Агляд прэсы: апошнія ракіроўкі



Расейскія бамбардзіроўшчыкі над Беларуссю. У Германію прыбыла першая партыя амерыканскіх салдат з мэтай абароны Еўропы. Навошта ў ЗША запусцілі фэйк аб «нападзе Пуціна» у першы дзень Алімпіяды. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расейскі ядзерны бамбардзіроўшчык Ту-22М3, які назіраецца з кабіны іншага Ту-22М3 на фотаздымках, пачаў патруляванне Беларусі у суботу падчас трэніровачнай місіі з беларускімі сіламі. Місія была выканана ў той час, калі Крэмль перакідаў войскі з Сібіры і Далёкага Усходу ў Беларусь для сумесных вучэнняў, што дадало страху Захаду адносна магчымага ўварвання ва Украіну», – паведамляе амерыканская газета Northwest Arkansas Newspapers і друкуе свежыя фотаздымкаў паветраных суднаў над Беларуссю.

«Захад заклікаў Расею адвесці каля 100 000 вайскоўцаў з раёнаў паблізу Украіны, але Крэмль у адказ заявіў, што размесціць войскі ўсюды, дзе яму спатрэбіцца, на тэрыторыі Расеі. Па меры росту напружанасці вакол Украіны расейскія вайскоўцы распачалі серыю вучэнняў, якія распаўсюджваюцца ад Арктыкі да Чорнага мора. Увод расейскіх войскаў у Беларусь выклікаў на Захадзе занепакоенасьць тым, што Масква можа напасці на Украіну з поўначы. Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскаму прапагандысту прыменшыў пагрозу вайны, але дадаў, што калі яна ўсё ж выбухне, то «працягнецца максімум тры-чатыры дні», – піша амерыканскае выданне.

Пры гэтым у суботу нямецкая газета Bild апублікавала паведамленне, у якім сцвярджаецца, што Расея гатовая напасці на Украіну з некалькіх бакоў, захапіць буйныя гарады і стварыць марыянетачны ўрад. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава гнеўна адкінула гэтыя абвінавачванні. 

На фоне агульнай напружанасці ў адносінах з Захадам Пуцін у пятніцу прысутнічаў на адкрыцці зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне і сустрэўся з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам, каб умацаваць саюз дзвюх краін.

«ЗША перакінулі ў Нямеччыну першую частку войскаў з мэтай умацавання еўрапейскай абароны», – паведамляе нямецкая газета Der Spiegel. «Салдаты адкрыюць на тэрыторыі ФРГ штаб-кватэру, з якой будуць забяспечваць падтрымку дэсантным войскам у Польшчы. Да таго ж каля 1000 салдат, дыслакаваных у нямецкім горадзе Фільсэк пад Нюрнбергам, будуць адпраўленыя ў Румынію», – адзначае нямецкае выданне.

Раней Пентагон абвясціў аб тым, што адправіць у Польшчу 1700 вайскоўцаў, а ў Германію – яшчэ 300. Пераразмеркаванне ваенных сіл адбываецца ў сувязі з абвастрэннем украінскага крызісу, як тлумачыць нямецкае выданне.

«На фоне ўсяго гэтага Захад працягвае рабіць спробы дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту з Расеяй. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон збіраецца сустрэцца ў панядзелак з Пуціным і пераканаць яго скараціць войскі на мяжы Ўкраіны. Таксама ён плануе з’ездзіць у Кіеў для таго, каб абмеркаваць сітуацыю з Зяленскім. Напярэдадні гэтых візітаў Макрон мае намер узгадніць свае дзеянні з канцлерам Германіі Олафам Шольцам і правесці перамовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Сам жа Шольц плануе прыехаць у Маскву ў сярэдзіне лютага. Да таго ж у Еўропе лічыць важным элементам падключыць да працэсу Польшчу, як краіну, «што пацярпела ад савецкага ярма». Ва Украіне ж рыхтуюцца атрымаць ад ЗША наступную партыю зброі», – паведамляе нямецкае выданне.

Кіеў і Масква абвяргаюць планы нападзення. Аднак уначы 5-га на сайце амерыканскага агенцтва Bloomberg з’явілася паведамленне «Расея ўрываецца ва Украіну». Матэрыял быў пазначаны словам Live: гэта значыць задумвалася, што гэта будзе «гарачы»сюжэт, які абнаўляецца падрабязнасцямі «уварвання».

Загаловак з’явіўся ў калонцы «Апошняе», але не выйшаў на галоўны матэрыял. Праз некаторы час гэтая навіна знікла, а замест яе выйшла абвяржэнне.

«Мы рыхтуем загалоўкі для многіх сцэнарыяў, і загаловак «Расея ўрываецца на Украіну» быў выпадкова апублікаваны сёння каля 4 гадзін вечара па ўсходнім часе (каля 23:00 па Кіеве) на нашым вэб-сайце. Мы глыбока шкадуем аб гэтай памылцы. Загаловак быў выдалены, і мы расследуем прычыну», — паведамілі ў амерыканскім агенцтве.

«Але неяк складана растлумачыць тое, што здарылася памылкай. Па-першае, тэма вельмі вострая і канфліктная. І відавочна, што публікацыі на прадмет пачатку любой вайны – тым больш, у Еўропе – павінны вельмі жорстка кантралявацца рэдакцыяй. То бок, верагоднасць выпадковага выхаду такой навіны, ды яшчэ і ў адным з самых уплывовых СМІ, ураўноўваецца практычна нулю. Па-другое, нататка выйшла ў дзень адкрыцця алімпіяды ў Пекіне, якую амерыканцы байкатуюць. Што ўжо само па сабе выглядала сімвалічна. І запусціла падазрэнні ў нейкай наўмыснай акцыі, і канчаткова сапсавала адкрыццё Алімпіяды», – лічыць украінскае выданне Страна.

Праваахоўныя органы Грэцыі спынілі расследаванне ў дачыненні да яшчэ двух палітыкаў, супраць якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па абвінавачванні ва ўдзеле ў супрацьпраўных дзеяннях кампаніі Novartis. У мінулым месяцы грэцкія ўлады абвінавацілі ў парушэнні закона журналістаў Костаса Ваксеваніса і Іаану Пападаку, якія выкрылі карупцыйныя схемы. Журналісты былі выкліканыя на допыт да пракурора па асобых справах. Грэцкая прэса адлюстроўвае дыяметральна супрацьлеглыя погляды на гэтую справу. Костас Ваксеваніс, выдавец штотыднёвіка Documento і адзін з абвінавачаных па справе, дзеліцца меркаваннем на старонках газеты.

«Нешта не так з нашай судовай уладай, якая, па ўсёй бачнасці, становіцца інструментам у руках сістэмы, якая становіцца ледзь не паралельнай дзяржавай. Юстыцыя пераследуе журналістаў, якія раскрылі скандал, скажаючы рэальнасць такім чынам, што гэта пагражае не толькі канкрэтным людзям, але і самой дэмакратыі. Давайце паглядзім праўдзе ў вочы: тыя ж сведкі, ці некаторыя з іх, прадставілі амерыканскім судовым органам тыя ж самыя доказы, і суд у выніку справядліва вынес Novartis абвінаваўчы прысуд. Дык як жа атрымліваецца, што ў нашай «Калумбіі на Балканах» пры дапамозе судовай сістэмы можна ўсё перавярнуць з ног на галаву?», – задаецца пытаннем грэцкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]