Агляд прэсы: кошт паўстання
Рабочыя ў Беларусі па-ранейшаму дамагаюцца дэмакратыі і працоўных правоў. Ці мажліва дыпламатыя з Талібанам? Справа аб расейскім шпіянажы ўзрушыла рух за незалежнасць Каталоніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прайшло больш за год пасля таго, як у Беларусі адбыліся спрэчныя прэзідэнцкія выбары, але дагэтуль былая савецкая дзяржава знаходзіцца ў неспакоі з тых часоў, як Лукашэнка, які знаходзіўся пры ўладзе апошнія 27 гадоў, заявіў аб пераканаўчай перамозе, нягледзячы на распаўсюджаныя доказы таго, што выбары не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, і што кандыдат Святлана Ціханоўская, верагодна, перамагла», – піша спецыялізаваны еўрапейскі часопіс Equal Times.
Выданне падкрэслівае, што рабочыя стварылі страйкавыя камітэты для падрыхтоўкі да ўсеагульнай забастоўкі ў падтрымку дэмакратычных пераменаў. Іх патрабаванні былі простымі: новыя выбары, вызваленне ўсіх палітвязняў, незалежнае расследаванне гвалту сілавікоў. Стыхійныя сходы праходзілі па ўсёй Беларусі на працягу некалькіх дзён у жніўні, і за гэты час дзясяткі прадпрыемстваў падпалі пад страйк рабочых, хаця легальна іх арганізаваць амаль немагчыма.
«Большасць членаў прафсаюзаў у Беларусі (чатыры мільёны) належаць да дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) – перажытка савецкай сістэмы з удзелам міністраў у органах, якія прымаюць рашэнні. У цяперашні час незалежная прафасаюзы прадстаўляюць каля 10 тысяч рабочых, але працаваць у поўную моц яны не маюць мажлівасці. Згодна з новымі папраўкамі да працоўнага заканадаўства, якія ўступілі ў сілу гэтым летам, забастоўкі з палітычнымі патрабаваннямі ў Беларусі цяпер незаконныя. Фактычна, становішча рабочых ў Беларусі нагадвае сучасную форму рабства», – папярэджвае еўрапейскае выданне.
***
Міністры замежных спраў 27 краін ЕЗ сумеснымі намаганнямі выпрацавалі пералік патрабаванняў і крытэрыяў у дачыненні да будучага ўраду ў Кабуле. Пры ўмове выканання гэтых крытэрыяў краіне можа быць прадастаўлена фінансавая дапамога. Меркаванні прэсы падзяліліся: адны аглядальнікі ў корані супраць падобнага супрацоўніцтва, іншыя пішуць толькі пра тое, якія менавіта патрабаванні варта было б выставіць талібам.
«Умовай якіх бы там ні было перамоваў з талібамі павінна стаць гарантыя таго, што ў краіне будзе забяспечана гендэрнае раўнапраўе», – піша нямецкае газета Die Tageszeitung.
«Гэта азначае, што, па-першае, гэтыя перамовы не павінны быць перамовамі выключна паміж мужчынамі. Талібы павінны з самага пачатку змірыцца з тым, што азначаюць роўныя правы: жанчыны таксама ўдзельнічаюць у перамовах. Па-другое, актывісткі, якія змагаюцца за правы жанчын, а таксама іх сваякі павінны быць уключаны ў спісы асобаў, якія маюць патрэбу ў асаблівай абароне. Трэба забяспечыць ім бяспечны спосаб пакінуць краіну, а таксама даць магчымасць жыць у бяспецы ў якой-небудзь іншай краіне. Па-трэцяе, у дачыненні да афганскіх жанчын павінны дзейнічаць асноўныя правы і свабоды, а таксама правы чалавека», – адзначае нямецкае выданне.
***
У Гішпаніі разгараецца шпіёнскі скандал вакол гісторыі са спробай Каталоніі атрымаць незалежнасць. «Блізкі дарадца Карласа Пучдэмона падчас некалькіх паездак у Маскву у 2019 годзе сустракаўся з рознымі расейскімі афіцыйнымі асобамі. Яны маглі быць звязаныя са з’яўленнем «Дэмакратычнага цунамі» (Tsunami Democràtic), таямнічай арганізацыі, якая актыўна выступае за незалежнасць Каталоніі, і пры гэтым створана ў Жэневе», – піша швейцарская газета Le Temps.
Выданне падкрэслівае, што ў Маскве эмісар былога прэзідэнта Каталоніі, які знаходзіўся ў выгнанні ў Бельгіі, сустракаўся з рознымі расейскімі афіцыйнымі асобамі, былымі агентамі выведкі і ўнукам галоўнага агента КДБ.
«Мэта – заручыцца дапамогай Расеі ў аддзяленні Каталоніі ад астатняй часткі Гішпаніі. Многія з афіцыйных асоб, з якімі сустракаўся дарадца, уцягнутыя ў тое, што цяпер вядома як «гібрыдная вайна Крамля супраць Захаду». Гэта наступальная, але прыхаваная вайна, заснаваная на прапагандзе, дэзінфармацыі або фінансаванні падрыўных палітычных рухаў», – перадае Le Temps.
***
У суботу споўніцца 20 гадоў з дня тэрактаў 11-га верасня 2001 году. У той дзень, у выніку дзеянняў тэрарыстаў-смяротнікаў, якія накіравалі самалёты на вежы Сусветнага гандлёвага цэнтру і будынак Пентагону, загінула 2996 чалавек (у тым ліку 19 тэрарыстаў), больш за 6000 атрымалі раненні. ЗША адрэагавалі на тэракты узмацненнем жорсткасці законаў аб высочванні і «вайной супраць тэрору», да якой разам з уварваннем ў Афганістан адносіцца і вайна ў Іраку, якая ідзе з 2003 году. Інтэрвенцыя ў Афганістан стала першым у гісторыі НАТО выпадкам задзейнічання артыкулу 5 Статута Альянсу, які дазваляе сумесны адказ у выпадку нападу на аднаго з сябраў арганізацыі.
«Рэакцыя ЗША на тэракты ў канчатковым выніку прывяла да большай колькасці ахвяр, чым выклікалі самі тэракты», – адзначае ірландская газета The Irish Times.
«У выніку тэрактаў 11-га верасня загінула 2977 чалавек – лічба, якая палохае да гэтага. Аднак войны, якія былі пачатыя пасля гэтых тэрактаў, забралі жыцці 801 000 чалавек, і гэта толькі прамыя страты. Колькасць тых, хто загінуў ад ўскосных наступстваў, несупамерна вышэй. 38 мільёнаў чалавек былі вымушаныя бегчы з наседжаных месцаў. Каб дасягнуць такіх вынікаў, ЗША выдаткавалі 6,4 трыльёна даляраў. Можна быць упэўненым, што гэта нашмат перавышае ўсе самыя фанатычныя летуценні Усамы бэн Ладэна. Вялікая трагедыя тых, хто выжыў у тэрактах 11-га верасня, а таксама сваякоў загінуўшых заключаецца ў тым, што ў іх складваецца адчуванне перамогі бэн Ладэна», – падкрэслівае ірландская газета.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
