Агляд прэсы: ацвярожванне на развітанне
Усход ЕЗ абвінаваціў Беларусь у выкарыстанні мігрантаў у «гібрыднай атацы». Ці варта дапамагаць краіне, у якой пануюць талібы? Мэркель у Маскве і Кіеве: апошні візіт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскае выданне Bloomberg сочыць за тым, як Еўрапейскі звяз заклікае сваіх калегаў да неадкладнага дыпламатычнага, фінансавага і тэхнічнага адказу на тое , што называюць «гібрыднай атакай Беларусі».
Выданне адзначае, што пачынаючы з траўня, калі Лукашэнка заявіў, што будзе адказваць супраць санкцый ЕЗ і намаганняў Польшчы і Літвы дапамагчы сваім дэмакратычным палітычным канкурэнтам, якія ўцяклі ад разгону пасля выбараў у мінулым годзе, колькасць нелегальных мігрантаў, якія перасякаюць мяжу Беларусі ў еўраблок вырасла.
«Толькі за апошні месяц у Польшчу прыехала больш за 2000 чалавек без дакументаў, у асноўным з Блізкага Усходу і Афганістану. З нечакана хуткім захопам Афганістану талібамі, што павялічыла перспектыву новай хвалі мігрантаў, суседнія з Беларуссю дзяржавы ЕЗ выступілі з сумеснай дэкларацыяй і прасілі дапамогі. Выкарыстанне імігрантаў для дэстабілізацыі суседніх краін з’яўляецца відавочным парушэннем міжнароднага права. Цяперашні крызіс быў спланаваны і сістэматычна арганізаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі», – адзначае Bloomberg.
На фоне ўсталявання ўлады талібаў і пагрозы грамадзянскай вайны многія афганцы спешна пакідаюць краіну. Акрамя гэтага, у краіне пануе зацяжная засуха, і насельніцтва фактычна знаходзіцца на мяжы голаду. Пакуль заходнія краіны спрабуюць вывозіць з Афганістану сваіх грамадзян і супрацоўнікаў з ліку мясцовых жыхароў, шырацца дыскусіі аб тым, як можна было б дапамагчы людзям, якія засталіся ў краіне, і ці не варта ў прынцыпе перагледзець канцэпцыю дапамогі краінам, якія развіваюцца.
«І пры талібах краіна будзе мець патрэбу ў гуманітарнай дапамозе», – лічыць нідэрландская газета Handelsblad.
«Проста забудзьцеся пра такія гучныя словы, як «дэмакратыя» і «будаўніцтва нацыі». Пачніце з простых і канкрэтных рэчаў. Развіццё сельскіх рэгіёнаў і забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання – вось што павінна стаць прыярытэтам, у тым ліку і для талібаў. І спрацуе гэта толькі ў тым выпадку, калі моцныя дзяржавы дамовяцца не забяспечваць талібаў зброяй або грашыма. А таксама калі будзе пакладзены канец гандлю опіюмам. Фінансавая падтрымка узброеных фарміраванняў – крыніца тэрору і нестабільнасці ў сельскіх рэгіёнах. У доўгатэрміновай перспектыве ў падобным раскладзе не зацікаўлены аніхто», – падсумоўвае нідэрландскае выданне.
Ангела Меркель здзейсніла свой апошні дзяржаўны візіт у Маскву. Пасля яна накіравалася ў Кіеў і сустрэлася там з прэзідэнтам Зяленскім. Аднак на канферэнцыю Крымская платформа , на якой абмяркоўвалася пытанне будучыні анэксаванай паўвыспы, Мэркель не засталася. Які ж вынік абодвух развітальных візітаў?
«Расея працягне актыўна процідзейнічаць НАТО», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung і разважае пра тое, дзе цяпер будзе разгортвацца гэта супрацьстаянне.
«Афганістан, у якім НАТО пацярпела поўнае з усіх сваіх паражэнняў, ці ледзь стане цэнтральнай арэнай гэтага суперніцтва: краіна не мае для гэтага дастатковага стратэгічнага значэння. Куды больш значным у гэтым плане з’яўляецца ўкраінскае пытанне. Нядаўнія ваенныя манеўры Пуціна і яго спробы адмовіць Украіне ў самастойнасці і незалежнасці відавочна сведчаць аб тым, што ён гэтую краіну ў супакоі не пакіне. Меркель адрэагавала на анэксію Крыма рашучымі санкцыямі, якія, па ўсёй верагоднасці, змаглі прадухіліць горшае. Цяпер чарга за яе пераемнікам, ён ці яна павінны праявіць тую ж цвёрдасць», – рэзюмуе нямецкае выданне.
«У Канадзе засуха, у Еўропе багатыя дажджы: экстрэмальныя ўмовы надвор’я ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы выклікаюць апасенні з нагоды недахопу пшаніцы цвёрдых гатункаў, якая служыць асновай для вытворчасці макаронных вырабаў і маннай крупы. Расея можа скарыстацца такой сітуацыяй, каб заняць новае месца ў якасці сусветнага гіганта па вытворчасці пшаніцы», – піша французская газета Marianne.
«Змена клімату ставіць пад пагрозу рынак макаронных вырабаў. Французскі Звяз вытворцаў макаронных вырабаў (Sifpaf) і Камітэт па вытворчасці маннай крупы (CFSI) падкрэсліваюць катастрафічныя наступствы занадта моцных дажджоў у Еўропе і беспрэцэдэнтнай засухі ў Канадзе. Пацярпелая ад моцнай спёкі, якую называюць »цеплавым купалам», Канада рызыкуе страціць траціну сваёй вытворчасці пшаніцы цвёрдых гатункаў. А гаворка ідзе аб найбуйнейшым у свеце экспарцёры, на якога прыпадае дзве траціны сусветных продажаў», – перадае аўтар артыкулу.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
