Агляд прэсы: Еўропа не будзе ранейшай



Уварванне ва Украіну прывяло да закліку прыпыніць паўночна-ўсходнія пабрацімскія сувязі з Беларуссю. Як спыніць Пуціна? Чым абернецца гэтая вайна для Расеі? Час перамен для ўсяго кантыненту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У святле ўварвання расейскіх узброеных сіл ва Украіну і падтрымкі з боку суседняй Беларусі члены Партыі зялёных Абердзіна і Абердзіншыра заклікалі гарадскі савет Абердзіна прыпыніць пабрацімскую сувязь горада з Гомелем у Беларусі», – паведамляе брытанскае выданне Grampian Online.

У заяве партыі гаворыцца: «Гэты крок з’яўляецца адказам на дапамогу Беларусі ва ўварванні Расеі ва Украіну, а таксама на тое, што рэжым Беларусі працягваюць падаўляць уласны народ. Акрамя таго, мы таксама заклікалі да дадатковай падтрымкі Міністэрства ўнутраных спраў Вялікабрытаніі, каб дапамагчы тым, хто ўцякае з Украіны, а таксама бежанцам, якія ўжо знаходзяцца ў Абердзіне. Хоць наш заклік шмат у чым сімвалічны, мы павінны праявіць салідарнасць з народам Украіны і Беларусі, якія жадаюць жыць у свабодным і дэмакратычным грамадстве. Гэта адзін з нямногіх спосабаў, даступных нам у Абердзіне, каб праявіць такую салідарнасць», – цытуе зварот брытанскае выданне і адзначае, што асуджэнне Пуціна і Лукашэнкі павінна суправаджацца жорсткімі санкцыямі.

У чацвер і пятніцу расейскія войскі працягнулі поўнамаштабны наступ на тэрыторыю Украіны. Згодна з паведамленнямі ўкраінскіх уладаў, загінула сама меней 137 украінцаў. Ракеты патрапілі і ў жылыя будынкі. Судзячы па ўсім, расейскія танкі прасоваўюцца да Кіева. Па дадзеных ААН, больш за сто тысяч чалавек сталі бежанцамі. Еўрапейская прэса піша пра тое, што павінны зрабіць Еўразвяз і НАТО.

Славацкая газета Denník N заклікае ўвесці супраць Расеі максімальна суровыя санкцыі.

«Санкцыі, вядома, нашкодзяць і ўсёй Еўропе, але такім чынам, цярпліва зносячы іх наступствы, мы зможам унесці свой уклад у паражэнне Пуціна. Не існуе больш свету, у якім мы маглі думаць перш за ўсё аб тым, як палепшыць умовы нашага жыцця і дзе правесці летні адпачынак. Гэтага свету больш няма. Калі мы хочам, каб вярнулася мірнае жыццё, то павінны ўсвядоміць, што без ахвяраў гэта недасяжна. І хочацца спадзявацца, што ахвяры гэтыя будуць толькі матэрыяльнымі», – піша славацкае выданне.

Напад на Украіну будзе мець наступствы для Масквы: краіны ЕЗ прынялі санкцыйныя меры, але не здолелі дамовіцца аб адключэнні Расеі ад сістэмы SWIFT. Тым часам прэзідэнт ЗША Байдэн аб’явіў, што адрэжа расейскія банкі ад амерыканскай фінансавай сістэмы. Прыкладна ў 44 гарадах Расеі людзі выйшлі на акцыі пратэсту супраць вайны, нягледзячы на забароны. Як зазначае прэса, расейская дзяржава канчаткова стала ізгоем.

«Дзеянні Пуціна ва Украіне і прыгнечанне ўсялякай крытыкі ў самой Расеі рана ці позна прывядуць да выбуху», – такі каментар дае брытанская газета Financial Times.

«Уся сістэма перамыкаецца з модусу «улада аўтарытэту», заснаванага на падтрымцы сярод народа, на модус «аўтарытэт улады», які засноўваецца не на канструктыўнай стратэгіі, але на прыгнечанні. З часам незадаволенасць і гнеў у грамадстве будуць усё больш нарастаць. Разбураючы механізмы, якія дазваляюць грамадству выпускаць пар, і ўсё больш закручваючы гайкі, Пуцін падкладае пад расейскую дзяржаву бомбу. І аднойчы, калі рэжым пачне развальвацца, яна абавязкова выбухне, з аглушальнай сілай і знішчаючы ўсё навокал», – папярэджвае брытанскае выданне.

Пакуль грамадзяне Украіны абараняюцца, шукаюць выратаванне ў бамбасховішчах і на станцыях метро ці ж спрабуюць пакінуць краіну, Еўропа разважае над тым, чым абернецца вайна, развязаная Пуціным, для кантынента ў доўгатэрміновай перспектыве. У адным аглядальнікі адзіныя: гэта мяжа, пасля якой нішто ўжо не будзе ранейшым.

«Кітай з разуменнем паставіўся да расейскай агрэсіі, а гэта значыць, што Захад зараз павінен яшчэ мацней стуліць свае шэрагі», – з такім заклікам звяртаецца шведская газета Dagens Nyheter.

«Пекін і Масква не заўсёды прытрымліваюцца адзінай думкі, але як Кітай, так і Расея жадаюць зрынуць цяперашні светапарадак і стварыць новы, у якім дзейнічала б права моцнага, і ў рамках якога яны б самі вяршылі лёсы сваіх суседзяў. Дэмакратычны свет павінен згуртавацца перад абліччам падобнай перспектывы. Еўропа павінна павялічыць свае выдаткі на абарону і ўзяць на сябе вялікую адказнасць за нашу агульную бяспеку. Пакуль гэтыя выдаткі ў асноўным нясуць на сабе ЗША. Сараева, 1914 год. Мюнхен, 1938 год. Венгрыя, 1956 год. Існуе шэраг месцаў і дат, якія заўсёды будуць асацыявацца з няўдалым паваротным момантам у гісторыі – момантам, калі ўсе старыя ілюзіі раптоўна сталі нічым», – нагадвае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]