Агляд прэсы: хто захоча – той пачуе



Лукашэнка рыхтуе для сына Віктара права пераемнасці Беларусі. Расея правальваецца ў брэжнеўскія часы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Арабскае выданне Al Jazeera цытуе Лукашэнку, які заявіў у суботу, што зменіць закон, каб палегчыць перадачу ўлады дзяржаўнаму органу, у склад якога ўваходзіць ягоны сын.

Згодна з дзеючым законам, прэзідэнцкія паўнамоцтвы будуць перададзены прэм’ер-міністру краіны. У цяперашні час гэтую пасаду займае адданы Лукашэнку Раман Галоўчанка. Афіцыйна 66-гадовы «асілак» сам з’яўляецца кіраўніком Савета нацыянальнай бяспекі, але сын Віктар таксама мае там пасаду і лічыцца нефармальным лідарам савета.

«Акрамя гэтага Лукашэнка будзе шукаць значна больш цесных сувязяў з Расеяй пасля таго, як будзе адрынуты рэштай міжнароднай супольнасці», – адзначае арабскае выданне.

***

На мінулым тыдні, калі Уладзімір Пуцін выступіў з зваротам да Федэральнага сходу, дзясяткі тысяч людзей у Расеі выйшлі на вуліцы, каб выказаць салідарнасць з цяжкім хворым Аляксеем Навальным, змешчаным цяпер у зняволенні. Па дадзеных арганізацыі Human Rights Watch, на гэты раз гвалту ў адносінах да дэманстрантаў было менш. Еўрапейская прэса разважае пра тое, ці не знікнуць увогуле пратэсты ў абарону Навальнага.

***

«Проста дэжавю нейкае», – піша эстонская газета Eesti Päevaleht. «Сённяшняя Расея ўсё больш нагадвае Савецкі Саюз часоў брэжнеўскага застою. У прэзідэнта маецца сваё палітбюро, якое мала чым адрозніваецца ад савецкага. Ёсць малы круг, які прымае рашэнні, якія пасля абвяшчаюцца на ўсю краіну. Блізкі да Навальнага палітык Ілля Яшын у сераду запосціў у сябе на старонцы фотыздымак «стукачоў» сярод дэманстрантаў на пратэстным мітынгу. На гэтым фоне зноў становіцца актуальным анекдот з савецкай эпохі: па вуліцы ідзе песіміст, а за ім следам два аптымісты – у грамадзянскім адзенні».

***

„Да гэтага часу японскія афіцыйныя асобы выключалі варыянт адмены Алімпійскіх гульняў у Токіо. Зараз гэта ўжо не так. Перад тварам чацвёртай хвалі заражэння ўрад разглядае магчымасць увядзення новага надзвычайнага становішча ў галіне аховы здароўя ў сталіцы краіны, у Осаке і ў дэпартаменце Хіёга», – піша французская газета Le Monde.

Выданне падкрэслівае, што калі пандэмія працягне пагаршацца, то праводзіць Алімпійскія гульні недарэчна. Хаця калі Японія атрымала права правядзення летніх Алімпійскіх гульняў у 2013 годзе, гэта ўяўлялася як сімвал адраджэння: перагортвалася старонка стыхійных бедстваў (землятрус, цунамі і ядзерная катастрофа). «Менш чым за сто дзён да іх адкрыцця, у самы разгар пандэміі, энтузіязм змяніўся скептыцызмам, а затым і адкрытым процідзеяннем гэтай падзеі з боку большасці японцаў», – гаворыцца ў артыкуле. – «Правядзенне Алімпійскіх гульняў у разгар пандэміі можа стаць яшчэ адной ілюстрацыяй менавіта структурнага крызісу ў Японіі».

***

Згодна з дакладам ААН, колькасць так званых «мёртвых зонаў» у Сусветным акіяне значна ўзрасла. «Мёртвымі» зонамі навукоўцы называюць участкі акіяна, дзе ўтрыманне кіслароду настолькі нізкая, што расліны і жывёлы не могуць там выжыць. Падобныя мёртвыя зоны прыроднага паходжання сустракаюцца ў некаторых частках акіяна на глыбінях ад 200 да 800 метраў. Аднак яны таксама могуць узнікаць у выніку зменаў клімату. «Па меры прагравання акіянаў утрыманне кіслароду ў вадзе памяншаецца. Сваю ролю можа адыгрывае і забруджванне навакольнага асяроддзя, паколькі ўгнаенні і сцёкавыя воды таксама пазбаўляюць акіян кіслароду», – паведамляе нямецкая газета Die Zeit. Паводле выдання колькасць гэтых зон павялічылася за апошнія 10 год з 400 да 700 зонаў, моцна закрануты «мёртвымі зонамі» Мексіканскі заліў, Паўднёва-Кітайское мора, а таксама Балтыйскае і Паўночнае мора. «У ААН лічаць, што сітуацыя працягне пагаршацца. У першай палове XXI стагоддзя колькасць азоту, які з’яўляецца ў прыбярэжных раёнах у сувязі з дзейнасцю чалавека, павялічыцца ўдвая», – папярэджвае Die Zeit.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.