Агляд прэсы: карані праблемаў



Беларусь у трохкутніку дапамогі. Ядзерныя шалі ЗША. Нямецкі погляд на Беларусь. Бумеранг вакцынацыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Для Украіны і Еўропы надзвычай важна, каб Беларусь заставалася суверэннай і незалежнай дзяржавай, свабоднай ад расейскага ўплыву. Пад такім загалоўкам украінскае выданне Ukrinform размясціла вынікі сустрэчы сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксея Данілава і кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Паўла Солаха.

Украінскае выданне падкрэслівае, што дыялог у межах Люблінскага трохкутніка (Украіна, Польшча, Літва) будзе працягвацца з мэтай аказання салідарнай падтрымкі беларускаму народу і садзеяння далейшаму развіццю Беларусі як незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы.

***

Перад новым прэзідэнтам ЗША складаная задача: яму адначасова трэба адрадзіць абрынутую Трампам архітэктуру бяспекі часоў халоднай вайны, але пры гэтым ускласці на Уладзіміра Пуціна адказнасць за яго «усё больш нахабныя антызаходнія дзеянні».

Брытанская газета Financial Times размясціла артыкул пад назвай «Першае знешнепалітычнае выпрабаванне для Байдэна: знайсці збалансаванае рашэнне па Расеі».

Прынамсі Белы дом  заявіў, што будзе дамагацца прамога падаўжэння дамовы з Крамлём аб кантролі над ядзернымі ўзбраеннямі.

«Гэтым і можна патлумачыць, чаму нягледзячы на асуджэнне арышту Навальнага і кібератакі на праграмнае забеспячэнне SolarWinds, канкрэтных крокаў, каб пакараць Крэмль, Белы дом пакуль не рабіў»,  – заўважае Financial Times.

***

Радыё Заходне-нямецкага вяшчання Westdeutscher Rundfunk ў нядзелю 24 студзеня запрашае слухачоў паразважаць, як паўстанне ў Беларусі адбываецца звонку.

Паводле аўтара радыёперадачы Юргена Буха, сістэма Лукашэнкі ў Беларусі застаецца ва ўладзе толькі пры дапамозе чыстага гвалту. Тым не менш пратэсты не скончыліся, у тым ліку дзякуючы актыўнай падтрымцы беларускага руху з-за мяжы арганізацыямі ў выгнанні.

«Беларусы рыхтуюцца да часоў пасля Лукашэнкі. Сваю будучыню яны бачаць у ЕЗ. Аднак нельга выключаць, што, як і ва Украіне, Пуцін будзе ўмешвацца непасрэдна ў Беларусь для рэалізацыі сваіх геапалітычных мэтаў», – рэзюмуе нямецкае радыё Westdeutscher Rundfunk і запрашае далучацца да эфіру ў нядзелю 24 студзея а 15-й і 22-й гадзінах па беларускім часе, у Польшчы на дзве гадзіны раней.

***

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕЗ падчас саміту па пытаннях вакцынацыі выступілі ў падтрымку плана Еўракамісіі, згодна з якім да канца сакавіка гэтага году мяркуецца ажыццявіць вакцынацыю як мінімум 80% насельніцтва старэйшага за 80 год, а таксама асобаў, занятых у сферы догляду хворых і нямоглых. Таксама плануецца да канца лета прышчапіць 70% усяго насельніцтва. СМІ ў сваю чаргу сумнявацца ў поспеху ініцыятывы.

***

Брытанская газета Financial Times сцвярджае: «У гонцы за вакцынамі нельга пілаваць сук, на якім сядзіш. Калі багатыя краіны будуць думаць толькі пра сябе і ў ходзе бітве за вакцыны адціснуць на абочыну бяднейшыя краіны, то такім чынам яны не толькі праявяць ганебны эгаізм, але і нашкодзяць самім сабе. Калі дазволіць вірусу бескантрольна бушаваць у адной частцы свету, то ён заб’е куды больш людзей. І мутаваць ён будзе хутчэй: не выключна, што ўзнікнуць штамы, супраць якіх распрацаваныя вакцыны апынуцца бяздзейснымі».

Брытанскае выданне заклікае разглядаць вакцыны як агульнасусветны здабытак.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.