Агляд прэсы: галасы моцных



Чарнаморскі шантаж Пуціна падрыхтаваў для Беларусі «здзелку з д’яблам». Наколькі Берлін гатовы падтрымліваць Кіеў? Датчане – за агульную з ЕЗ абаронную палітыку. Венгрыя абмежавала рост коштаў на бензін. Луўр: чаму Джаконду выпацкалі тортам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Лукашэнка дазволіў Расеі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю ў якасці платформы для нападу на Украіну і дазволіў Маскве размясціць ядзерныя ракеты каля ўкраінскай мяжы. Ён захапіў еўрапейскі авіялайнер і стварыў міграцыйны крызіс. І ён ажыццявіў жорсткі разгон іншадумства, які ўключае катаванні апазіцыйных дзеячаў», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council.

«Аднак беларускі аўтакрат Аляксандар Лукашэнка, магчыма, толькі што знайшоў ідэальны маленькі выратавальны ключ да патэнцыйнага вызвалення і рэабілітацыі, які ляжыць у праблеме, якую стварыў ягоны саюзнік і заступнік Уладзімір Пуцін: насоўваецца сусветны харчовы крызіс, які стаў вынікам расейскай чарнаморскай блакады ўкраінскага збожжа. Імкнучыся палегчыць крызіс, еўрапейскія лідэры шукаюць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусветныя рынкі. Адзін з варыянтаў, які разглядаецца, – адпраўка збожжа па чыгунцы ў парты Балтыйскага мора, а ў выніку большая частка гэтага збожжа павінна прайсці праз Беларусь. Каб вырашыць патэнцыйна катастрафічны сусветны харчовы крызіс, які быў справакаваны Пуціным, Захаду, магчыма, спатрэбіцца дамовіцца з Лукашэнкам. Цана, якую запатрабуе Менск, амаль напэўна прадугледжвае змякчэнне міжнародных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Польскі порт Гданьск і румынскі порт Канстанца таксама разглядаюцца як альтэрнатывы, але гэтыя варыянты спараджаюць іншыя лагістычныя праблемы. Улічваючы амаль абсалютную эканамічную і палітычную залежнасць Беларусі ад Расеі, змякчэнне санкцый у дачыненні да Беларусі ў абмен на дапамогу экспарту ўкраінскага збожжа будзе, па сутнасці, тое ж самае, што і змякчэнне санкцый супраць Расеі. Здзелка з д’яблам для вырашэння надыходзячага сусветнага харчовага крызісу можа быць прывабнай. Але гэта спакуса, якой варта пазбягаць», – піша амерыканскае выданне.

Незвычайна рэзкімі словамі адказаў бундэсканцлер Олаф Шольц на абвінавачванні апазіцыі ў тым, што Германія, маўляў, занадта нерашучая ў плане падтрымкі Украіны: «Мы аказваем усёабдымную падтрымку», – сказаў Шольц у гэтую сераду ў бундэстагу падчас дэбатаў па пытанні бюджэту. Апроч ужо пастаўленага ўзбраення, Кіеў атрымае ад Берліна сучасныя ракеты Iris-T, танкі Gepard і самаходныя гаўбіцы. Аглядальнікі бачаць у гэтым толькі пачатак.

Нямецкая газета Der Tagesspiegel аддае належнае Шольцу за яго адказ лідару ХДС/ХСС Фрыдрыху Мерцу, які папракнуў урад у тым, што ён нібыта аказвае недастатковую падтрымку Украіне.

«Кіраўнік урада як ніколі раней выразна і падрабязна пералічыў усе віды ўзбраенняў, якія Германія ўжо паставіла і яшчэ паставіць Украіне, у тым ліку, па-за ўсякім сумневам, сучасныя і «цяжкія ўзбраенні», аб адсутнасці якіх заяўляў Мерц. Гаворка ідзе аб танках Gepard, сістэмах СПА і РСЗА. Гэта быў даўно наспелы і вельмі неабходны крок – на фоне папрокаў з боку Украіны і краін Усходняй Еўропы, а таксама разлютаванай дыскусіі, якая разгарнулася ў самой Германіі. Шольцу варта ўзяць сабе за правіла заўсёды выступаць гэтак жа выразна і ясна», – раіць нямецкае выданне.

На фоне расейскай агрэсіі ва Украіне большасць грамадзян Даніі падчас рэферэндуму прагаласавала за адмену агаворкі аб няўдзеле краіны ў агульнай палітыцы абароны і бяспекі Еўразвязу. На карысць такога рашэння выказаліся 66,9 працэнта тых, хто ўдзельнічаў у галасаванні. Якой жа зараз будзе палітыка Даніі ў адносінах да Еўропы?

«Датчане ў вырашальны момант паказалі сябе перакананымі еўрапейцамі», – піша дацкая газета Jyllands-Posten.

«Калі гаворка заходзіць пра сапраўды важныя рэчы, то сумневаў быць не можа: Данія – гэта частка ядра Еўропы. Такі выразны сігнал, дасланы большасцю выбаршчыкаў. Дзякуй вам, суграмадзяне! Агаворкі наносілі і працягваюць наносіць сур’ёзны ўрон адносінам Даніі з ЕЗ. Прэм’ер-міністр Метэ Фрэдэрыксэн выказалася максімальна ясна: вынік рэферэндуму – гэта вялікая перамога ў плане пазіцыі Даніі ў Еўропе. Данія паслала выразны сігнал Еўропе і выразны сігнал Пуціну. Такое рэдкае адзінства здараецца, калі адбываюцца падзеі больш маштабныя, чым мы самі», – адзначае дацкае выданне.

У суботу ў Луўры адзін з наведвальнікаў – 36-гадовы актывіст-эколаг – кінуў кавалкам торта ў знакамітую „Джаконду”, пэндзля Леанарда да Вінчы. Сваімі дзеяннямі ён хацеў заклікаць людзей часцей успамінаць аб праблемах навакольнага асяроддзя. Паколькі карціна экспануецца за браніраваным шклом, шкоды яна не зазнала.

“На падобныя акцыі моладзь штурхаюць шкодныя ўплывы звонку”, – піша французская газета Contrepoints.

«Тое, што такія дзеянні выклікаюць толькі здзеклівы рогат і насмешкі, тлумачыцца тым, што яны перш за ўсё ўяўляюць сабой адчайны крык пакалення, якое страціла надзею. Яно ўпала ў паніку проста з-за таго, што дазваляе маніпуляваць сабой розным СМІ, што гоняцца за колькасцю праглядаў, прагнымі да ўлады палітыкамі і ўсялякімі арганізацыямі, якіх цікавяць толькі грошы. Гэты “кліматычны страх” расце на глебе кліматычнай параноі, якой цяпер працята ўсё і ўся. Дужанне з прыхільнікамі экалагічнага планавання, роўна як і прасоўванне ліберальных поглядаў патрабуюць таго, каб новаму пакаленню былі прапанаваны годныя далягляды», – заклікае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]