Агляд прэсы: „давай пагаварым”



Як рэжым Беларусі кінуў выклік Амбасадарцы ЗША. Горкі чакаляд ад Беларусі: рэклама паміж «інтэрв’ю пад катаваннямі». Венгрыя: мэр Будапешта – канкурэнт Орбана? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Паколькі адносіны паміж Захадам і Беларуссю разбураюцца, амерыканскаму амбасадару забаронены ўезд у краіну. А былі часы, калі ў лютым 2020 года тагачасны дзяржсакратар Майк Пампеа наведаў з гістарычным візітам Беларусь. Мэта была нармалізацыя сувязяў з аўтарытарнай краінай як сродку для прытуплення ўплыву Расеі і Кітая ва Усходняй Еўропе», – піша амерыканскі часопіс Foreign Policy.

Выданне адзначае, што крыху больш за год, пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, жорсткага разгону масавых акцый пратэсту і нахабнага захопу авіялайнеру – старанна распрацаваны план збліжэння паступова знікае. Больш за тое, доўгачаканы этап адпраўкі амбасадара ў Менск дасягнуў сур’ёзнай праблемы: Беларусь нават не пусціла яе ў краіну.

«Сітуацыя амбасадаркі ЗША ў Беларусі, кар’ернага дыпламата Джулі Фішэр, унікальная і ўсё больш складаная: кіраванне пасольствам, у якое ёй не дазволена ступаць, і нагляд за адносінамі з краінай, якая забараніла ёй уезд. Амбасадарка ЗША выступае за дэмакратыю ў Беларусі, а таму працягвае чакаць візу ад рэжыму», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

 

Дзяржаўны тэлеканал Беларусі АНТ паказаў вялікае інтэрв’ю з арыштаваным Раманам Пратасевічам. У ім 26-гадовы блогер і крытык рэжыму, часам з цяжкасцю стрымліваючы слёзы, прызнаецца ў тым, што, маўляў, арганізоўваў пратэсты супраць Лукашэнкі, якім ён наогул захапляецца. На думку многіх, у тым ліку і беларускіх апазіцыянераў, якія знаходзяцца ў эміграцыі, роўна як і бацькоў Пратасевіча, відавочна, што Пратасевіч даў гэта ‚інтэрв’ю’ пад катаваннямі.

«Набываючы рэкламны час на беларускіх дзяржтэлеканалах, кампанія Nestlé дэ-факта падтрымлівае рэжым Лукашэнкі», – піша газета Tages-Anzeiger.

«АНТ фінансуецца не толькі беларускай дзяржавай. Тэлеканал атрымлівае вялікія даходы ад рэкламы, у тым ліку і ў першую чаргу, ад рэкламы кампаніі Nestlé. Калі рэкламныя ролікі іншых кампаній дэманструюцца ў рэкламных блоках толькі аднойчы, то ролікаў з рэкламай прадуктаў Nestlé ў гэтых блоках заўсёды два, а то і тры. Нават калі Nestlé ніяк не ў стане паўплываць на дзяржаўную палітыку і праграму тэлеканалу, тым не менш, кампанія, галоўны офіс якой размешчаны ў швейцарскім Веве, не можа не ўсведамляць, на падтрымку якога рэжыму ідуць грошы, якія яна марнуе на гэтыя аб’явы. Той факт, што тэлеканалы АНТ або Беларусь 1 гуляюць істотную ролю ў падтрымцы рэпрэсіўнага апарата Лукашэнкі, ні для каго не з’яўляецца сакрэтам», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

 

Прадстаўнік левага лагера і мэр Будапешта Гергіеў Карачонь мае намер на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах вылучыцца ў якасці агульнага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Карачонь абвясціў аб заснаванні Альянсу 99 (маючы на ўвазе 99 адсоткаў насельніцтва). У мінулым годзе найбуйнейшыя апазіцыйныя партыі Венгрыі, якія прадстаўляюць самыя розныя адценні палітычнага спектру, прынялі рашэнне выступіць на парламенцкіх выбарах 2022 года адзіным фронтам і разам даць адпор партыі Фідэс, якую ўзначальвае прэм’ер-міністр Орбан і якая знаходзіцца ва ўладзе з 2010 года.

«Той факт, што Гергіеў Карачонь кіруецца не матывамі помсты, дае надзею», – піша венгерская газета Népszava.

«Разважлівыя людзі ў Венгрыі не жадаюць ані халоднай, ані гарачай грамадзянскай вайны. Магчыма, гэта апошні шанец краіны спыніць правую рэвалюцыю шляхам выбараў і вярнуцца ў дэмакратычную Еўропу ўжо чацвёртай рэспублікай», – падкрэслівае венгерскае выданне.

 

У суботу міністры фінансаў краін Вялікай сямёркі ўзгаднілі ўвядзенне агульнасусветнага мінімальнага падатку на транснацыянальныя карпарацыі ў памеры 15 адсоткаў. Цяпер міжнародныя кампаніі павінны будуць па большай частцы плаціць падаткі там, дзе яны атрымліваюць найбольшы прыбытак, а не толькі там, дзе размешчана штаб-кватэра той ці іншай кампаніі, як тое мела месца раней. Як заявілі самі міністры, рэформа мае гістарычны характар. У гэтай ацэнцы прэса з імі згодная. Аднак гучаць і галасы, якія сумняюцца ў тым, што падобная мера і на самай справе здольная паставіць заслону практыцы сыходу ад падаткаў.

Як мяркуе італьянская газета La Repubblica, гэта рашэнне пасылае гучны сігнал у плане, які выходзіць далёка за рамкі пытанняў падаткаабкладання.

«З тэхнічнага пункту гледжання рашэнне аб увядзенні падатку для транснацыянальных карпарацый, дасягнутае ў суботу міністрамі фінансаў краін Вялікай сямёркі, уяўляе сабой толькі фрагмент вялізнага пазлу на тэму падаткаабкладання буйных кампаній і асушэння падатковых аазісаў. Аднак у больш шырокім сэнсе цяперашняе яднанне сямі найбуйнейшых эканомік свету ўяўляе зь сябе гучную адмову ад папулісцкай, эгаістычнай і гегеманістычный палітыкі, якая дамінавала ў міжнародных адносінах у апошнія гады» – падсумоўвае італьянскаае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя