Агляд прэсы: двое ў бункеры



Лукашэнка папярэджвае аб трэцяй сусветнай вайне, бо Беларусь рыхтуецца ўвесці войскі. Германія пастаўляе зброю Украіне. Ці множацца ў Расеі пратэсты супраць Пуціна? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка папярэдзіў, што санкцыі Захаду падштурхоўваюць Расею да «трэцяй сусветнай вайны» і ўжыў тэрмін «ядзерная вайна», – піша ізраільская газета The Jerusalem Post.

Паводле выдання, хаця Лукашэнка абверг удзел Беларусі ў баях, дадаўшы, што з беларускай тэрыторыі не выпускаюць ракет, ягоныя запэўніванні ў тым, што Беларусь звернецца да Пуціна з просьбай перадаць ядзерную зброю толькі ў тым выпадку, калі такая зброя будзе перададзена Захадам у Польшчу ці Літву, выклікае здзіўленне і заклапочанасць.

«У нядзелю Пуцін перавёў расейскія сілы стратэгічнага стрымлівання, якія ўключаюць ядзерную зброю, на «рэжым асаблівай службы». Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшы час з Расеі ў Беларусь будзе перададзена дадатковае ўзбраенне. Ён папярэдзіў, што беларускія войскі гатовыя разгортвацца на працягу некалькіх гадзін, «пры неабходнасці». Ясна, што беларуская сталіца цяпер з’яўляецца працягам Крамля», — рэзюмуе ізраільскае выданне.

****

Берлін адрэагаваў на напад Расеі на Украіну зменай курса сваёй абароннай палітыкі. Ужо ўчора супрацьтанкавыя гранатамёты і ракеты класа зямля-паветра бундэсвера павінны былі быць дастаўлены ва Украіну.

«Даўно наспеўшая змена курсу Германіі пракладвае шлях для перамен у Еўропе», – піша французская газета L’Opinion.

«Гэтак жа, як Пуцін пачаў вайну ў сілу свайго адсталага светапогляду, Еўропа знаходзілася ў тупіку з-за састарэлага інтэлектуальнага багажу Германіі. Запатрабавалася затраціць нямала часу і намаганняў на тое, каб нашы нямецкія суседзі змаглі выруліць на кардынальна супрацьлеглы шлях: магчыма, таму, што Германія адчувае сябе абавязанай заўсёды памятаць аб тым, што нават самыя нязначныя на першы погляд падзеі ў краіне здольныя выклікаць спусташальны тарнада на ўсім кантыненце. Пераадолеўшы ўласныя табу, Берлін дазволіў змяніцца і Еўропе. Узмацненне ваеннай і стратэгічнай аўтаноміі ЕЗ, за якую неаднаразова выступаў Эманюэль Макрон, як бачна па выніках мінулага тыдня, і сапраўды неабходна; вось ужо два дні, як яно нарэшце становіцца магчымым», – адзначае французскае выданне.

***

Расейскім грамадзянам, якія вырашылі адкрыта выступіць супраць вайны, пагражае перспектыва апынуцца за кратамі. З чацвярга былі затрыманы тысячы ўдзельнікаў дэманстрацый. Тым не менш, і ў гэтыя выхадныя ў многіх расейскіх гарадах грамадзяне выйшлі на вуліцы пад агульным лозунгам „Не вайне!”. Як адзначаюць аглядальнікі, сапраўдны фронт Пуціна – у самой Расеі.

Дзеянні Пуціна не прадыктаваныя ані рацыянальным разлікам, ані якой бы там ні было асабістай паталогіяй”, – піша люксембургская газета Woxx.

«Яны абумоўлены спецыфікай створанай ім сістэмы. Для таго, каб утрымліваць уладу, Пуціну неабходная пастаянная эскалацыя: як унутры, так і звонку. Яшчэ ў 2011 годзе палітолаг Роберт Харват даў наступнае вызначэнне расейскай знешняй палітыцы: гэта – “прэвентыўная контррэвалюцыя”, абумоўленая галоўным чынам унутрыпалітычнымі прычынамі. У рамках гэтай палітыкі ізалюецца апазіцыя, кансалідуюцца ўздоўж адзінай лініі розныя фракцыі ва ўладзе, а таксама забяспечваецца падтрымка ў грамадстве. Разлік, які, як зараз зноў стала відавочным, вядзе да ірацыянальнай, і ў канчатковым выніку – дасамаразбуральнай дынамікі», – піша люксембургскае выданне.

***

У выніку нападзення Расеі сотні тысяч украінцаў вымушаны бегчы са сваёй краіны, перш за ўсё ў суседнія дзяржавы на захад ад украінскіх межаў, у якіх ужо пражывае шмат выхадцаў з Украіны, але таксама і за межы суседніх краін. Каментатары заклікаюць аказаць уцекачам усялякую падтрымку, але і адзначаюць выклікі, якія прынясе з сабой існуючая сітуацыя.

«Большасць бежанцаў зараз прымае Польшча, але гэта не павінна стаць падставай абвінаваціць краіну ў падвойнай маралі», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Вядома, палякам лягчэй праяўляць салідарнасць у адносінах да сваіх суседзяў з Украіны, чым у дачыненні да мігрантаў з Блізкага Усходу ці Афрыкі. Іншыя еўрапейцы, у тым ліку і немцы, павінны ўспрыняць гэта як дадзенасць, і скарыстацца ёю для пошуку агульных шляхоў. У ходзе пасяджэння міністраў унутраных спраў краін ЕЗ Польшчы і іншым краінам, якія прымаюць бежанцаў з Украіны, была прапанавана шчодрая дапамога. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што польскі ўрад прыме гэтую прапанову. Прыём і размеркаванне бежанцаў як агульная, адзіная для ўсіх задача: гэтага ад нас патрабуе не толькі гуманнасць, гэта таксама стала б значным сігналам у адрас падпальшчыка вайны – Пуціна», – заклікае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.