Агляд прэсы: кіно і немцы
Захад шукае новыя спосабы прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку. Цэны на газ растуць: як рэагаваць Еўразвязу? Канцлер Аўстрыі абвінавачваецца ў карупцыі. 15 гадоў з забойства Ганны Паліткоўскай: «Расейскае кіраўніцтва ведае замоўцу». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Апошні год рэжым Лукашэнкі з ашаламляльнай рэгулярнасцю парушае міжнародныя нормы. У дадатак да фактычнага захопу рэйса 4978 Ryanair, дыктатара абвінавачваюць у тым, што ён загадаў катаваць апазіцыйных дзеячаў і айчынных крытыкаў, стварыў міграцыйны крызіс на мяжы сваёй краіны з Літвой, Латвіяй і Польшчай і пагражаў парушэннем жыццёва важных паставак паміж Еўропай і Азіяй», –адзначае амерыканскае выданне Atlantic Council.
Як падкрэслівае выданне, у той час як Еўразвяз, Вялікабрытанія, Канада і ЗША ўвялі некалькі раундаў санкцый, Беларусь застаецца сябрам міжнародных арганізацый і ў значнай ступені пазбегла любой шматбаковай адказнасці.
«Гэта можа вось-вось змяніцца. У Еўропе таксама ўзмацняюцца патрабаванні да Лукашэнкі перад міжнародным трыбуналам. 5-га кастрычніка два дэпутаты Еўрапарламенту, былы прэм’ер -міністр Літвы Андрыус Кубілюс і еўрадэпутат ад «Зялёных» ад Германіі Сяргей Лагодзінскі, заклікалі перавезці Лукашэнку ў Міжнародны суд па абвінавачванні ў катаваннях. Патрабаванне заканадаўцаў, верагодна, будзе ўключана ў рэзалюцыю, па якой Еўрапарламент павінен быў прагаласаваць 7-га кастрычніка. Аднак такія намаганні будуць няпоўнымі, пакуль таксама не будуць прыняты меры па ўсебаковай арыентацыі на расейскія сілы аўтакратычнага кіраўніка. Гэта не толькі рэжым Уладзіміра Пуціна, але і звязаныя з Крамлём расейскія алігархі і прадпрыемствы, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Напрыклад, Герман Грэф – можа быць самы вядомы лабіст Лукашэнкі ў Крамлі. Занадта доўга Захад і міжнародная супольнасць дазвалялі аўтакратычным рэжымам, такім як Лукашэнка і Пуцін, дзейнічаць у абодвух напрамках, карыстаючыся выгадамі міжнародных законаў, правілаў і нормаў, нават калі яны нахабна парушалі іх. Прыйшоў час прыцягнуць гэтых аўтакратаў да адказнасці», – заклікае амерыканскае выданне.
На фоне імклівага росту коштаў на газ на саміце ЕЗ у Славеніі сярод іншага абмяркоўвалася ідэя сумесных закупак прыроднага газу і ўвядзення новых правілаў для еўрапейскага энергетычнага рынку. Час не церпіць, бо зіма напэўна застане многіх спажыўцоў знянацку, і яны проста не змогуць плаціць за ацяпленне. Еўрапейскія СМІ шукаюць шляхі вырашэння праблемы.
На думку італьянскай газеты Corriere della Sera, малаверагодна, што падчас кастрычніцкага пасяджэння Еўрапейскага савету будзе знойдзена сумеснае рашэнне.
«Група дзяржаў у складзе Францыі, Іспаніі, Грэцыі, Чэхіі і Румыніі заклікае Еўракамісію адрэагаваць неадкладна і выпрацаваць скаардынаваныя рашэнні: пачынаючы з рэформы энергетычнага рынку і ажно да сумесных закупак газу і стварэння агульных яго запасаў. Паўночныя краіны кантыненту, а таксама Германія, Бельгія і Нідэрланды, праяўляюць вялікую асцярожнасць, што і стала відавочным падчас учорашняга пасяджэння міністраў экалогіі цэлага шэрагу краін ЕЗ. Міністр экалогіі ФРГ Свэн Шульцэ заявіла, што ва ўрадзе яе краіны скептычна ставяцца да ідэі рэгулявання свабоднага рынку», – піша італьянскае выданне.
Спецыяльны камітэт аўстрыйскай пракуратуры па расследаванні карупцыйных злачынстваў правёў ператрус у адміністрацыі канцлера, Міністэрстве фінансаў і аддзяленні партыі АНП. Дадзеныя меры сталі часткай расследавання, якое вядзецца ў дачыненні да канцлера Курца і набліжаных да яго асобаў: вярхоўнае чынавенства абвінавачваецца ў растраце, а таксама дачы і атрыманні хабару. Як адзначаюць журналісты, цяперашні скандал мае зусім новае вымярэнне.
«Гэты скандал варты экранізацыі», – піша італьянскае выданне La Stampa.
«Гэтакі «Карткавы домік» у венскім стылі. Справа ўзыходзіць да 2016 году, калі Курц, калі быў маладым міністрам замежных спраў, намерыўся з’яднаць за сваёй спінай АНП, падаўшы партыі перспектывы абнаўлення, а затым балатавацца як яе вылучэнец. Цяпер узнікае падазрэнне, што былы міністр і яго супрацоўнікі выкарыстоўвалі сродкі з казны для аплаты апытанняў і рэкламы на суму 1,3 мільёны еўра з мэтай паўплываць на стварэнне станоўчага аблічча партыі ў СМІ. Як заяўляецца, Курц і яго супрацоўнікі прарабілі ўсё гэта ў інтарэсах АНП, вось толькі аплачана ўсё гэта задавальненне было з агульнадзяржаўных сродкаў, паколькі да скарбніцы самой партыі Курц доступу не меў»,– падкрэслівае італьянскае выданне.
«15 гадоў таму на Дзень народзінаў Пуціна была забітая расейская журналістка Ганна Паліткоўская, якая займалася расследаваннямі. На сёння расследаванне яе забойста наўмысна зацягнута, а калегі сутыкаюцца з небяспекай», – адзначае нямецкае выданне ARD.
Выданне падкрэслівае, што артыкулы і фільм, якія ўжо апублікаваныя на гэтую тэму, у цэлым закранаюць адно пытанне: следчыя так і не знайшлі людзей, што замовілі забойства Ганны Паліткоўскай, і не збіраюцца гэтага рабіць.
«Мы таксама не ведаем, хто працягвае расследаванне. Мы глыбока перакананыя, што палітычнае кіраўніцтва Расеі ведае імя замоўцы, але не лічыць палітычна мэтазгодным прыцягваць яго да адказнасці», – гаворыцца ў артыкуле. Супрацоўнікі Паліткоўскай з «Новай газеты» падкрэслілі, што пасля забойства калегі вымушаныя часова спыніць працу ў Чачні, акрамя гэтага з моманту заснавання яны страцілі шэсць супрацоўнікаў.
Паводле нямецкага выдання, у Еўропе Ганну Паліткоўскую лічаць абаронцай незалежнай журналістыкі ў Расеі, а ў Еўрапарламенце ёсць заля імя Паліткоўскай для прэс-канферэнцый.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
