Агляд прэсы: і нашым, і вашым



Аналітыкі канстатуюць усё большую залежнасць Беларусі ад Расеі. Каму мусіла трапіць Нобелеўская прэмія міру? Гвалтоўная высылка бежанцаў на харвацкай мяжы.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Пасля распаду Савецкага Саюзу Беларусь была рэдкай былой савецкай дзяржавай, якая заставалася стратэгічна прывязанай да Расейскай Федэрацыі. У 1999 годзе Расея і Беларусь дасягнулі пагаднення аб стварэнні «саюзнай дзяржавы», мэтай якой было стварэнне падобнай да СССР федэрацыі з аналагічным урадам, валютай, сцягам і арміяй. На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў саюзная дзяржава ў першую чаргу нацэлена на эканамічную інтэграцыю, прычым намаганні прыкладаюцца таксама ў сферы абароны і выведкі. Усё большае адзінства паміж Масквой і Менскам ізалюе Беларусь ад краін Захаду, што прыводзіць да ўзмацнення залежнасці і прыхільнасці стратэгічным мэтам Расеі», – адзначае амерыканскае выданне Foreign Policy Research Institute.

Выданне канстатуе, што за апошні год сардэчныя адносіны паміж Беларуссю і Захадам у значнай ступені пагоршыліся з-за карупцыі ў Беларусі і парушэння правоў чалавека. Падманныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі выклікалі беспарадкі і незаконнае зняволенне ўдзельнікаў акцый.

«У святле пагаршэння палітычных адносін Беларусь цяпер ізаляваная ад Захаду. Гэтая ізаляцыя прымусіла Лукашэнку забіцца ў кут, зрабіўшы яго цалкам прыдатным і гатовым задаволіць патрэбы Расеі ў стратэгічных прыярытэтах Масквы. Далейшая нестабільнасць у Беларусі разглядаецца Масквой як непажаданая нязручнасць. У той жа час у Беларусі застаецца больш значны расейскі кантынгент, і расейскія войскі знаходзяцца як ніколі бліжэй да мяжы з Польшчай. Беларуская незалежнасць павольна змяншаецца па меры пашырэння ваеннай прысутнасці Расеі і можа азначаць канец ранейшаму суверэнітэту», – папярэджвае амерыканскае выданне.

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру галоўнаму рэдактару «Новай газеты» Дзмітрыю Муратаву ў той гістарычны момант, калі рэальнымі прэтэндэнтамі былі Аляксей Навальны і Святлана Ціханоўская, і нават беларускі народ, выклікала велізарнае абурэнне ў рускамоўным апазіцыйным асяродку.

Рэакцыя каманды Навальнага была неадкладнай і вострай, але гэтым справа не абмежавалася. Муратаву ўзгадалі многае: і КДБшны бэкграўнд саўладальніка газеты, і сувязі з Чэмезавым, і сяброўства Муратава ў Грамадскім савеце пры МУС. Крамлёўскія віншаванні Муратаву з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру давяршаюць вобраз.

Cам нобелеўскі лаўрэат настойвае , што гэта прэмія ўсяму калектыву “Новай” і даніна загінулым журналістам. Публіка, аднак, памятае, што ў гісторыі выдання, акрамя бліскучых расследаванняў (у тым ліку аб Чачні і Сірыі), ёсць публікацыі пра “Сініх кітоў» і збіты “Боінг”.

Прынамсі расейскае выданне Грані.ру адзначае:

«Прынята Саламонава рашэнне наадварот. Былі відавочныя кандыдаты. Ім даць пабаяліся, каб не сапсаваць імідж прэміі з-за непрадказальнасці сучасных палітыкаў. Выбралі трэцяга, журналіста, пра якога і гаворкі не ішло. Цалкам ясна, што вельмі імкнуліся ухіліцца ад Навальнага і Ціханоўскай. Зараз Нобелеўскі камітэт дэманструе важнасць захавання ў Расеі менавіта свабоды слова як аднаго з асноўных правоў чалавека. Цалкам магчыма, што сваю ролю ў выбары лаўрэата сыграў Міхаіл Гарбачоў, афіцыйны саўладальнік “Новай газеты”.

Міжнародная група рэпарцёраў запісала на відэа, як мігранты, што мелі намер перасекчы баснійска-харвацкую мяжу і трапіць на тэрыторыю ЕЗ, у літаральным сэнсе збіваюцца і выціскаюцца прэч людзьмі з апазнавальнымі пазнакамі харвацкіх паліцыянтаў. Падобныя дзеянні супярэчаць закону, і цяпер ЕЗ мае намер пачаць расследаванне.

«Супрацьзаконныя развароты бежанцаў на мяжы краіны – гэта ганьба для Харватыі», – піша харвацкая газета Jutarnji list.

«Калі гаворка ідзе пра паліцэйскіх пры выкананні, то гэта азначае, што наша паліцыя свядома парушае харвацкае, еўрапейскае і міжнароднае права. Калі ж гэта былі не паліцыянты, то тое, што здарылася кажа пра тое, што нашы межы кантралююцца далёка не так строга, як нам уяўлялася. Гэта значыць, што маюцца нейкія людзі, якія займаюцца адловам мігрантаў і выгнаннем іх па той бок мяжы, прычым паліцыя зусім не ў курсе. Харватыя, Боснія і Герцагавіна павінны знайсці агульнае рашэнне гэтага прынцыповага пытання, якое адпавядала б еўрапейскаму праву. У адваротным выпадку гэтая мяжа стане зонай пастаянных праблем з мігрантамі», – адзначае харвацкае выданне.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) адобрыла першы прэпарат для вакцынацыі ад малярыі. Медыкі называюць гэта гістарычным момантам. Штогод ад хваробы паміраюць сотні тысяч дзяцей, і пошукі вакцыны вяліся апошнія 100 гадоў. Прышчэпка паказала абмежаваную эфектыўнасць – каля 30%. Але паказчык вырастае ўдвая, калі разам з вакцынай выкарыстоўваць іншыя сродкі прафілактыкі. Адабрэнне прэпарату стала адной з галоўных тэм у сусветных СМІ.

«Распрацаваны брытанскімі навукоўцамі прэпарат Mosquirix не проста першая вакцына супраць малярыі, гэта першая ў свеце вакцына, у прынцыпе здольная абараняць ад паразітарнага захворвання», – адзначае амерыканская газета The New York Times. Mosquirix ўводзяць чатырма дозамі, і эфектыўнасць вакцыны з часам зніжаецца.

«СААЗ спадзяецца ў выніку атрымаць прэпарат, які стане эфектыўным на 95%», – піша амерыканская газета The Washington Post. «Але медыкі прызнаюць, што да гэтага яшчэ далёка. І ўсё ж з’яўленне бяспечнай вакцыны, якая працуе, гэта велізарны прарыў, які дапаможа ратаваць дзясяткі тысяч жыццяў штогод».

Беларускае Радыё Рацыя