Агляд прэсы: гульні скончаны?



На ваенных вучэннях у Беларусі будзе выпрабаваны «антыдронавы купал». «Расейскае ўварванне» на Украіну можа абярнуцца для Еўропы новым крызісам бежанцаў. Сэксуальны гвалт у царкве: Бенедыкт XVI пад агнём крытыкі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022»  будзе праведзена тэставанне канцэпцыі «антыдронавы купал», – паведамляе расейкая газета «Известия» са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны РФ.

Паводле інфармацыі газеты, «купал» плануецца выбудаваць пры дапамозе масавага прымянення пераносных зенітных ракетных комплексаў (ПЗРК) «Вярба» ў спалучэнні з сістэмамі вайсковай СПА.

Па разліках расейскіх вайскоўцаў, тэхнічныя характарыстыкі новых ПЗРК «Вярба» дазваляюць рабіць перахоп не толькі беспілотнікаў, але і высокадакладных авіяцыйных боепрыпасаў: ракет і карэктуемых бомб.

«Акрамя таго, ПЗРК «Вярба» могуць інтэгравацца ў адзіную сістэму з іншымі сродкамі СПА і атрымліваць знешняе мэтаўказанне ад больш магутных радараў. Маштабныя сумесныя вучэнні УС Расеі і Беларусі пройдуць з 10 да 20 лютага», – нагадвае расейскае выданне.

«Падчас крызісу на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе свае дамы былі вымушаныя пакінуць 1, 5 млн чалавек, але тады яны размеркаваліся па краіне», – піша амерыканскі часопіс Forbes. Выданне апісвае верагоднасць, што на гэты раз у выпадку «расейскага ўварвання» бежанцаў будзе яшчэ больш і яны накіруюцца далей на захад, таму Еўропе і Амерыцы неабходна быць гатовымі аказаць Кіеву гуманітарную дапамогу.

«Джо Байдэн папярэдзіў, што вайна паміж Расеяй і Украінай можа пачацца ў любы момант. Шмат хто на Захадзе сцвярджае, што «уварванне нельга адмяніць». І хаця з’явілася ўжо нямала артыкулаў, прысвечаных крызісу, аднаму яго аспекту не надаецца належная ўвага. Гаворка ідзе пра патэнцыйных уцекачоў, якія могуць захацець пакінуць Украіну ў выпадку канфлікту. Раптоўнае з’яўленне ад 3 да 5 мільёнаў украінскіх бежанцаў, якія ўцякаюць ад расейскага ўварвання, верагодна, стане адной са мноства патэнцыйных сур’ёзных праблем, з якімі сутыкнецца еўрапейскае грамадства.

Асаблівую занепакоенасць у выпадку патэнцыйнага канфлікту ўяўляюць украінскія атамныя электрастанцыі, калі яны трапяць у зону баявых дзеянняў. Украіна мае чатыры АЭС і маніторыць сітуацыю на Чарнобыльскай АЭС пасля аварыі. У выпадку маштабнай вайны ўсе 15 рэактараў на ўкраінскіх станцыях могуць апынуцца пад пагрозай, але нават і нязначнае расейскае ўварванне на ўсходзе Украіны можа паставіць як мінімум шэсць дзеючых рэактараў ва ўмовы нявызначанасці ў зоне актыўных баявых дзеянняў. Калі канфлікт закране атамныя станцыі, колькасць бежанцаў, напэўна, будзе вялікай», – папярэджвае амерыканскае выданне.

Апублікаваны вынікі расследавання аб выпадках сэксуальнага гвалту ў архідыяцэзіі Мюнхена і Фрайзінга. Даклад, які змяшчае каля двух тысяч старонак, кідае густы цень на рэпутацыю Папы Рымскага Бенедыкта XVI, які пайшоў на спакой. З 1977 па 1982 год ён быў арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і, мяркуючы па дадзеных дакладу, не стаў прымаць ніякіх мер у дачыненні да чатырох святароў, у адрас якіх выстаўлены абвінавачванні ў сэксуальным гвалце над непаўналетнімі. Бенедыкт XVI усё адмаўляе.

Ірландская газета Irish Examiner заклікае да рашучых дзеянняў.

«Вынікі расследавання шакуюць, але і не здзіўляюць: былы Папа Рымскі нічога не распачаў у дачыненні да чацвярых святароў, якія абвінавачваюцца ў сэксуальным гвалце над дзецьмі. Калі ў 2013 годзе Бенедыкт адрокся ад прастолу, стаўшы першым за 600 гадоў пантыфікам, які рашыўся на такі крок, яму было дазволена працягваць жыць у Ватыкане, і ён атрымаў ганаровы тытул Папы рымскага на спакоі. На фоне таго, што  летась у чэрвені  Папа Францішак змяніў законы каталіцкай царквы з мэтай наўпрост крыміналізаваць сэксуальны гвалт, і пастанавіў, што ў выпадку вылучэння падобных абвінавачванняў біскупы павінны неадкладна прымаць меры, было б непаважліва ў адносінах да ахвяр дазволіць Бенедыкту захаваць свой тытул», – піша Irish Examiner.

Штам амікрон прыводзіць да росту колькасці заражэнняў, аднак захворванне пры гэтым, як правіла, працякае мякчэй, чым пры папярэдніх варыянтах каронавірусу. На гэтым фоне ў Еўропе назіраецца поўная церазпалосіца падыходаў і мераў: стратэгія барацьбы з заразай адрозніваецца ад краіны да краіны. Так, у Аўстрыі ўводзіцца абавязковая вакцынацыя, а сярод тых, хто наважыўся зрабіць прышчэпку, будуць разыгрывацца прызы. У Вялікабрытаніі, Чэхіі і Турцыі, наадварот, супрацьэпідэмічныя меры вырашана аслабіць, ці зусім адмяніць.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан анансаваў адмену абавязковага нашэння масак у Англіі. Брытанская газета The Times дае наступны каментар:

«Па-за ўсялякім сумневам: рашэнне ўраду аб хуткай адмене ўсіх дзейных абмежаванняў прадыктавана выключна палітычнымі меркаваннямі. З пункту гледжання клопату аб здароўі грамадзян няма ніякіх аргументаў на карысць адмены абавязковага нашэння масак у грамадскіх месцах, прычым у сітуацыі, калі колькасць заражэнняў працягвае заставацца вельмі высокай. З іншага боку, малаверагодна, што Джонсан здолеў бы захаваць антыкавідныя абмежаванні – нават калі б паспрабаваў зрабіць гэта. У свой час супраць іх увядзення выступалі больш за сто дэпутатаў ад торы. Палітычны лёс прэм’ер-міністра вісіць на валаску, і ніводны з яго патэнцыйных пераемнікаў таксама не рызыкнуў бы наклікаць на сябе гнеў «заднелаўнікаў», адстойваючы абавязковае нашэнне масак», – падкрэслівае брытанскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]