Агляд прэсы: газ Казахстана



Выбар Пуціна на пасаду амбасадара Беларусі раскрывае імперскі парадак дня Расеі. У ЕЗ перадвыбарная барацьба: Макрон махае сцягамі. ЗША: гадавіна штурму Капітолію. Швейцарскі медыяканцэрн паведамляў пра каронавірус з аглядкай на ўлады. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У Казахстане 2 студзеня пачаліся масавыя пратэсты з-за рэзкага росту коштаў на звадкаваны газ. Ужо 4 студзеня яны перараслі ў беспарадкі з масавымі сутыкненнямі і захопам будынкаў адміністрацыі. Увесь свет сочыць за падзеямі. Эксперты праводзяць паралелі з Беларуссю і прадказваюць магчымасць аналагічнага развязвання крызісу, калі кошты і тарыфы могуць стаць прычынай масавых хваляванняў. У палітычных колах Казахстана не выключаюць, што пратэсты пойдуць па «беларускім сцэнары» і прывядуць да сур’ёзнага збліжэння краіны з Расеяй.

«Глядзіце на дыпламатаў. Апошнім часам расейскія амбасадары ў Беларусі не карысталіся гарантыяй працяглай працы. Прызначэнне Грызлова падкрэслівае, як расце важнасць Беларусі ў стратэгічным мысленні Масквы. Палітыка Крамля ў Беларусі і Украіне — гэта два бакі адной імперскай манеты. На сёння палітыка мяккай анэксіі Крамля ў Беларусі дасягае сваёй крытычнай кропкі, калі не сапраўдны эндшпіль», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council.

«Ператварыўшы Беларусь у працяг Заходняй ваеннай акругі Расеі, Пуцін стварыў новы фронт у сваёй вайне супраць Украіны. У гэтым годзе спаўняецца стагоддзе з дня ўтварэння Савецкага Саюза ў 1922 годзе. Прызначэнне Грызлова, магчыма, апошняга пасланца Масквы ў Менск, сведчыць аб тым, што Пуцін мае намер адзначыць гэтую гадавіну, зноў аб’яднаўшы частку старой імперыі», – адзначае амерыканскае выданне.

Да пачатку старшынства Францыі ў ЕЗ Макрон распарадзіўся ўзняць над Трыўмфальнай аркай сцяг Еўразвязу. Паколькі сцяг ЕЗ змяніў сабой французскі трыкалор, кансерватары і правая апазіцыя раскрытыкавалі гэты крок, назваўшы яго ўдарам па нацыянальнай ідэнтычнасці. Еўрапейская прэса абмяркоўвае гэтае рашэнне ў тым ліку і ў святле маючых адбыцца ў красавіку выбараў прэзідэнта Францыі.

«Змяніўшы сцяг на Трыўмфальнай арцы, Макрон аказаў сабе мядзведжую паслугу», – лічыць фарнцузская газета Slate.

«Заменай сцяга прэзідэнт не заваюе галасоў федэралістаў, бо яны і так ужо з’яўляюцца ягонымі прыхільнікамі. Замест гэтага дадзеная акцыя можа перашкодзіць пачатку перадвыбарнай барацьбы, а будучы кандыдат можа страціць частку галасоў сваіх выбаршчыкаў, якія не любяць, калі іх традыцыі і сімвалы становяцца цацкамі ў нечых руках. І перш за ўсё тады, калі ўзнікае адчуванне, што гаворка толькі аб прыцягненні ўвагі», – адзначае французскае выданне.

Праз год пасля захопу Капітолія спецыяльная камісія Кангрэса ЗША па расследаванні падзей 6 студзеня 2021 года мае намер заслухаць сведкаў, якія, паводле некаторых звестак, заклікалі Трампа спыніць гвалт. Сярод іх – высокапастаўленыя саветнікі былога прэзідэнта. Гэтыя новыя звесткі, а таксама гадавіна тых падзей сталі для еўрапейскай прэсы нагодай задумацца аб стане дэмакратыі ў ЗША.

«Рэканструкцыя падзей не пакідае ніякіх сумневаў у тым, што Трамп быў падбухторшчыкам тых, хто нападаў на Капітолій», – піша італьянская газета Corriere della Sera.

«Парламенцкая камісія апублікавала электронную перапіску і смс-паведамленні дарадцаў прэзідэнта, у тым ліку яго сына. Усе яны, у тым ліку Іванка Трамп, прасілі яго спыніць беспарадкі. Трамп пайшоў на гэта занадта позна, калі Капітолій ужо апынуўся ва ўладзе рэальных баевікоў, а таксама іншых – гратэскавых постацяў, падобных да «шамана». У бліжэйшыя месяцы камісія прадставіць з гэтай нагоды выніковае заключэнне. Вельмі верагодна, што яна парэкамендуе міністэрству юстыцыі пачаць супраць былога прэзідэнта крымінальную справу, паколькі той злоўжыў сваім найпершым абавязкам: гарантаваць бяспеку нацыянальных інстытутаў», – адзначае італьянскае выданне.

У Швейцарыі пад шквалам крытыкі апынуўся Марк Вальдэр, кіраўнік аднаго з найбуйнейшых медыяканцэрнаў краіны – Ringier. Як зараз высветлілася, на адной з канферэнцый у лютым 2021 года ён заявіў, што даў журналістам медыягрупы ўказанне падчас асвятлення пандэміі каранавірусу прытрымлівацца праўрадавага курсу. СМІ не хаваюць свайго абурэння наконт падобнага ўмяшання ў незалежнасць працы СМІ.

«Кіраўнік медыягрупы Ringier падставіў пад удар аўтарытэт прэсы», – адзначае швейцарская газета Tages-Anzeiger.

«Якой бы высакароднай ні была мэта, сродкаў яна не апраўдвае. Журналісты павінны праводзіць свае расследаванні і быць гатовымі да любога выніку. У іх павінна быць магчымасць свабодна пісаць аб выніках сваіх расследаванняў. Усё астатняе – піяр. У часы, калі людзі губляюць давер да прэсы, заява Вальдэра – сапраўдная катастрофа. Бо такім чынам ён падкідвае аргументы прыхільнікам тэорый змовы і тым, хто абвінавачвае прэсу ў хлусні і перакананы ў тым, што прэса кіруецца зверху. Бо калі маніпуляцыі маюць месца ў сітуацыі з каронай, то чаму па іншых тэмах, напрыклад, змены клімату, павінна быць інакш? Словы Вальдэра – гэта атрута, якая забівае найважнейшы здабытак вольнай прэсы – яе аўтарытэт і давер аўдыторыі. А значыць, гэта і атрута для дэмакратыі», – папярэджвае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя