Агляд прэсы: бег на месцы



Ірландскі прэм’ер-міністр заявіў, што роля Беларусі ў пасадцы Ryanair была «бандытызмам». Што чакаць ад сустрэчы лідараў ЗША і Расеі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У мінулым месяцы Беларусь правяла акт „бандытызму”, перахапіўшы рэйс авіякампаніі Ryanair», – цытуе словы прэм’ер-міністра Ірландыі Майкла Марціна амерыканскае выданне Bloomberg. «Гангстэрызм, які мы бачылі ў выніку захопу самалёта ў мінулым месяцы, паказвае рэжым, супрацьлеглы моцнаму. Лукашэнка слабы, як і рэжым. Гэта занадта слаба, каб паважаць уласны народ альбо паважаць асноўныя законы», – піша амерыканскае выданне. У матэрыяле падкрэсліваецца, што ЗША, ЕЗ і Вялікабрытанія патрабуюць вызвалення журналіста Рамана Пратасевіча, якога на мінулым тыдні паказвалі па дзяржаўным тэлебачанні Беларусі, дзе ён быццам прызнаваўся ў меркаваных злачынствах і хваліў Лукашэнку. Крытыкі рэжыму заявілі, што на запясцях Пратасевіча ў эфіры былі прыкметы катаванняў. «Еўрапейскі звяз гатовы прапанаваць санкцыі супраць больш чым 70 чалавек і арганізацый у свежым раўндзе карных мер, накіраваных на рэжым у Беларусі. Гэты крок – наступны крок як адказ ЕЗ. Новыя меры накіраваны на 71 асобу, у тым ліку суддзяў і пракурораў, якія ўдзельнічалі ў вынясенні прысудаў удзельнікам акцый пратэстаў а таксама парламентарыяў, прадстаўнікоў дзяржаўных і праваахоўных органаў, а таксама кіраўнікоў прадпрыемстваў, звязаных з рэжымам», – піша Bloomberg.

***

Каментуючы плануемую на гэтым тыдні сустрэчу прэзідэнтаў Расеі і ЗША, брытанская газета The Times у рэдакцыйным артыкуле адзначае, што «на кану стаяць істотныя геапалітычныя праблемы, у якіх Расея пастаянна падрывала сваіх суседзяў і заходнія інтарэсы. «Адзіны надзейны спосаб нармалізацыі адносін – гэта паказаць кіраўніцтву Расеі, што агрэсія будзе сустрэта цярплівым стрымліваннем, а не патураннем», – лічыць выданне. «Простай сустрэчай з Пуціным, Байдэн надае яму пэўную ступень міжнароднай значнасці. Тым не менш, гэта непазбежны кампраміс у тым, што саюзнікі Амерыкі захочуць убачыць у якасці вынікаў гэтай сустрэчы. У той час, калі Кітай звяртаецца да марскіх правакацыяй і агрэсіўнай дыпламатыі, Байдэну неабходна стабілізаваць адносіны з Расеяй і гарантаваць, што заходнія дэмакратыі не сутыкнуцца адначасова з двума экспансіянісцкімі выклікамі», – гаворыцца ў артыкуле. The Times лічыць, што Байдэн павінен выразна даць зразумець, што ЗША будуць працягваць умацоўваць абарону той жа Польшчы і краін Балтыі ды не перастануць абараняць правы чалавека і прававыя нормы ў іншых краінах.

***

З тэхнічнага пункту гледжання разглядае сустрэчу Байдэна і Пуціна ў Жэневе швейцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung. Паводле выданне, Жэнева ўжо шмат гадоў славіцца як логава шпіёнаў. «Калі з візітам сюды прыбудуць два самых магутных чалавека ў свеце, спецслужбы актывізуюцца па-сапраўднаму. Іх метады нагадваюць фільмы пра Джэймса Бонда, і мы можам стаць відавочцамі зорнага часу сусветных напрацовак выведкі», – піша швайцарскае выданне. «Тое, пра што паведамяць афіцыйна, будзе толькі малой часткай. Астатняе Байдэн і Пуцін абмяркуюць «за кулісамі». Таму важна ведаць, што нават класічны жучок, які можна ўбачыць у фільмах пра Джэймса Бонда, яшчэ не састарэў. У колах спецслужбаў кажуць пра «кітайскай сумесі» – гэта значыць, калі на адну тону бетону памяшканняў, у якіх будуць сустракацца дэлегацыі, прыпадае адзін жучок», – перадае Neue Zürcher Zeitung.

***

«Паводле афіцыйных падлікаў, ужо на дадзены момант гэтага года ад Covid-19 памерла больш людзей, чым за ўвесь 2020 год, і гэта падкрэслівае, што глабальная пандэмія яшчэ далёкая ад завяршэння», – піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal. «Колькасць ахвяр кавіду перайшла адзнаку 1,88 млн выпадкаў смерці, і гэта толькі за паўгады. Гэтыя лічбы падкрэсліваюць, наколькі нераўнамерна пандэмія распаўсюджвалася па зямным шары, паглынаючы больш бедныя краіны пазней, якія са спазненнем атрымалі доступ да вакцынаў. У той час як заходнія краіны, такія як ЗША, Канада і Вялікабрытанія, адзначаюць нізкі ўзровень захворвання і зніжэнне смяротнасці, дзякуючы масавай вакцынацыі, узмацненне пандэміі ў некаторых частках Азіі і Лацінскай Амерыкі прывяло да росту смяротнасці ва ўсім свеце», – гаворыцца ў артыкуле. Выданне прыводзіць дадзеныя аб тым, што толькі 2% людзей у Афрыцы і крыху больш за 6% у Азіі атрымалі хаця б адну дозу вакцыны. Для параўнання: іх 22% у Паўднёвай Амерыцы, больш за 40% у ЕЗ і больш за 50% у ЗША. Па дадзеных СААЗ, Гаіці, самая бедная краіна ў Заходнім паўшар’і, яшчэ не зрабіла ніводной прышчэпкі.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.