Агляд прэсы: крок на апярэджванне



Перамога Беларусі зняволенай. Урадавы крызіс у Румыніі. У Швецыю вяртаюцца жонкі ігілаўцаў. Сальдвадор афіцыйна карыстаецца біткойнамі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Сусветная прэса актыўна абмяркоўвае падзею, калі ў Беларусі суд прысудзіў апазіцыянерку Марыю Калеснікаву і яе адваката Максіма Знака да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі – адзінаццаці і дзесяці гадоў адпаведна. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прадстаўнікі апазіцыі, Еўразвяз і міжнародная арганізацыя Amnesty International рэзка асудзілі прысуд і патрабавалі вызваліць з турмаў краіны ўсіх палітвязняў. Аглядальнікі абураюцца, але часам і выказваюць надзею на тое, што перамога рана ці позна застанецца за асуджанымі.

«Назіраць за гэтым спектаклем было невыносна, аднак ён максімальна відавочна агаліў усю слабасць пазіцыі Лукашэнкі», – піша аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten. – «Добрая навіна: Лукашэнка не такі моцны, як здаецца. Створаная ім дыктатура не мае ніякіх перспектываў. І на гэтым фоне найлепшай стратэгіяй стасункаў з Лукашэнкам з’яўляецца палітыка выразнага і зацятага непрызнання і санкцый. Пры такім раскладзе натхняе мужнасць Марыі Калеснікавай, якая будзе ў рэшце рэшт узнагароджана, нават калі чакаць прыйдзецца доўга».

У Румыніі распалася кіруючая кааліцыя ў складзе трох партый: нацыянал-ліберальнай НЛП, кансерватыўнай USR-PLUS і Дэмакратычнага саюзу венграў Румыніі. У панядзелак шасцёра міністраў ад USR-PLUS абвясцілі аб адстаўцы, пасля таго як на мінулым тыдні прэм’ер-міністр Кыцу звольніў міністра юстыцыі Ёна з-за пастаянных канфліктаў па пытаннях судовай рэформы і размеркавання сродкаў, якiя паступаюць з фондаў ЕЗ. Цяпер «кансерватары» разглядаюць ідэю ініцыяваць вотум недаверу разам з ультранацыяналістамі з Альянсу за адзінства ўсіх румынаў (AUR).

«Прыклад саюзніцтва з праваэкстрэмісцкім Альянсам за адзінства ўсіх румын можа быць паўтораны і іншымі», – піша румынская газета Krónika.

«У кансерватыўнай USR-PLUS смага помсты ўзяла верх над здаровым сэнсам. Таму яны гатовыя нават пайсці на перамовы з Альянсам за адзінства ўсіх румын дзеля таго, каб сумесна ініцыяваць вотум недаверу. Пажадаем ім моцнага здароўя, але няхай тады ніхто не вінаваціць левацэнтрысцкую СДП, калі яна са свайго боку таксама вырашыць уступіць у саюз з Aльянсам. Бо з палітычнага каранціну гэтую экстрэмісцкую партыю вызваліў не хто іншы, як кансерватары, якія ў астатнім выбудоўваюць з сябе заўзятых змагароў за вяршэнства права», – рэзюмуе румынскае выданне.

У Швецыі набірае абароты дыскусія пра тое, як быць з жонкамі і дзецьмі удзельнікаў ІГІЛ. У панядзелак у краіну былі дастаўлены тры жанчыны і шасцёра дзяцей, якія ўтрымліваліся ў лагеры для палонных ігілаўцаў ў Сірыі. Дзве з трох жанчын ужо арыштаваныя. Паводле паведамленняў, у лагерах у Сірыі ўтрымліваюцца і іншыя жанчыны, якія прыехалі ў Сірыю са Швецыі, а таксама іх дзеці. Эксперты, якія займаюцца пытаннямі тэрарызму, указваюць на небяспеку таго, што вызваленыя з лагераў і павяртаныя ў краіну жонкі і дзеці ігілаўцаў могуць радыкалізавацца. Артыкулы ў шведскай прэсе адлюстроўваюць усю складанасць дадзенай тэматыкі.

Швецкая газета Aftonbladet адзначае, што забарона на ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі замацаваны ў заканадаўстве толькі з 2020 году.

«Надалей дзейнічаць трэба хутчэй. Адсутнасць строгіх законаў палегчыла для ІГІЛ вярбоўку новых чальцоў. Швецыя была кепска падрыхтаваная: адсутнічалі заканадаўчыя інструменты, пры дапамозе якіх можна было б перашкодзіць гэтым людзям адправіцца ў вядомы рэгіён, хоць былі ўсе падставы меркаваць, што яны маюць намер уступіць у шэрагі ІГІЛ. Шкада, але гэтага ўжо не змяніць. Зараз трэба зрабіць так, каб падобнае не паўтарылася. Дамагчыся гэтага можна, напрыклад, за кошт міжнароднага супрацоўніцтва: такім чынам можна было б справіцца з праблемай. Надалей трэба дзейнічаць на апярэджанне і не дапускаць таго, каб ІГІЛ меў магчымасць вербаваць у свае шэрагі новых чальцоў», – заклікае швецкае выданне.

Сальвадор закупіў першыя 200 біткойнаў і стаў першай у свеце крыптыдзяржавай. У краіне ўступіў у сілу закон аб яе выкарыстанні ў якасці плацежнага сродку. Цяпер крыптавалюту будуць абавязаны прымаць усе арганізацыі, а грамадзянам адкрыюць спецыяльныя гаманцы.

«Праз 20 гадоў пасля прыняцця даляра ў якасці нацыянальнай валюты Сальвадор становіцца першай у свеце дзяржавай, якая легалізуе біткойн як плацежны сродак. Але закон аб валютнай інтэграцыі ўсё яшчэ застаецца ў сіле. Гэта значыць, што грамадзян не абавяжуць плаціць выключна крыптавалютай», – цытуе выданне Assosiated Press заяву ўраду.

Як піша брытанская газета Financial Times, Сальвадор легалізаваў крыптавалюту, таму што занадта моцна залежыць ад даляра, яму патрэбныя альтэрнатывы, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў унутраных стымулюючых мераў ЗША. Да таго ж сальвадорцы, якія з’язджаюць на заробкі за мяжу, плацяць камісію за пераводы на радзіму. На іх долю прыпадае чвэрць ВУП краіны.

Суразмоўцы Financial Times прызнаюцца, што не давяраюць біткойну, іх бянтэжыць галоўным чынам валацільнасць. Прымаць біткойн гатовыя толькі тры з 20 устаноў, апытаных выданнем.

Беларускае Радыё Рацыя