Агляд прэсы: імперыя з попелу



Вынесеныя на рэферэндум папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі не выправяць крызісны дысбаланс паўнамоцтваў. Пуцін адпраўляе войскі ў Данбас. Канфлікт вакол Украіны: як паводзіць сябе Еўропа? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Венецыянская камісія ў сваім тэрміновым прамежкавым заключэнні па канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі адзначыла, што праект паправак, які будзе вынесены на рэферэндум 27 лютага 2022 года, «не выпраўляе моцнага дысбалансу паўнамоцтваў, які ўжо існуе паводле дзейнай Канстытуцыі, і можа нават пагоршыць гэта», – паведамляе еўрапейскае выданне Council of Europe.

Выданне падкрэслівае тое, што Венецыянская камісія раскрытыкавала адсутнасць удзелу парламента ў распрацоўцы такіх паправак, дэфіцыт празрыстасці працэсу распрацоўкі і яўную адсутнасць істотнага супрацоўніцтва паміж урадам і апазіцыяй у выгнанні, а таксама з іншымі зацікаўленымі бакамі і грамадзянскай супольнасцю.

«Гэта прамежкавае заключэнне вельмі важнае, бо было падрыхтавана па тэрміновай працэдуры, у кароткія тэрміны і пры адсутнасці сустрэч з уладамі, якія былі адхіленыя, нягледзячы на спробы Венецыянскай камісіі, альбо з апазіцыяй, дзяржаўнымі інстытутамі і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі. У прамежкавым заключэнні варта было б, але дэталёва не аналізуюцца ўсе прапанаваныя змены. Увага факусуецца на працэсе ўнясення паправак і размеркаванні паўнамоцтваў у рамках праекта паправак», – адзначае еўрапейскае выданне і працягвае сачыць за хадой падрыхтоўкі да рэферэндуму ў Беларусі.

***

Расея прызнала кантраляваныя прарасейскімі сепаратыстамі тэрыторыі на ўсходзе Украіны: так званыя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі незалежнымі дзяржавамі. Адпаведны ўказ падпісаў у панядзелак прэзідэнт Пуцін. Адначасова ён распарадзіўся ўвесці на гэтыя тэрыторыі войска, а таксама выступіў па тэлебачанні з ваяўнічай прамовай. Еўрапейская прэса ўстрывожаная.

«У сваёй прамове, яка прагучала ў панядзелак, расейскі прэзідэнт зусім не спрабуе вярнуцца ў часы СССР, ён меціць куды далей», – да такой высновы прыходзіць італьянская газета La Repubblica.

«Уладзімір Пуцін кідае выклік усяму свету – і піша гісторыю нанова. Для таго, каб апраўдаць ваеннае ўварванне, ён прапануе свайму народу імперскае бачанне. Ён не проста выкрэслівае з гісторыі раздзел, які быў распачаты пасля распаду СССР у 1991 годзе, ён пераводзіць стрэлку роўна на стагоддзе назад, у 1922 год. Тым самым ён ставіць пад пытанне нават рашэнні бальшавікоў, якія прывялі да ўтварэння Савецкага Саюзу. Усё, маўляў, было зроблена няправільна, паколькі ёсць толькі адна рэальнасць: Вялікая Расея, часткай якой заўсёды была і Украіна», – адзначае італьянскае выданне.

***

Справакаванае Расеяй абвастрэнне сітуацыі ў канфлікце вакол Украіны ўстрывожыла дзяржавы ў Еўропе і ва ўсім свеце. На экстраным пасяджэнні Савета Бяспекі ААН Вялікабрытанія папярэдзіла аб гуманітарнай катастрофе, якая насоўваецца. Германія аб’явіла, што будуць прыняты рашучыя меры, якія пацягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы. Еўрапейская прэса дзеліцца фундаментальнымі разважаннямі аб палітыцы бяспекі.

З цяперашняга крызісу напрошваюцца сама меней тры высновы”, – піша партугальская газета Diário de Notícias.

«Па-першае, вайна – не ёсць справай далёкага мінулага і нейкай аддаленай краіны; вайна магчымая заўсёды і ўсюды. Па-другое, еўрапейская бяспека не ствараецца супраць ці насуперак НАТО і амерыканцам. Ёсць розніца ў тым, возьмем мы на сябе больш адказнасці за ўласную бяспеку ці ж будзем думаць, што ўяўляем сабой гэтакі мірны, камерцыйны і амаль раўнапраўны трэці шлях. Бо мы яго не прадстаўляем. Ну, і па-трэцяе, за ўласную бяспеку і статус у свеце, які нам хацелася б займець, давядзецца заплаціць пэўную цану. У выглядзе коштаў на газ, пошлін на імпарт ці экспартных страт», – папярэджвае партугальскае выданне.

***

Згодна з вынікамі расследавання, праведзенага журналістамі з Цэнтра па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, з 1940 па 2010-я гады швейцарскі банк Credit Suisse абслугоўваў у якасці кліентаў аўтакратаў, наркагандляроў, меркаваных ваенных злачынцаў і гандляроў людзьмі. Такія высновы дазваляе зрабіць уцечка дадзеных з больш чым васемнаццаці тысяч рахункаў. У аналізе дадзеных сярод іншых бралі ўдзел такія выданні, як Süddeutsche Zeitung, The Guardian і Le Monde. Еўрапейская прэса патрабуе не пакідаць справу без наступстваў.

«Замест таго, каб спрабаваць адмахнуцца ад гэтых абвінавачванняў, Швейцарыі трэба было б перагледзець прыладу сваёй банкаўскай сістэмы», – такі каментар дае мясцовая газета Le Temps.

«На гэтыя некалькі гіпертрафаваныя нападкі мы, вядома, адрэагуем заявамі, што ўсё гэта – перабольшанне, і гаворка ідзе ўсяго толькі аб старых рахунках і практыках, якія ўжо даўно не ў ходзе. Мы забарыкадуемся за тэзамі тэорыі змовы, паводле якой на Швейцарыю ажыццяўляецца мэтанакіраваны напад. Гэта значыць зоймем пазіцыю, якая стане перашкодай на шляху да сумленнай дыскусіі аб нашай ролі ў якасці фінансавай пляцоўкі свету, пазіцыю, якая не дасць нам зрабіць высновы з гэтай уцечкі дадзеных і пачаць, пры наяўнасці на тое падстаў, належнае расследаванне, пазіцыю, якая абцяжарыць нам задачу выправіцца самім, не чакаючы на новыя скандалы і ціск звонку», – піша швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]