Агляд прэсы: асаблівы інтарэс



Імпарт Літвы з Беларусі рэзка кантрастуе з санкцыйнай пазіцыяй. У Турцыі інфляцыя б’е ўсе рэкорды. 20 гадоў еўра. Як змагацца з амікронам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Літоўскае выданне lrt.lt публікуе нечаканыя вынікі году: «Летась Літва, Латвія і Эстонія імпартавалі з Беларусі рэкордныя або блізкія да рэкорду аб’ёмы тавараў, нягледзячы на цвёрдую пазіцыю трох балтыйскіх краін адносна санкцый супраць менскага рэжыму.

Выданне падкрэслівае, што, да прыкладу, Беларусь у Эстонію летась імпартавала беларускіх тавараў на 522 мільёны еўра, што ўдвая перавышае ўзровень імпарту 2020 года. Ён перавысіў папярэдні пік 2018 году больш, чым на пятую частку.

«Імпарт Латвіі з Беларусі ў 2021 годзе быў на дзве траціны больш, чым у папярэднім годзе, склаўшы 407 мільёнаў еўра, што ўсяго на два працэнты ніжэй за пік 2011 года. У 2020 годзе Літва імпартавала з Беларусі тавараў на 1 мільярд еўра, што на 50 працэнтаў больш у параўнанні з годам раней. Узровень імпарту быў на траціну вышэйшы за папярэдні пік у 2015 годзе», – таксама канстатуе брытанская газета Financial Times.

Абодва СМІ падкрэсліваюць, што многія лагістычныя і транспартныя кампаніі ў краінах Балтыі маюць шчыльныя адносіны з беларускім дзяржаўным бізнесам і заўсёды карыстаюцца магчымасцямі дадатковага заробку, калі няма ціску з боку ўрадаў.  Выданні заклікаюць краіны Балтыі не марнаваць свой палітычны капітал і аўтарытэт дзеля некалькіх сотняў мільёнаў еўра, якія іх бізнэс мог бы зарабляць кожны год, працягваючы мець справу з Беларуссю.

У снежні 2021 году інфляцыя ў Турцыі склала цэлых 36 працэнтаў, пасля Новага году за ёй рушыла ўслед павышэнне тарыфаў на электраэнергію, а таксама рост выдаткаў на арэнду: для эканомных хатніх гаспадарак электрычнасць падаражэла на 50 працэнтаў, а тым, хто спажывае звыш 150 квтч у месяц, цяпер даводзіцца плаціць ажно на 130 працэнтаў больш. Прыродны газ, бензін, праезд па платных аўтастрадах і сацыяльнае жыллё імкліва даражэюць. 

«Падзеі нядаўняй турэцкай гісторыі павінны прымусіць Эрдагана задумацца», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«У апошні раз тэмпы падаражэння дасягалі такога ўзроўню ў 2002 годзе, на гэтую вясну эксперты прадракаюць інфляцыю ў 40 працэнтаў. І гэта, напэўна, хвалюе Эрдагана куды больш, чым крытыка наконт палітычных рэпрэсій, якія ім ажыццяўляюць. Абясцэньванне валюты, якое мела месца ў 2002 годзе, прывяло не толькі да росквіту карупцыі і іншых праяваў карозіі ў грамадстве, але да і краху тагачаснага секулярнага ўраду, у выніку чаго сам Эрдаган і прыйшоў да ўлады», – намякае нямецкае выданне.

У студзені 2002 года ў наяўнае абарачэнне была ўведзена новая валюта – еўра. Сёння, праз 20 гадоў, свае паўсядзённыя выдаткі гэтай валютай аплачваюць 340 мільёнаў грамадзян 19 дзяржаў ЕЗ. У сферы міжнародных плацяжоў еўра займае пазіцыю, параўнальную з пазіцыяй даляра ЗША. Ад першапачатковага скепсісу не засталося і следу, аднак, мяркуючы па некаторых каментарах, сякія-такія сумневы з нагоды агульнай валюты рассеяць так і не ўдалося.

«Сённяшні юбілей не без заганы», – адзначае ірландская газета Irish Examiner.

«На фоне росту даўгоў, недахопу спецыялістаў і тавараў, крызісу ўлады, экалагічнай палітыкі, якую яшчэ трэба фінансаваць, і патэнцыйнай ваеннай нестабільнасці пры ўдзеле Кітая і Расеі, сам еўра і Еўрапейскі цэнтральны банк маюць няпростыя часы. Турбулентнасць можа дасягнуць куды больш высокага ўзроўню, чым тое было ў момант увядзення еўра, калі новая валюта толькі з’явілася на свет – новенькая і бліскучая. У еўразону павінны ўступіць яшчэ сем краін ЕЗ (толькі Данія настойвае на сваім выключным праве), аднак усе яны маюць права самі вырашаць, у які момант гэта зрабіць. Улічваючы ўсю нявызначанасць гэтага моманту, наўрад ці варта чакаць, што гэта адбудзецца ў 2022 годзе», – адзначае ірландскае выданне.

На фоне распаўсюджвання штаму амікрон у многіх краінах рэзка пайшла ўверх статыстыка заражэнняў. Пры гэтым працэнт шпіталізацыяў пакуль застаецца нізкім. Як паказваюць клінічныя даследаванні на мышах і хамяках, новы штам у цэлым выклікае менш цяжкае працяканне захворвання, чым папярэднія варыянты каронавірусу. 

“На фоне пандэміі стала асабліва відавочным, што людзі здольныя самастойна прымаць рашэнні”, – такім назіраннем дзеліцца  гішпанская газета La Vanguardia.

«Людзі вырашылі кіравацца разумным сэнсам: апранаць маскі пры выглядзе небяспекі, пазбягаць навалы людзей і не скупіцца пры заключэнні страхоўкі або аплаце неабходных тэстаў. Карацей кажучы, людзі самі шукаюць спосабы абараніць сябе і прымаюць меры, апроч рэкамендаваных непрадказальнымі профільнымі ведамствамі. Калі вірус не сыдзе сам сабой, то не выключана, што кожны проста павінен дзейнічаць так, як лічыць патрэбным”, – папярэджвае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка