Агляд прэсы: эскалацыя для ўсіх



Час падпольшчыкаў у Беларусі і Расеі. Спрэчка вакол Калінінграда можа абвастрыцца. Як і калі прымаць Украіну ў Еўразвяз? Макрон застаўся без большасці ў парламенце: што далей?Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«З мірным пратэстам у Расеі скончана, засталіся толькі партызанскія метады. Гэтай вясной сталі больш частымі пажары на расейскіх абаронных прадпрыемствах і ў НДІ. Частка з іх, асабліва ў прымежных з Украінай раёнах, па ўсёй верагоднасці, справа рук байцоў ўкраінскіх Сіл спецыяльных аперацый. А вось да падпалаў ваенкаматаў па ўсёй Расеі ўкраінскія ССА наўрад ці датычныя», – піша расейскае выданне Грані.ру.

«Беларусь паказала прыклад эфектыўнай рэйкавай вайны: масавыя дыверсіі на чыгунках сур’ёзна перашкодзілі перакідванню расейскіх войскаў. У Расеі таксама пачасціліся чыгуначныя здарэнні, таварныя вагоны рэгулярна сходзяць з рэек. Толькі ў рэдкіх выпадках можна з упэўненасцю казаць аб актах сабатажу. У руху «Спыні вагоны» ёсць сайт і тэлеграм-канал, але аб рэальных маштабах чыгуначнай партызаншчыны меркаваць цяжка. Улады часцей за ўсё тлумачаць здарэнні тэхнічнымі прычынамі або парушэннем правілаў бяспекі, пакаранне нясуць супрацоўнікі чыгункі – нічога падобнага на беларускую кампанію жорсткіх рэпрэсій супраць рэйкавых партызан з дзясяткамі арыштаў і «пакаяных» відэаролікаў», – піша расейскае выданне.

Літва закрыла транзіт для санкцыйных грузаў у расейскі эксклаў Калінінград. Як заявіў Вільня, пад забарону трапляюць толькі тыя тавары, што ўключаны ў санкцыйны спіс ЕЗ. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў назваў гэты крок «адкрыта варожым», а МЗС РФ прыгразіў Літве мерамі ў адказ. Якім жа можа стаць адказ Масквы? На гэтую тэму разважае эўрапейская прэса.
«Расея мэтанакіравана правакуе эскалацыю», – піша швейцарская газета Tages-Anzeiger.

«Пагрозы накіраваныя на тое, каб запалохаць Літву – і прабіць пралом у санкцыйнай загародзе ЕЗ. У апошнія гады Расея выявіла вынаходлівасць падчас вядзенняў сваёй асіметрычнай вайны. Калінінград можа стаць першым ходам у сцэнары канфлікту, які выйдзе за межы Украіны. Такім чынам, напружанасць вакол Калінінграда павінна, паводле задумы Крамля, стаць апошнім папярэджаннем дзяржавам ЕЗ пра тое, што яны – не проста назіральнікі ў вайне ва Украіне, а ўжо даўно з’яўляюцца яе ўдзельнікамі. Задача пазбегнуць прамой канфрантацыі і ў той жа самы час забяспечыць ваеннае паслабленне Расеі – вельмі няпростая. Дзяржавам Еўропы і ЗША варта было б узмацніць свае стрымливаючыя сігналы, і больш рашуча падтрымаць Украіну ў яе абарончай барацьбе», – адзначае швейцарскае выданне.

На гэтым тыдні адбудзецца саміт ЕЗ, на якім будзе вырашацца пытанне аб наданні Украіне і Малдове статусу кандыдата на ўступленне ў рады супольнасці. Раней Еўракамісія абнародавала свае рэкамендацыі на карысць прыняцця адпаведнага рашэння. Непасрэдна перад самітам запланавана сустрэча з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў заходнебалканскіх краін. Еўрапейская прэса разважае над тым, якім чынам і якімі тэмпамі трэба праводзіць пашырэнне ЕЗ.

«Для пачатку Еўразвяз павінен падрыхтавацца да такіх тэктанічных зменаў», – піша польская газета Rzeczpospolita.

«Нягледзячы на буйное пашырэнне ЕЗ у 2004 годзе, у геапалітычным плане тон у супольнасці відавочна задаюць заходнееўрапейскія цяжкавагавікі: краіны гэтай часткі Еўропы больш уплывовыя, і большасць высокіх пастоў у інстытутах ЕЗ займаюць менавіта іх прадстаўнікі. Уступленне Украіны, напэўна, парушыць баланс сіл. Гэта краіна па тэрыторыі большай за Польшчу, а вось размешчана яна прама ў цені Расеі. Гэта таксама вельмі бедная краіна, што прымусіла б ЕЗ унесці змены ў сваю шчодрую сельскагаспадарчую палітыку і палітыку гарманізацыі. А таму відавочна, што перад тым як прыняць у свае шэрагі Украіну, ЕЗ для пачатку павінен правесці пераўтварэнні ва ўласных структурах», – заклікае польскае выданне.

Вынікі другога туру парламенцкіх выбараў у Францыі адназначныя: лагер прэзідэнта застаецца вядучай сілай у Нацыянальным сходзе, аднак больш не мае ў ім абсалютнай большасці. Другой па колькасці фракцыяй у парламенце будзе левы альянс «Новы народны экалагічны і сацыяльны саюз» (Nupes), які ўзначальвае Меланшон. А трэцяй сілай стане ультраправае «Нацыянальнае аб’яднанне» пад кіраўніцтвам Ле Пэн. Аглядальнікі разважаюць пра тое, што гэта азначае для будучыні Францыі і Еўропы. Українська праўда асцерагаецца, што змена расстаноўкі сіл у Францыі не пойдзе на карысць Украіне.

«Аслабленая пазіцыя Макрона ў новым парламенце прымусіць прэзідэнта больш займацца вырашэннем унутранага палітычнага крызісу, а не міжнароднымі справамі. Гэта азначае і паслабленне прэтэнзій на лідэрства ў Еўропе (на карысць Нямеччыны), і большую свабоду манеўру для «сяброў Пуціна», – піша ўкраінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]