права, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Наступствы для Беларусі ў разыходжанні з Орхусам у значнай ступені сімвалічныя, аднак пагаршаюць яе і без таго пашарпаную міжнародную рэпутацыю», – падкрэслівае еўрапейскае выданне і канстатуе, што Беларусь не была ўзорным сябрам дамовы, а «зараз рэжым Лукашэнкі рашуча адкідвае крытыку з боку ЕЗ, Нарвегіі і Швейцарыі».
«У сваім плане абароны альянс вызначыў, як ён будзе рэагаваць на магчымыя атакі з боку Расеі і пагрозу тэрарызму. Такога плану не было з часоў заканчэння халоднай вайны», – адзначае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
Выданне піша, што ў чацвер у Брусэлі міністры абароны краін НАТО прынялі новы ўсёабдымны план па абароне еўрапейскай і Паўночнаатлантычнай зонаў альянсу. План ахоплівае розныя сцэнары, пачынаючы ад звычайных ваенных нападаў і гібрыднай вайны да кібератакі і дэзінфармацыі, а таксама іх камбінацый і адначасовых нападаў, напрыклад, у Балтыйскім і Чарнаморскім рэгіёнах.
«Штуршком да пераарыентацыі НАТО на абарону альянсу паслужыла анэксія Крыма Расеяй. План абароны таксама з’яўляецца адказам на тое, што Масква узбройваецца ядзернай зброяй сярэдняй далёкасці і распрацоўвае новыя сістэмы ўзбраенняў, напрыклад, баявых робатаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і мадэрнізацыяй сістэмы касмічнага базавання», – гаворыцца ў артыкуле.
«У той жа час альянс павінен заставацца адкрытым для дыялогу з Крамлём. Пры гэтым ён не адмаўляе будучыя канфлікты, якія будуць весціся «не толькі пры дапамозе куль і бомбаў, але і пры дапамозе байтаў і вялікіх дадзеных. Пытанне ў тым, ці зможа ЕЗ весці далейшыя дэбаты аб стратэгічным курсе НАТО, бо пасля паспешнага вываду войскаў з Афганістану ў чарговы раз стала ясна, што еўрапейскія саюзнікі залежаць ад падтрымкі ЗША», – піша Süddeutsche Zeitung.
Двое сірыйскіх бежанцаў былі знойдзеныя мёртвымі ў мікрааўтобусе ў аўстрыйскай федэральнай зямлі Бургенланд. У ходзе аперацыі па адлове нелегальных перавозчыкаў паліцыя таксама затрымала 27 іншых мігрантаў, якія знаходзіліся ў тым жа аўтобусе. У Аўстрыі гэты выпадак нагадвае трагедыю ў Парндорфе ў 2015 годзе, калі 71 чалавек загінулі ў грузавіку-рэфрыжэратары. Аглядальнікі са шкадаваннем адзначаюць, што Аўстрыя і Еўропа да гэтага не знайшлі належнага падыходу да праблемы міграцыі.
«Усе дыскусіі, якія вялі пасля 2015 года, так ні да чаго і не прывялі», – наракае аўстрыйская газета Der Standard.
«Пасля міграцыйнага крызісу 2015 г. у ЕЗ і дзяржавах, якія ўваходзяць у яго, неаднаразова вяліся дэбаты аб праблеме міграцыі і палітыцы прадастаўлення палітычнага прытулку. Аднак, зменаў практычна не адбылося. Што вырасла з 2015 года, дык гэта ўсеагульная абыякавасць. Целы загінулых бежанцаў на пляжах Міжземнага мора, у беларускіх і польскіх лясах , або, як ужо ў каторы раз у Аўстрыі, у бітком набітых аўтамабілях, ужо мала шакуюць еўрапейцаў. Людзі ўспрымаюць гэта як дадзенае, адводзяць погляд, чытаюць далей. Гэта – складаная маральная праблема, і яна ўносіць сваю лепту ў бяздзейнасць у сферы міграцыйнай палітыкі – бяздзейнасць, якая можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў», – папярэджвае аўстрыйскае выданне.
У Ратэрдаме адбылася акцыя пратэсту ў сувязі з недахопам у краіне жылля. Ўдзел у дэманстрацыі прыняло каля васьмі тысяч чалавек. Раней падобныя акцыі прайшлі і ў іншых гарадах краіны. Як адзначае прэса, адным толькі будаўніцтвам новых дамоў праблемы не вырашыць.
«Дэфіцыт жылля пагаршаецца і праводзіцца ўладамі падатковай палітыкай», – адзначае нідэрландская газета NRC.
«Палітыкі як заведзеныя паўтараюць мантру «будаваць, будаваць, будаваць». У ёй няма нічога няправільнага, але ў кароткатэрміновай перспектыве ад такога падыходу няма карысці. Пакуль будуць будавацца новыя дамы, пройдуць гады, а меры ў сферы жыллёвай палітыкі неабходна прымаць ужо цяпер. У кааліцыі дамовы гаворка ідзе аб будаўніцтве мільёна адзінак жылля. Але аб такіх праблемах, як, да прыкладу, падатковыя паслабленні на іпатэку ці ж няроўнасць пры падаткаабкладанні маёмасці, не гаворыцца ні слова. Партыі, якія ўдзельнічаюць у перамовах аб фарміраванні ўраду, павінны прадэманстраваць мужнасць. Неабходна пайсці на палітычныя рызыкі», – заклікае нідэрландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
