Агляд прэсы: кола замкнулася



Якім чынам жорсткія рэпрэсіі Лукашэнкі атрымліваюць смяротную дапамогу ад Масквы? СМІ сочаць за тым, ці вырашыць агульны крызіс візіт Папы Рымскага ў Ірак. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Амерыканскае інфармацыйнае выданне Foreign Policy надрукавала вынікі расследавання падаўлення пратэстаў, паводле якіх у Беларусі зафіксавана шырокае выкарыстанне расейскай зброі. Выданне паведамляе, што эксперты фонду BYPOL зладзілі параўнаўчы аналіз фатаграфій зброі, патронаў і пашкоджанняў дэманстрантаў, размешчаныя ў Інтэрнэце па выніках пратэстаў у Беларусі. На падставе гэтых доказаў, акрамя сведчанняў і інфармацыі, прадстаўленай крыніцамі, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх органах бяспекі, BYPOL прыйшоў да высновы, што падчас дэманстрацый супраць удзельнікаў пратэстаў была выкарыстана наступная зброя і боепрыпасы:

гранатамёт GM-94, выраблены ў Туле, кулямёт Калашнікава, напаўаўтаматычная вінтоўка Сайга-12К, пісталет MP-353 для стральбы  гумавымі кулямі, якія могуць быць небяспечнымі з блізкай адлегласці.

 Foreign Policy таксама паведамляе, што ў Менску ўжываліся гранатамёты VGM, якія апісаныя «Расабаронэкспартам» як «распрацаваныя для аказання псіхафізічнага эфекту і ўздзеяння ўспышкі на правапарушальнікаў».

Акрамя гэтага на месцы пратэстаў былі знойдзеныя розныя адпрацаваныя патроны і боепрыпасы, у тым ліку шматлікія вырабленыя ў Расеі фірмай «Іжэўск Тэхрым».

«Большасць з гэтых відаў зброі прызначана для ваенных мэтаў, у тым ліку для падаўлення сур’ёзных міжусобіц альбо тэрактаў, і рэдка выкарыстоўваюцца для звычайнага кантролю над натоўпам», – робіць выснову амерыканскае выданне.

Папа Рымскі Францыск прыбывае ў Багдад. Гэта стане першым у гісторыі візітам кіраўніка Рымскай каталіцкай царквы ў Ірак і першай паездкай Францыска пасля амаль гадавой каронавіруснай паўзы. Дэвізам сваёй чатырохдзённай паездкі Папа абвясціў «братэрства». Ён мае намер зрабіць упор на тым, што аб’ядноўвае рэлігіі. Як адзначае прэса, тым самым пантыфік праяўляе жэст салідарнасці і гатовасці да дыялогу на фоне вельмі складанага кантэксту.

Аднак французская газета L’Opinion сумняваецца ў тым, што візіт Папы Рымскага дасць станоўчы эфект:

«Усяго за паўстагоддзіе краіна перажыла жорсткую дыктатуру Садама Хусэйна, жахлівую вайну з Іранам, два ўварванні з боку ЗША, жорсткае эмбарга ў прамежкавы перыяд, а таксама крушэнне дзяржавы, грамадзянскую вайну, за якімі рушылі ўслед усталяванне «халіфата ІГІЛ» і пасля ягонае знішчэнне. І няма ніякіх пробліскаў надзеі. Пустка паміж шыітамі, курдамі і сунітамі глыбокая, карупцыя ў краіне маштабная, а гвалт – усюдыісны. Акрамя таго, Ірак уяўляе сабой плацдарм канфрантацыі паміж ЗША і Іранам. Вядома, у 2019 годзе моладзь Ірака змагла мабілізавацца і запатрабаваць ад уладаў правядзення рэформаў, гэтак жа, як гэта адбылося ў Ліване або Алжыры. Аднак гэты рух сыйшоў у пясок, і добразычлівы голас Папы Францыска наўрад ці здольны нешта змяніць у гэтай трагедыі».

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган у агульных рысах прадставіў грамадскасці «План дзеянняў у абарону правоў чалавека». Ён уключае ў сябе каля 400 асобных пунктаў, у тым ліку ўмацаванне свабоды слова, правоў жанчын і садзеянне незалежнасці юстыцыі. У той жа самы час у краіне за кратамі працягвае знаходзіцца мноства апазіцыйных палітыкаў і журналістаў. Прэса задаецца пытаннем, якім чынам ЕЗ і ЗША адрэагуюць на інтрыгі Эрдагана і ці не падыграюць яны яму. Інфармацыйнае выданне Грэцыі In.gr не хавае сваёй іроніі ў сувязі з ініцыятывай Эрдагана:

«Можа быць, ён хоча данесці да ЕЗ і Еўропы, што турэцкія ваенныя аперацыі ў Сірыі, Іраку, Лівіі і на Каўказе адпавядаюць нормам міжнароднага права? Або што Турцыя проста не чула пра рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, якія патрабуюць адпусціць палітычных зняволеных з ліку курдаў, а таксама бізнесмена Асмана Кавала. План паглыблення дэмакратыі ў эрдаганаўскай Турцыі – гэта было б смешна, калі б не было так сумна».

Французская газета Le Monde настойвае на тым, што высвятленне паходжання SARS-CoV-2 мае вырашальнае значэнне для больш эфектыўнага процідзеяння цяперашняй эпідэміі і зніжэння рызыкі будучых пандэмій. На жаль, менш чым праз месяц пасля заканчэння працы сумеснай місіі СААЗ і кітайскіх уладаў, адказнай за расследаванне перадачы чалавеку новага каронавірусу, вынікаў, якія б задаволілі сусветную супольнасць, не назіраецца. Наадварот буйны амерыканскі часопіс The Wall Street Journal надрукаваў публічны зварот былых супрацоўнікаў нацыянальнай бяспекі Белага дома пры адміністрацыі Клінтана, а таксама еўрапейскіх вірусолагаў, дзе патрабуецца ўвесці спіс канкрэтных умоў для Кітая, каб правесці новае расследаванне, скасаваць наяўны канфлікт інтарэсаў і даследаваць усе мажлівыя сцэнары. Пры гэтым патрабуецца, каб усе важныя маніпуляцыі з дадзенымі праводзілі прадстаўнікі СААЗ, а не Кітая, як было да гэтага часу.

«Акрамя таго, сябры  місіі  СААЗ не мелі доступу да многіх дадзеных, што тычацца наведаных даследчых лабараторый», – адзначае  Le Monde і чакае пачатку новага міжнароднага расследавання.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка