Агляд прэсы: Ахілесава пята



Як беларускія ультрас супрацьстаяць Лукашэнку. Швейцарыя галасуе пра правіла адназначнай адмовы ад донарства. Орбан робіць правакацыйныя намёкі на адрас Харватыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Вайна ва Украіне і рэпрэсіі на радзіме накіравалі заўзятых футбольных фанатаў да пратэстаў, турмы і выгнання. Пасля пратэстаў у жніўні 2020 года сотні ўльтрас былі збітыя і затрыманыя, а пазней адзін быў знойдзены мёртвым пры падазроных абставінах», – разважае брытанскі часопіс New Statesman.

У матэрыяле разглядаецца сітуацыя, калі дзясяткі людзей уцяклі ў суседнюю Польшчу, асноўнае месца прызначэння беларускіх уцекачоў, дзе яны прыстасоўваліся да новай працы, агульных кватэр і замежных стадыёнаў – лёс усё яшчэ больш пераважны, чым лёс членаў фанклубаў, якія засталіся ў беларускіх турмах. Карані гісторыі пераплятаюцца з канфліктам у суседняй Украіне, дзе ў 2014 годзе быў зрынуты яшчэ адзін прарасейскі ўрад.

«Украінскія нацыяналістычныя ўльтрас забяспечылі матор паўстання на Майдане і апынуліся на перадавой наступнай узброенай барацьбы супраць Расеі. У Беларусі меншы ультрарух быў натхнёны расповедамі пра ўкраінскіх футбольных хуліганаў, якія ствараюць гісторыю. Як і ўкраінцы, беларускія ультрас выступілі супраць уплыву Масквы на іх краіну на нацыяналістычных глебах. Хаця Беларускія футбольныя клубы ўзніклі на фабрыках і кааператывах савецкіх часоў, і кіруюць імі, як і большасцю дзяржаўных прадпрыемстваў у краіне, абыякава і неэфектыўна. Яны мала прыносяць сваім уладальнікам прыбытак і пераводзяць сваіх лепшых гульцоў у больш багатыя лігі Казахстана і Расеі. За апошнія некалькі гадоў таксама стаў відавочны ўплыў італьянскіх ультрас, звязаных з больш экспрэсіўным стылем прысутнасці на стадыёнах фанатаў. Як і ўсюды, навабранцаў у ўльтрас у Беларусі прыцягвае абяцанне таварыства, кантраляванага гвалту і калектыўнага гонару. Ультрас у Беларусі таксама прапануюць маладым людзям сродак адмаўлення ад паліцэйскай дзяржавы і яе сімвалаў савецкага часу. Падзеі ва Украіне пацвердзілі, што ўльтрас з’яўляюцца пагрозай для рэжымаў рэгіёну, якія падтрымліваюцца Расеяй. Самае вядомае з гэтых фармаванняў, батальён «Азоў», набраў сваіх першых рэкрутаў з сеткі ўльтрас, звязаных з харкаўскім футбольным клубам «Металіст», – канстатуе брытанскае выданне.

У гэтыя выхадныя ў Швейцарыі прайшоў рэферэндум аб так званым правіле адназначнай адмовы ад донарства органаў. Пакуль што ў краіне дазволена трансплантацыя органаў памерлых людзей, якія пры жыцці далі адназначную згоду на тое, каб пасля смерці стаць донарам. Калі большасць насельніцтва краіны скажа на рэферэндуме «так», то надалей чалавек, які не выказаў пры жыцці адназначнай нязгоды стаць донарам органаў, у выпадку сваёй смерці будзе аўтаматычна лічыцца такім. Мясцовая прэса ўказвае на этычныя аспекты дадзенага пытання.

Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung настойвае на свабодзе індывіда ў прыняцці рашэнняў.

«Любы, жадаючы ахвяраваць свае органы для выратавання людзей, можа і павінен рабіць гэта – у гэтым няма сумневаў. І вельмі важна, каб донар прымаў гэтае рашэнне добраахвотна, па ўласным перакананні. З прыняццем прынцыпу адназначнай нязгоды становішча ў корані зменіцца: з добраахвотнага акта любові да бліжняга і альтруістычнага дзеяння на карысць іншых донарства органаў ператворыцца ва ўстаноўленае дзяржавай правіла. Самавызначэнне і асабістая адказнасць індывіда такім чынам размываюцца, а дзяржаўная ўлада, адпаведна, узмацняецца. Падобная палітыка не мае нічога агульнага з ліберальным уяўленнем пра чалавека», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Кіраўнік урада Венгрыі ўсімі сіламі пярэчыць увядзенню Еўразвязам нафтавага эмбарга ў адносінах да Расеі. Мала таго, што ён устаўляе палкі ў колы Бруселю – зараз Орбан дазволіў сабе адпусціць шпільку і ў адрас Заграба: у адным са сваіх выступаў ён заявіў, што «калі б у нас не адабралі мора, то ў нас зараз быў бы порт». Гэта відавочны намёк на марское ўзбярэжжа Харватыі, якая ў свой час уваходзіла ў склад Каралеўства Венгрыя ў той час часткі Аўстра-Венгерскай імперыі. Орбан завёў гаворку аб порце ў кантэксце паставак нафты: калі Венгрыі прапануюць закупляць гэтую сыравіну не ў Расеі, то тады яе, маўляў, трэба будзе дастаўляць морам. Прэса абураная. Польскае выданне wPolityce адзначае:

«Орбан не ўпершыню дазваляе сабе падобныя выказванні! Яшчэ два гады таму назад мы пісалі аб тым, што кіраўнік венгерскага ўрада апублікаваў у інтэрнэце выяву глобуса , на якім Венгрыя была прадстаўлена ў межах ранейшага каралеўства, якое ўключае ў сябе і Харватыю. Гэты інцыдэнт застаўся тады без належнай увагі, аднак сёння мы знаходзімся ў зусім іншай сітуацыі: у Еўропе віруе вайна. І наўрад ці сёння знойдзецца краіна, гатовая моўчкі назіраць за тым, як нехта займаецца перакройваннем межаў – няхай нават сімвалічна».

Гэтым летам, пасля шасці гадоў палітыкі нулявых ставак, Еўрапейскі цэнтральны банк мае намер злёгку падняць ключавую стаўку, пра гэта заявіла кіраўнік ЕЦБ Крысцін Лагард. Мяркуючы па ўсім, першае павышэнне стаўкі адбудзецца ўжо ў ліпені. Імкнучыся пакласці канец звышмяккай грашова-крэдытнай палітыцы, ЕЦБ мае намер спыніць фінансаваць даўгі дзяржаў еўразоны. Паводле ацэнак аглядальнікаў, ідуць няпростыя часы.

Швейцарская газета Corriere del Ticino піша аб тым, што інвестары знаходзяцца ў няўпэўненасці.

«Цяперашняя нервовасць рынкаў, а таксама палітычных і грашова-палітычных інстанцый тлумачыцца разуменнем таго, што эпоха эканомікі, якая сядзіць на «допінгу» нулявых або нават адмоўных працэнтных ставак і пастаяннага «друкавання новых грошай», падыходзіць да канца. Усе гэтыя меры, уведзеныя пасля 2008 года і ўзмоцненыя падчас пандэміі, прывялі да штучнага росту і змянілі паводзіны эканамічных актараў. Інвестары не ведаюць, куды бегчы, паколькі Федэральная рэзервовая сістэма ЗША паднімае працэнтную стаўку, інфляцыя расце, роўна як і асцярогі з нагоды магчымай рэцэсіі і наступстваў вайны ва Украіне, якая працягваецца», – паведамляе швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]