Агляд прэсы: «белымі ніткамі»



Беларусь абвінавачваюць у пропуску нелегальных мігрантаў у ЕЗ. СМІ разважаюць напярэдадні сустрэчы Пуціна і Байдэна: чаго чакаць? Ізраіль: урад без Нетаньяху? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Bloomberg паведамляе, што Літва абвінаваціла Беларусь у тым, што тая дазволіла нелегальным мігрантам перасякаць яе межы з Еўрапейскім Звязам. Выданне прыводзіць афіцыйныя дадзеныя памежнага кантролю Літвы, якія паказалі, што колькасць нелегальных мігрантаў, у асноўным з Іраку, якія перасякаюць Беларусь, павялічылася да 189 чалавек за першыя пяць месяцаў 2021 года ў параўнанні з 81 чалавекамі за ўвесь мінулы год. «Падобныя патокі чачэнцаў і сірыйцаў былі зарэгістраваны ў Польшчы, якая разам з Літвой з’яўляецца адным з самых гучных крытыкаў Беларусі пасля выбараў 2020 года, прызнаных большасцю еўрапейскіх краін нелегітымнымі. Насцярожвае тое, што калі ў беларускага боку пытаюцца пра нелегальных мігрантаў на іх баку, суседнія краіны чуюць адказы: «Не, мы нічога не бачылі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

16 чэрвеня прэзідэнты Расеі і ЗША плануюць сустрэцца ў Жэневе. Пуцін ужо прыняў адпаведнае запрашэнне Байдэна. На сустрэчы лідары абедзвюх краін збіраюцца пагаварыць пра пандэмію каронавірусу, рэгіянальныя канфлікты, ядзернае ўзбраенне і двухбаковыя адносіны. Так заявіў расейскі бок. Аглядальнікі разважаюць пра тое, ці рэальна пераадолець астужэнне ў адносінах дзвюх дзяржаваў. Чэшская газета Český rozhlas не чакае прарыву ў расейска-амерыканскіх адносінах: «Амерыканцы хацелі б зрабіць дзеянні Расеі на міжнароднай арэне больш прадказальнымі, а Расейская Федэрацыя жадае вярнуць хоць бы бачнасць свайго мінулай вагі ў якасці звышдзяржавы. Паколькі па сваіх эканамічных паказніках Расея сёння з’яўляецца хутчэй рэгіянальнай дзяржавай і спрабуе дасягнуць для сябе перавагаў за кошт непрадказальнасці сваіх дзеянняў, не адбудзецца ні той, ні іншы варыянт. … Агульныя чаканні – самыя сціплыя за апошнія 30 гадоў. І ў канчатковым выніку ўсё будуць рады ўжо таму, што два прэзідэнты сустрэнуцца, паглядзяць адзін аднаму ў вочы і паціснуць адзін аднаму рукі».

***

Па заканчэнні амаль двух месяцаў пасля парламенцкіх выбараў у Ізраілі ў краіне акрэсліліся контуры магчымага ўраду – супраць дзейнага прэм’ера Біньяміна Нетаньяху і без яго ўдзелу. Лідару ліберальнай апазіцыі Яіру Лапіду ўдалося схіліць да саюзніцтва альянс правых партый Яміна: у якасці ўзнагароды лідар блоку Яміна Нафталі Бэнэт атрымае на два гады пасаду прэм’ер-міністра. Якія перспектывы шырокага альянсу, які аб’ядноўвае настолькі розныя сілы? Еўрапейская прэса настроена скептычна. «Нават калі ва ўрад увойдзе апазіцыйны альянс, а Нафталі Бэнэт стане прэм’ерам, не варта чакаць дрэйфу краіны налева», – піша брытанская газета The New Statesman. «Бэнэт і Нетаньяху шмат у чым уяўляюць адну і тую ж ідэалогію, а менавіта: падтрымку будаўніцтва паселішчаў, катэгарычнае непрыманне ідэі стварэння палестынскай дзяржавы і станоўчае стаўленне да анэксіі хаця б часткі тэрыторыі Заходняга берага ракі Ярдан. Калі Нетаньяху будзе змешчаны, то здарыцца гэта не таму, што краіна прагаласавала за левых, але таму, што яго ўпартае жаданне застацца ў крэсле прэм’ера любой цаной раскалола лагер правых на дзве часткі: за і супраць Нетаньяху», – адзначае брытанскае выданне.

***

Ужо некалькі тыдняў паверхня Мармуровага мора пакрыта густым бялявым налётам слізі, якая выдзяляецца багавіннем і якая сведчыць пра высокі ўзровень забруджвання вады. З паветра можна ўбачыць гіганцкія белыя дываны так званай «марской сліны». Эколагі, рыбакі і палітыкі б’юць трывогу. Турэцкія СМІ наракаюць на бязладнасць гаспадарчых суб’ектаў і бестурботнасць цэнтральных уладаў, якія настойваюць на рэалізацыі сваіх планаў па будаўніцтве новага каналу. «Пад пагрозай апынулася ўся экасістэма рэгіёну», – піша турэцкая газета Milliyet. «Васьміногі, багавінне, марская трава – усё гэта пакрыта сліззю. Расліны не ў стане ажыццяўляць працэс фотасінтэзу. Запасы кіслароду ў вадзе практычна вычарпаныя, а дзе-нідзе кіслароду наогул не засталося. Рыба задыхаецца. Прычыны, па якіх Мармуровае мора апынулася на мяжы выжывання, наступныя: змена клімату і павышэнне тэмпературы; забруджванне ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. 50 адсоткаў турэцкай прамысловасці сканцэнтравана ў рэгіёне Мармуровага мора. Пры гэтым ачышчальных збудаванняў там, як правіла, няма. Бруд і атруты на працягу цэлага дзесяцігоддзя проста скідаюцца ў моры. Называецца гэтая ганебная практыка «разгрузка ў глубокаводдзе». Калі дзяржава не прыме тэрміновых мер, марская слізь у хуткім часе дабярэцца і да поўдня – да Эгейскага і Міжземнага мораў», – папярэджвае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.