Агляд прэсы: дамовіцца ў апошнюю хвіліну



Польшча і Венгрыя ў катэгарычным стаўленні да мігрантаў з Беларусі. Крызіс вакол Украіны: ці знойдзена рашэнне? У Італіі Берлусконі адклікаў сваю кандыдатуру. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Польшча жадае дабраславення Еўразвязу, каб абмежаваць права людзей на прытулак, калі яны пранікнуць з Беларусі, сярод іншых «надзвычайных» мераў», – піша еўрапейскае выданне EUobserver.

Выданне адзначае, што Польшча хацела б дадаць у тэкст артыкулу, які дае мажлівасць грамадзянам трэціх краін і апатрыдам, якія незаконна перасеклі мяжу з Беларуссю, толькі ў вызначаных месцах — памежных пунктах падаваць просьбы аб прытулку. Таксама прапануецца пакідаць заявы аб міжнароднай абароне без разгляду, калі яна была пададзена замежнікам, затрыманым адразу пасля незаконнага перасячэння знешняй мяжы ЕЗ.

«Мяркуецца, што такая рэдакцыя законаў вырашаць надзвычайную сітуацыю на знешняй мяжы ЕЗ з Беларуссю. Маецца інфармацыя пра вялікія групы, якія чакаюць магчымасці яшчэ раз паспрабаваць увайсці ў ЕЗ. Так што ў Лукашэнкі ёсць магчымасці працягваць гэты цырк. Са свайго боку, Венгрыя ў перамовах аб ЕЗ была яшчэ больш яркая, чым Польшча, і прапанавала дазволіць часовыя абмежаванні на доступ да прытулку. Германія, Партугалія і Швецыя заявілі, што заяўкі на прытулак людзей, якія прыбываюць у ЕЗ, разглядаюцца надалей.  Застаецца высветліць, як будзе развівацца сітуацыя з мігрантамі ў Беларусі разам з расейска-ўкраінскай напружанасцю. Але што б ні адбывалася далей, ЕЗ пакуль не падрыхтаваны, каб справіцца з гэтым», – заклікае еўрапейскае выданне.

У  Жэневе адбылася сустрэча дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена і кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова. Тэмай гутаркі стала напружанасць, якая абвастрылася ў сітуацыі вакол Украіны. Расея патрабуе гарантый непашырэння НАТА на ўсход, а таксама далейшага неразмяшчэння войскаў альянсу каля сваіх межаў. Афіцыйных паведамленняў аб выніках сустрэчы пакуль няма. Еўрапейскія СМІ адрозніваюцца ў сваіх ацэнках і прагнозах.

«Камуністычная партыя Расеі ўнесла ў Дзярждуму прапанову прызнаць незалежнасць Данецка і Луганска. Гэта можа стаць штуршком да пачатку вайны», – лічыць румынская газета Republica.ro.

«Калі Пуціну не спадабаецца адказ, які ЗША і іншыя сябры НАТА дадуць на ягоныя патрабаванні адносна непашырэння альянсу на ўсход, то тады Масква можа ператварыць Данбас у казус белі (паняцце з міжнароднага права, якое азначае фармальнае юрыдычнае абгрунтаванне аб’яўлення вайны). Калі Расея прызнае незалежнасць рэгіёнаў Данецк і Луганск, то яны стануць міжнароднымі партнёрамі Расейскай Федэрацыі. А гэта азначала б, што кожны стрэл, зроблены ў бок Данецка і Луганска, стаў бы для расейскага войска падставай «выступіць у абарону», – адзначае румынскае выданне.

Берлусконі адмовіўся ад намеру балатавацца наўпрост напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў: у суботу 85-гадовы экс-прэм’ер-міністр Італіі зняў сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка дзяржавы. Па меркаванні шэрагу аглядальнікаў, гэты яго крок азначае сабой паваротны момант у гісторыі краіны.

«Прынамсі краіне не давядзецца перажыць кашмар у асобе Берлусконі-прэзідэнта», – піша нямецкая газета Der Tagesspiegel.

«Стаўшы прэзідэнтам, Берлусконі, без усялякіх сумневаў, працягнуў бы нападкі на суддзяў і прававую дзяржаву, знявагу жанчын, а таксама па-ранейшаму спрыяў бы сваім дзелавым інтарэсам. Ён ужо быў асуджаны на чатыры гады за ўхіленне ад падаткаў. Па-сапраўднаму засмучае тут нават не тое, наколькі разадзьмутае эга гэтага чалавека і наколькі ён адарваны ад рэальнасці. Жахліва тое, што правыя палітычныя сілы гатовы былі ўзнесці і пасадзіць яго ў прэзідэнцкае крэсла, калі б ён атрымаў дастатковую колькасць галасоў. Гэта – правыя, з вуснаў якіх раз-пораз гучаць словы «гонар» і «парадак» – менавіта што толькі словы! І ў якіх ёсць усе шанцы на тое, каб займець большасць галасоў на парламенцкіх выбарах 2023 года. Зразумела адно: над Італіяй па-ранейшаму лунае берлусканізм», – папярэджвае нямецкае выданне.

Кіраўнік ЕЦБ Крысцін Лагард прызналася, што ўзначалены ёю інстытут недаацаніў размах інфляцыі. Аднак, па словах Лагард, зараз ЕЦБ зыходзіць з таго, што тэмпы інфляцыі ў бягучым годзе знізяцца, таму неабходна дачакацца новых прагнозаў па інфляцыі і кан’юнктуры, якія чакаюцца на сакавік месяц, перш чым прымаць рашэнне аб змене грашова-крэдытнай палітыкі. Аглядальнікі ў асноўным настроены скептычна.

На думку ірландскай газеты Irish Examiner, старшыня ЕЦБ занадта паспешна і легкадумна абвяргае ідэю аб прыняцці мераў па барацьбе з інфляцыяй.

«Па дадзеных статыстычнага ведамства Ірландыі, у снежні кошты падскочылі на 5,5 адсоткі, што стала самым высокім паказчыкам з красавіка 2001 года. Германія, краевугольны камень еўрапейскай эканомікі, у гэтым месяцы зафіксавала спажывецкую інфляцыю на ўзроўні 5,3 адсоткі. Цэны на энерганосьбіты шмат у чым залежаць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя паміж Украінай, Расеяй і НАТА. Так што было б лепш, калі б ЕЦБ не выказваўся настолькі саманадзейна», – піша ірландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]