Агляд прэсы: карлікі і веліканы



Беларусь далучаецца да вайны Расеі супраць Украіны. Украіна падала заяўку на паскоранае ўступленне ў ЕЗ. ЕЗ паставіць Украіне зброю: новая свядомасць сфармавана. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь у аўторак далучылася да расейскага ўварвання ва Украіну, увёўшы войскі краіны ў Чарнігаўскую вобласць на поўнач Украіны, што і пацвердзілі ўкраінскія ўлады», – публікуе відавочна ганебны для гісторыі Беларусі факт еўрапейскае выданне Politico і дае спасылку на твітэр, апублікаваны ў аўторак раніцай, праз які ўкраінскі парламент, Вярхоўная Рада, пацвердзіла ранейшыя паведамленні аб знаходжанні беларускіх войскаў на ўкраінскай зямлі.

«Беларускія войскі ўвайшлі ў Чарнігаўскую вобласць. Інфармацыю грамадскасці пацвердзіў прэс-сакратар войскаў Паўночнай тэрытарыяльнай абароны Віталь Кірылаў. Паводле мясцовых звестак, беларуская калона ў складзе 33 адзінак увайшла ў рэгіён, размешчаны на поўнач ад Кіева, з адрэзанай мабільнай сувяззю.

Наўпроставае ўцягванне Беларусі ў вайну адбываецца праз некалькі дзён пасля таго, як Лукашэнка правёў рэферэндум аб прапанаваных зменах у канстытуцыю, якія дазволяюць яму замацаваць кантроль над краінай і спыніць статус Беларусі як бяз’ядзернай зоны, што адкрывае шлях для магчымага разгортвання расейскай ядзернай зброі ў краіне», – адзначае еўрапейскае выданне.

Украіна падала заяўку на ўступленне ў Еўразвяз у паскораным парадку. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляйен падкрэсліла асаблівыя адносіны з Украінай: «З часам украінцы і праўда будуць з намі, яны – адны з нас, і мы хочам, каб яны ўступілі ў Еўразвяз». Наколькі магчымае ўступленне ў ЕЗ у паскораным парадку і наколькі гэта мэтазгодна, абмяркоўвае еўрапейская прэса.

Бельгійская газета De Morgen таксама настроена скептычна.

«Акрамя гуманнасці нам зараз найперш трэба захоўваць цвярозую галаву. Прыняць краіну, якая знаходзіцца ў самым разгары вайны, у ЕЗ: як вы сабе гэта ўяўляеце? Без усялякіх сумневаў – мы, еўрапейцы, павінны падтрымаць Украіну ў гэтай страшнай вайне. Аднак мы не абавязаны кідацца з галавой у вір, увязваючыся ў ваенныя дзеянні. Зразумела, словы фон дэр Ляйен варта тлумачыць перш за ўсё як сімвал падтрымкі. Але палітычным лідэрам ЕЗ лепш бы сачыць за сваімі дзеяннямі і прытрымаць абяцанні. Бо калі за словамі не рушаць услед канкрэтныя дзеянні, то вынікам стануць жорсткае расчараванне і адчужанасць», – адзначае бельгійскае выданне.

Еўрапейскі звяз мае намер перадаць Украіне зброю, амуніцыю і ваенную тэхніку на суму паўмільярды эўра. Краіны супольнасці таксама хутка ўзгаднілі і ўвялі суровыя санкцыі супраць Расеі. Гэтая нябачаная дагэтуль хуткасць рэакцыі зрабіла на аглядальнікаў велізарнае ўражанне.

„На нашых вачах фармуецца новая свядомасць”, – піша італьянская газета Corriere della Sera.

«У адрозненне ад палітыкі прымірэння, якая праводзілася ў дачыненні да Гітлера ў 1938 годзе, сёння ўрады і грамадская думка Еўропы дэманструюць сілу і згуртаванасць. Яны даюць адпор парушэнню Масквой палажэнняў міжнароднага права і міжнароднага гуманітарнага права. Нешта дзіўнае адбываецца зараз у Еўропе. Пакуль невядома, як доўга ўсё гэта працягнецца і чым скончыцца. Аднак на фоне вялікай колькасці людзей, якія выйшлі на акцыю пратэсту каля Брандэнбургскай брамы, там дзе 33 гады таму на руінах Берлінскай сцяны Еўропа была зноў аб’яднаная, на плошчах па ўсім кантыненце сёння, магчыма, ужо пачалася новая еўрапейская гісторыя, напоўненая свядомасцю таго, што без свабоды і справядлівасці свету быць не можа», – адзначае італьянскае выданне.

«Чалавецтва, па сутнасці, не прасунулася ў справе абароны клімату, ды і не гатова да наступстваў яго змены», – такая выснова ўтрымліваецца ў апублікаваным дакладзе Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату. Нам застаецца вельмі мала часу на тое, каб паспрабаваць пазбегнуць хаця б самых вострых наступстваў глабальнага пацяплення, якія пацягнуць за сабой экстрэмальныя з’явы надвор’я і калапс экасістэм. Еўрапейская прэса не хавае трывогі.

Брытанская газета The Guardian не хавае свайго шкадавання.

«Як бачна па крызісе вакол Украіны, калі ўрады лічаць якую-небудзь пагрозу сапраўды сур’ёзнай, то яны гатовыя вылучыць на супрацьдзеянне ёй каласальныя грашовыя сумы. Вельмі сумна, што на працягу цэлага дзесяцігоддзя не знайшлося параўнальных сум на тое, каб аказаць дапамогу дзяржавам, якім кліматычны крызіс пагражае асабліва моцна. Паводле ацэнак экспертаў, для таго, каб хоць неяк адаптавацца да наступстваў змены клімату, афрыканскім краінам давядзецца выдзяляць на гэтыя мэты ў сярэднім па чатыры працэнты ВУП штогод. Маецца быць знойдзеным такі лад жыцця, пры якім сацыяльная справядлівасць ішла б рука аб руку з экалагічнай устойлівасцю. Міжурадавая група экспертаў па змене клімату прыходзіць да несуцяшальнай высновы, што пошук, па сутнасці, яшчэ не пачаўся», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя