Агляд прэсы: каласы пад сярпом



 Уцекачы ад рэжыму Лукашэнкі шукаюць прытулку ў Польшчы. Які лёс чакае афганцаў? Кіеў плануе правядзенне канферэнцыі па Крыме. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Цяпер беларусы з’яўляюцца самай шматлікай нацыянальнай групай, якая просіць прытулку ў Польшчы. За апошні год ажно 10,4 тысячы беларусаў прыехалі ў Польшчу, каб знайсці тут прытулак, больш за 6 тысяч асобаў звярнуліся па міжнародную дапамогу і амаль 4,3 тысячы  – у межах урадавай праграмы Poland Business Harbor», піша польская газета Rzeczpospolita.

Выданне адзначае, што польская памежная служба дзейнічае як пасярэднік пры прыняцці заявак на ахову на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Заяўкі могуць падавацца на мяжы, але таксама на тэрыторыі Польшчы, ад асобаў, якія ўжо знаходзяцца ў краіне.

«Палітычная сітуацыя ў Беларусі паказвае, што ўмовы атрымання гуманітарнай візы выканаць прасцей, чым падаць заяву аб прытулку – рашэнне прымае камандуючы пагранічнай службы. Вялікая колькасць людзей, якія шукаюць абароны ў Польшчы, з’яўляецца вынікам змены палітыкі ўрада ПіС у дачыненні да беларусаў, якія масава пратэставалі супраць рэжыму Лукашэнкі», – падсумоўвае польскае выданне. 

Вакуўм, які ўтварыўся ў Афганістане пасля вываду кантынгенту заходніх войскаў, дазволіў талібам усталяваць кантроль над паловай тэрыторыі краіны. Некалькі тысяч чалавек забіта або паранена.

«З палітычнага і маральнага пункту гледжання еўрапейцы павінны дапамагчы людзям, якія бягуць ад талібаў», падкрэслівае нямецкая газета Der Spiegel.

«Таму ЕЗ павінен зрабіць дзве рэчы. Падобна таму, як гэта было пасля крызісу 2015 года, ЕЗ павінен заключыць з урадам Эрдагана пагадненне аб прадастаўленні Турцыі фінансавай дапамогі ў абмен на згоду прыняць да сябе афганскіх уцекачоў, адкрыць для іх свой рынак працы і забяспечыць ім доступ да сістэмы адукацыі і аховы здароўя. У той жа самы час Германіі ды іншым дзяржавам ЕЗ давядзецца і самім прыняць частку ўцекачоў з Афганістану – перш за ўсё тых, хто працаваў там на заходнія арганізацыі, да прыкладу, на бундэсвер або Германскае таварыства міжнароднага супрацоўніцтва (GIZ), і тым самым паставіць сябе пад дадатковую рызыку», адзначае нямецкае выданне.

23 жніўня Украіна плануе правесці міжнародны саміт для абмеркавання будучыні анэксаванага Крыму, лёс якога некалькі адышоў на другі план на фоне канфлікту ў Данбасе. Украінскія СМІ вітаюць ідэю «Крымскай платформы» ў цэлым, але крытыкуюць асобныя аспекты яе арганізацыі.

«Украіне даўно трэба было выступіць з падобнай ініцыятывай», – лічыць украінскае выданне ukraina24. – Калі для перамоваў па Данбасе існуюць пэўныя фарматы, хоць можна і паспрачацца аб іх паспяховасці, то датычна Крыму да гэтага часу не было фармату, у рамках якога абмяркоўвалася б пытанне яго дэакупацыі на розных узроўнях. «Крымская платформа» дазволіць весці перамовы на ўзроўні міністраў замежных спраў, кіраўнікоў дзяржаў, на міжпарламенцкім, а таксама экспертным узроўнях. Вядома, Расея хацела б закрыць на гэта вочы, дзеля таго, каб пазбегнуць эканамічных праблем у выніку санкцый за анэксію Крыма».

У Румыніі ініцыятыва мясцовых жыхароў пад назвай «Ратуйце Рошыя-Монтанэ» на працягу двух дзесяцігоддзяў змагалася з горназдабыўным прадпрыемствам Gabriel Resources, які меў намер пачаць распрацоўку размешчаных у рэгіёне радовішчаў золата – найбуйнейшых у Еўропе. Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, у нетрах хаваецца па меншай меры 300 тон каштоўнага металу. Горназдабыўная кампанія ўжо прыступіла да перасялення мясцовых жыхароў з тэрыторыі будучых капалень. Сваім нядаўнім рашэннем ЮНЕСКА ўнесла гістарычныя ходні старажытнарымскай эпохі ў Рошыя-Монтанэ ў Чырвоны спіс сусветнай спадчыны, які знаходзіцца пад пагрозай.

Румынская газета Spotmedia адзначае: «У канчатковым рахунку ўключэнне Рошыя-Монтанэ ў спіс ЮНЕСКА ў бліжэйшыя гады выкліча масавы прыток капіталу як з дзяржаўнага сектару (нацыянальныя і еўрапейскія фонды), так і з прыватных крыніц. Для грамадзянскай супольнасці ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны – велізарны поспех. Пасля амаль 20-гадовай барацьбы з кампаніяй, якая оптам і ў розніцу скупляла прэсу, палітыкаў і інстытуцыі, барацьбы з карумпаванай і некампетэнтнай палітычнай элітай, кампанія «Ратуйце Рошыя-Монтанэ» атрымала перамогу!».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка