Агляд прэсы: хто наступны?



Расею і Беларусь не запрасілі на набажэнствы, прысвечаныя атамнай бамбардзіроўцы. Новая жалезная заслона. Ваенная дыпламатыя: няўжо Кісінджэр мае рацыю? Карані забойстваў.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Афіцыйныя асобы Хірасімы і Нагасакі вырашылі не запрашаць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі на штогадовую цырымоніі з нагоды атамных бамбардзіровак гарадоў у адказ на ўварванне Масквы ва Украіну», – паведамляе японская газета Аsahi.

«Цырымоніі, якія пройдуць 6 і 9 жніўня, будуць прысвечаны 77-й гадавіне атамных бамбардзіровак абодвух гарадоў. Такое рашэнне прынялі кіраўнікі гарадоў 20 мая пасля кансультацый з цэнтральным урадам. Хірасіма і Нагасакі заклікаюць да скасавання ядзернай зброі, дзелячыся са светам сваім вопытам у якасці адзіных гарадоў, якія пацярпелі ад атамных бамбаванняў. Таксама вядома, што некаторыя краіны адмовяцца ад удзелу ў мерапрыемстве, калі будзе запрошана Расея. Некаторыя сведкі атамнай трагедыі і эксперты маюць неадназначную рэакцыю. «Цырымонія мае ўніверсальную мэту «імкнуцца да міру для ўсяго чалавецтва». Рашэнне не павінна прымацца ў сувязі з апошнімі праблемамі або палітыкай урада таго часу», — цыту, заслужанага прафесара міжнароднага права ва Універсітэце Осакі Міцуру Курасава японская газета.

Вайна ва Украіне перакроіла баланс сіл у Еўропе. Фінляндыя і Швецыя жадаюць уступіць у НАТА, а Украіна – у ЕЗ. «Калі мы самі сябе нейкай сцяной не будзем аддзяляць, то ніхто такую краіну, як Расея, аддзяліць не зможа», – заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, выступаючы па відэасувязі на Еўразійскім эканамічным форуме ў Бішкеку. Еўрапейскія СМІ разважаюць аб тым, на чыім баку насамрэч знаходзяцца іх краіны.

«Вайна ва Украіне дала старт станоўчым зменам у еўрапейскай абароннай палітыцы», – лічыць швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Фінляндыя і Швецыя рвуцца ў НАТА, Камісія ЕЗ фінансуе пастаўкі зброі, а абаронныя бюджэты краін-сябраў альянсу растуць. Аб’яднанне адпаведных намаганняў па пытаннях узбраенняў было б наступным лагічным крокам у ходзе павышэння абароннага патэнцыялу нашага кантынента. Узброеныя сілы Еўропы маглі б больш эфектыўна дзейнічаць сумесна, з’явіўся б шанец пазбегнуць непатрэбнага дубліравання, а расходы на абарону выкарыстоўваць больш эфектыўна. Гэта было б пажадана таксама і з пункту гледжання НАТА», – падсумоўвае швейцарскае выданне.

Падчас Сусветнага эканамічнага форума ў Давосе былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр выказаўся пра магчымыя шляхі выхаду з вайны ва Украіне. На яго думку, зневажальнае паражэнне для Масквы было б небяспечным, а вось тэрытарыяльныя саступкі Расеі аказаліся б укладам у доўгатэрміновы мір на кантыненце. Еўрапейская прэса даволі бурна адрэагавала на такое выказванне.

«Па-за ўсялякім сумневам, ідэя Кісінджэра прывабная, але ў корані няслушная», – піша чэшская газета Pravda.

«Якія гарантыі ёсць ва Украіны, што Расея не ўварвецца на яе тэрыторыю зноў, прытым што гэта ўжо здарылася двойчы? Адказ прэзідэнта Зяленскага, які параўнаў падобныя ідэі з мюнхенскай змовай 1938 года, трапляе наўпрост ў яблычак. Нават тады палітыкі наіўна лічылі, што Гітлер пакіне ўсіх у спакоі, калі яны ахвяруюць часткай населеных немцамі чэхаславацкіх ускраін і далучаць Судзецкую вобласць да Германскага рэйха. Мы ведаем, што гэта не толькі не прадухіліла вайну, але і стала жахлівай ганьбай. Дакумент, пра які Чэмберлен вёў перамовы ў Мюнхене, з’яўляецца дастатковым напамінам аб тым, што знешнюю палітыку нельга весці такім чынам», – піша чэшскае выданне.

У аўторак у пачатковай школе тэхаскага мястэчка Ювалд 18-гадовы амерыканец расстраляў 19 дзяцей і двух дарослых. Прэзідэнт ЗША Байдэн быў узрушаны і заклікаў да ўзмацнення жорсткасці законаў аб доступе да зброі. „Я сыты па горла. Мы павінны дзейнічаць», – сказаў прэзідэнт. Як можна прадухіліць такія трагедыі? Гішпанская газета El País у жаху ад выпадку ў ЗША.

«Даўняе і складанае перапляценне інтарэсаў ваеннай прамысловасці і палітыкаў перашкаджае правядзенню далёка ідучай заканадаўчай рэформы. Зброевае лобі адкрыта атаясамліваецца з Рэспубліканскай партыяй, але ў мінулым і дэмакраты не адважваліся загаварыць услых аб праблеме, якая закранае ўсе сацыяльныя класы, і перш за ўсё ў сельскай мясцовасці. Палярызацыя ЗША ў гэтым стагоддзі толькі пагоршыла гэтую перакручаную дынаміку. Няма ніводнага значнага палітычнага руху, які можа перашкодзіць бясконцаму паўтарэнню палахлівага рытуалу адмовы ўпарадкаваць рэгуляванне абароту зброі», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]