Агляд прэсы: АЭС, якая ўзмацніла залежнасць Беларусі



Французская Liberation думае пра лёс беларускай АЭС, а нямецкая Tagesspiegel аналізуе маштабы фальсіфікацый на карысць Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Уступіла ў працу першая Беларуская АЭС, над якой узяла шэфства Масква, што выклікае страх у суседзяў, якія адмаўляюцца купляць электраэнергію, якая вырабляецца ёю, як па палітычных меркаваннях, так і па меркаваннях бяспекі, піша французская газета Liberation. Пачаўшы будаўніцтва двухрэактарнай атамнай электрастанцыі ў пачатку 2010-х гадоў, афіцыйна Менск спадзяваўся часткова вызваліцца ад энергетычнай залежнасці, якая звязвае яго з Расеяй, адкуль паступае 95% яго газу і 90% нафты. Праект змяніўся ў 2012 годзе, калі будаўніцтва было перададзена расейскай дзяржаўнай кампаніі „Расатам” і прафінансавана за кошт крэдыту ў 8,4 млрд еўра з Масквы. Памер праекту, два рэактары агульнай магутнасцю 2400 мегават, з самага пачатку паказвае на тое, што яго мэтай з’яўляецца не задавальненне патрэбаў унутранага рынку Беларусі, а экспарт электраэнергіі ў краіны Еўразвяза, у прыватнасці, у Польшчу і краіны Балтыі, — адзначаецца ў дакладзе Цэнтра ўсходазнаўства ў Варшаве за 2018 год. Такім чынам, Беларусь цяпер мае ў сваіх руках два рэактары дастатковай магутнасці, каб пастаўляць палову электраэнергіі ў краіну, але інфраструктура не падыходзіць для яе эксплуатацыі. Паводле дакладу, былі ажыццёўлены работы па пашырэнні электрычных сетак і пераводу газавых катлоў на электрычнасць, але, мяркуючы па ўсім, яны забуксавалі з-за адсутнасці сродкаў для іх фінансавання. Некаторыя ключавыя галіны проста не могуць адаптавацца, напрыклад, заводы па вытворчасці калійных угнаенняў, якім для працы патрэбен газ. Урэшце, электраэнергія ў Беларусі можа нават стаць даражэй, чым была да запуску атамнай электрастанцыі, паколькі яе будаўніцтва павінна акупіць укладзеныя сродкі, гэта значыць расейскі крэдыт, пагашэнне якога абыдзецца амаль у 1 млрд еўра ў год. Вынікі праекту для афіцыйнага Менска аказваюцца нашмат цяжэйшымі, паколькі будаўніцтва, а затым увод АЭС у эксплуатацыю спрыялі абвастрэнню напружанасці ў адносінах з літоўскім суседам. Вільня, якая часам гуляла пасярэдніцкую ролю паміж Беларуссю і Брусэлем, цяпер узначаліла фронду супраць Астраўца ў рэгіёне і зрабіла больш жорсткім свой тон пасля фальсіфікацыі жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў. У рэгіёне, які ўсё яшчэ не перажыў траўмы чарнобыльскай аварыі 1986 года, любых слабых месцаў у сістэме бяспекі аказваецца дастаткова для таго, каб растлумачыць асцярогі літоўцаў. Аднак супрацьдзеянне беларускай ядзернай энергетыцы таксама звязана з геапалітыкай. Сталіцы краін Балтыі ўжо некалькі гадоў імкнуцца вызваліцца ад сваёй энергетычнай залежнасці ад Расеі і да 2025 года плануюць назаўжды адключыцца ад расейскай сеткі, каб далучыцца да іншай сеткі, звернутай у заходні бок.

„На выбарах у ЗША галасавалі мёртвыя душы?” Такім пытаннем задаецца нямецкі Tagesspiegel. На выбарах галасавалі мёртвыя душы, сцвярджае Дональд Трамп. Ён мае намер прадставіць доказы смерці амерыканскіх грамадзян, якія, на яго думку, нібыта галасавалі на выбарах. Ці ж ад іх імя галасавалі невядомыя асобы, піша журналіст Крыстаф фон Маршал. Аднак, згодна з рашэннем суддзяў па завершаных на дадзены момант судовых працэсах, рэспубліканцы не прадставілі доказаў свайго сцвярджэння аб маштабнай фальсіфікацыі ў тым аб’ёме, які меў бы значэнне для агульнага выніку галасавання. Яны спасылаліся на домыслы, чуткі і пагалоскі. Да таго ж гэта тычыцца толькі лакальных парушэнняў, якіх — нават калі б яны былі праўдай — недастаткова для таго, каб змяніць папярэднія вынікі ў асобных штатах. Прыкметы сістэматычнай фальсіфікацыі пакуль адсутнічаюць цалкам. У цэлым падлік галасоў вядзецца належным чынам, — паказвае выданне. У Белым доме юрыдычная барацьба за зыход выбараў ляжыць на плячах зяця Трампа Джарэда Кушнера і яго асабістага адваката Рудзі Джуліяні. Кушнер не надта ўпэўнены ў поспеху. Кажуць, ужо на выходных ён спрабаваў пераканаць Трампа ў тым, што выбары прайграныя і яму лепш прызнаць сваю паразу, чым весці бесперспектыўныя спрэчкі. З гэтай мэтай на прэзідэнта нібыта спрабавала паўплываць і жонка Мелані. Ад Трампа адварочваюцца некаторыя рэспубліканцы, гаворыцца ў артыкуле. Пры гэтым Джуліяні лічыць, што Трамп павінен змагацца і паразу можна прадухіліць. Цэнтрам барацьбы Джуліяні лічыць Пенсільванію. Без 20 галасоў яе выбаршчыкаў пры бягучым падліку Байдэн не набраў бы ў іншых штатах 270 галасоў выбаршчыкаў, неабходных для таго, каб патрапіць у Белы дом. Але Трамп робіць стаўку не толькі на юрыстаў, у большай ступені ён ставіць на сваю каманду па камунікацыях. Пад кіраўніцтвам Ціма Мэртоў яна павінна няспынна распаўсюджваць паведамленні аб неправамерна аддадзеных галасах і такім чынам узмацняць сярод прыхільнікаў Трампа ўражанне аб маштабнай фальсіфікацыі вынікаў галасавання. У кожным з штатаў, за якія вядзецца барацьба, напагатове асобная каманда. На мінулым тыдні каманда Трампа пераследвала ў Пенсільваніі дзве мэты: канверты з галасамі, якія паступілі пасля дня выбараў, не павінны ўлічвацца; і, каб забяспечыць гэта, іх трэба загадзя аддзяліць ад бюлетэняў, якія паступілі да канца дня галасавання.

Вярхоўны суд вырашыў, што пытаннем пра тое, ці сапраўдныя гэтыя бюлетэні, можна заняцца пазней. Тут мэта дасягнута часткова. Па-другое, каманда Трампа сцвярджала, што рэспубліканскія назіральнікі за выбарамі не былі дапушчаныя да падліку галасоў. Аднак на судзе адвакату Трампа прыйшлося прызнаць, што сярод назіральнікаў ёсць і рэспубліканцы. У Невадзе прыхільнікі Трампа сцвярджаюць, што ў Лас-Вегасе і ваколіцах неправамерна былі аддадзены некалькі тысяч галасоў. Але, па дадзеных выдання The Washington Post, замест некалькіх тысяч выпадкаў каманда Трампа змагла прывесці прыклад толькі аднаго чалавека, бюлетэнь якога трапіў не ў тыя рукі і быў запоўнены кімсьці іншым. У цэлым гаворка ідзе пра двайную стратэгію, якая сумяшчае ў сабе юрыдычныя прэтэнзіі і масавую прапаганду. У адрозненне ад 2000 года ў Флорыдзе, калі Джордж Буш у выніку атрымаў верх над Альбертам Горам, у каманды Трампа недастаткова доказаў няправільнага падліку галасоў. На аснове некалькіх выпадкаў яна хоча стварыць уражанне, што гаворка ідзе пра масавую з’яву, — рэзюмуе Der Tagesspiegel.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.