Агляд прэсы: крок у нікуды
Польшча узводзіць сцяну на мяжы з Беларуссю. Забойства дэпутата ў Вялікабрытаніі. Рост коштаў на энерганосьбіты: як быць, што рабіць? У Італіі адбылася масавая акцыя супраць ультраправых. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Дванаццаць дзяржаў-членаў ЕЗ выступілі з ініцыятывай стварэння большай колькасці «фізічных бар’ераў» на знешніх межах супольнасці. Першай за справу ўзялася Варшава: польскія ўлады выдзелілі 366 мільёнаў еўра на ўмацаванне мяжы з Беларуссю. У адрас Лукашэнкі гучаць абвінавачванні ў тым, што той мэтанакіравана перапраўляе мігрантаў да межаў ЕЗ. Прэса разважае пра тое, чым цяперашняя сітуацыя можа апынуцца для Польшчы, Беларусі і Еўразвязу.
«Трагедыя, якая разыгралася, служыць яшчэ адным доказам таго, што ні адна дзяржава не ў стане самастойна справіцца з міграцыйнай праблемай, якая носіць глабальны характар», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Вядома, Лукашэнка дзейнічае вельмі цынічна: ён разлічвае на радыкалізацыю грамадзян па той бок мяжы. А ў адзіночку Польшча недастаткова моцная, і таму не ў стане выконваць свой гуманітарны доўг і адначасова заўсёды кіравацца палітычнай цвёрдасцю. Польшча мае патрэбу ў дапамозе ад іншых еўрапейскіх краін, якія маглі б, да прыкладу, разам накласці санкцыі на авіякампаніі, якія выступаюць у ролі нелегальных перавозчыкаў людзей, ці распачаць рэальныя крокі ў дачыненні да Лукашэнкі. Чаму б, напрыклад, не выкарыстоўваць сродкі з замарожаных беларускіх рахункаў і не фінансаваць за іх кошт лагеры для сірыйскіх бежанцаў у Турцыі, прычым зрабіць гэта дэманстратыўна? Пакуль польскі ўрад будзе вымушаны ў адзіночку біцца з праблемай бежанцаў, яны будуць радыкалізавацца ў шкоду Еўрапейскаму звязу», – папярэджвае нямецкае выданне.
У пятніцу ў брытанскім мястэчку Лі-ён-Сі падчас сустрэчы з выбаршчыкамі быў забіты дэпутат брытанскага парламента ад Кансэрватыўнай партыі Дэвід Эймес. Злачынца нанёс яму некалькі нажавых раненняў. Як мяркуе следства, напад быў здзейснены на глебе ісламскага экстрэмізму. Забойства дэпутата паліцыя прызнала тэрарыстычным актам. У Вялікабрытаніі, а таксама на старонках еўрапейскай прэсы, разгарнулася дыскусія пра тое, як забяспечыць абарону дэпутатаў, але пры гэтым захаваць магчымасць прамых зносінаў абраннікаў з народам.
Швейцарская газета Tages-Anzeiger разам са спачуваннямі цытуе раздзел у прыжыццёвых мемуарах Эймеса, у якім той разважаў пра бяспеку дэпутатаў.
«Адзін з раздзелаў кнігі так і названы «Ад ІРА да ІГІЛ». Як пісаў Эймес, ён у думках раз-пораз вяртаўя да забойства Эйры Ніва, які загінуў у 1979 годзе ў выніку выбуху бомбы, закладзенай у ягоны аўтамабіль. Калі пачуўся выбух, Ніў як раз выязджаў з гаража пры будынку парламенту. Цытата Эймеса: «Кожны раз, пад’язджаючы да рампы, я ўспамінаю аб гэтай жахлівай падзеі». Нават цяпер большасць палітыкаў справядліва падкрэслівае неабходнасць працягваць прыём грамадзян. Аднак такі трагічны інцыдэнт, як забойства Эймеса, паўплывае на агульную атмасферу: у мэтах забеспячэння бяспекі падобных сустрэч ужо падумваюць аб увядзенні паліцэйскай аховы або выкарыстанні металашукальнікаў», – піша швейцарскае выданне.
На фоне імклівага падаражэння прыроднага газу на сусветным рынку ў Еўропе рэзка падняліся цэны на паліва і электрычнасць. У шэрагу еўрапейскіх краін ўлады ўжо прыступілі да рэгулявання цэнаў, урады іншых краін таксама падумваюць аб прыняцці падобных мер, паколькі ў адваротным выпадку многія хатнія гаспадаркі проста будуць не ў стане аплаціць гэтай зімой рахункі за ацяпленне. На мінулым тыдні Эўрапейская камісія прадставіла пакет мераў, якімі краіны супольнасці могуць скарыстацца ў мэтах рэгулявання энергетычнага рынку, не рызыкуючы пры гэтым парушыць правілы ЕЗ у плане канкурэнцыі. Чэшская газета Večer піша з гэтай нагоды наступнае:
«Да гэтага часу Еўракамісія рабіла стаўку выключна на канкурэнцыю і рынкавыя механізмы, у сілу якіх цана вызначаецца попытам і прапановай. Але, як лёгка бачыць, ад неаліберальнай ідэалогіі, якая разумее самарэгуляцыю рынку, зараз афіцыйна адмаўляюцца і ў энергетычнай сферы. Для таго, каб большасць грамадзян, у тым ліку і ў самых багатых краінах Еўразвязу, сёлета узімку не замярзалі ад холаду ў сваіх дамах і кватэрах, а прадпрыемствы не спынілі вытворчасць, на дапамогу ўсім нам мусіць прыйсці дзяржава!».
У мінулую суботу ў Рыме адбылася масавая дэманстрацыя супраць фашызму. Удзел у акцыі, ініцыяванай прафсаюзамі, прынялі дзясяткі тысяч грамадзян. Тыднем раней у ходзе пратэстаў супраць уведзенага ў краіне правіла «трох П», якое азначала допуск на працу толькі прышчэпленых, пратэставаных і перахварэўшых, ультраправым ўдалося справакаваць натоўп і ажыццявіць напад на штаб-кватэру асацыяцыі прафсаюзаў CGIL (Усеагульная італьянская канфедэрацыя працы). Як паказала суботняя акцыя, італьянскі народ шануе сваю дэмакратую, што і падкрэсліла большасць аглядальнікаў.
Як адзначае італьянская газета Il Manifesto, масавая акцыя, да якой заклікалі адразу некалькі прафсаюзных асацыяцый, носіць знакавы характар:
«На плошчы мы ўбачылі яркую праяву салідарнасці, і ў той жа самы час сведчанне новай палітычнай актыўнасці мас – актыўнасці, якая выходзіць за межы выражэння прыналежнасці да таго ці іншага палітычнага лагеру. На гэты раз людзьмі рухала памкненне адстаяць дэмакратыю ў краіне і абараніць Канстытуцыю, народжаную ва ўлонні антыфашысцкага супраціву».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
