Агляд прэсы: кроў „бессмяротных”



Украіна працягвае набываць электраэнэргію з Беларусі і Расеі. Якая мусіць быць палітыка стрымлівання пасля халоднай вайны? Еўрапраблемы з цэнамі на энэрганосьбіты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«27 кастрычніка на аўкцыёне Укрэнэрга было прададзена права імпартаваць ва Украіну электраэнергію на 2200 i 900 мегават з Расеі і Беларусі адпаведна. Што азначаюць гэтыя каласальныя лічбы? Проста Украіна дазволіла пакрываць за кошт імпарту ажно 15% свайго спажывання», – піша ўкраінскае выданне Цензор.НЕТ і падкрэслівае, што такім чынам Украіна працягвае купляць электраэнэргію з беларуска-расейскай атамнай станцыі.

Выданне нагадвае, што яшчэ ў 2015-м годзе Украіна адмовілася ад паставак электраэнергіі з Расеі і Беларусі, каб забяспечыць эфектыўнае злучэнне з еўрапейскай энергетычнай сістэмай. Аднак пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Зяленскага мараторый на імпарт з Расеі быў адменены.

«За 2 гады імпарт такой энэргіі дасягнуў адзнакі 15%. Да схемы датычныя палітыкі з асяродку Зеленскага, якія маюць сувязі ў Расеі і Беларусі: Андрэй Ермак, Руслан Дземчанка, Андрэй Герус. У выніку — на Данбасе ідзе вайна, цячэ кроў, Пуцін і Лукашэнка забіваюць украінцаў, беларусаў, пагражаюць усяму свету і Еўропе, вядуць вайну супраць Украіны. Насуперак шматлікім абавязальніцтвам і перамовам з краінамі Балтыі і Польшчай Украіна пачынае фінансаваць працу беларускай атамнай станцыі, якую нашыя саюзнікі лічаць новай энергетычнай зброяй РФ. Краіны ЕЗ, памежныя з Беларуссю, адмовіліся купляць танную беларускую электрапрадукцыю. Беларусь несамастойная, гэта расейскі хаб пад расейскім кантролем. Украіна абавязана ў наступным годзе поўнасцю адмовіцца ад расейска-беларускай энергасістэмы», – заклікае ўкраінскае выданне.

Амерыканскае выданне Foreign Affairs разважае, што 1990-я гады не апраўдалі чаканняў усеагульнага свету: канфрантацыя паміж Захадам і Расеяй сёння яшчэ больш небяспечная, чым у часы халоднай вайны. Артыкул паказвае, як ішло спаўзанне да гэтай сітуацыі ў 1990-я гады. Мноства цікавых дэталяў: напрыклад, у ЗША прапаноўвалі не ўключаць былыя рэспублікі СССР у НАТА, а даць ім «скандынаўскія» гарантыі нейтралітэту і бяспекі. Але яны былі аспрэчаны – перш за ўсё не Клінтанам, а кіраўніцтвам краін Усходняй Еўропы. Іх уключэнне ў НАТА аказалася крыніцай праблем, якія заўважыў ужо тады міністр абароны ЗША Пэры. Прасочваецца, як расла незадаволенасць Клінтанам з боку Ельцына і як расейскі прэзідэнт ужо ў сярэдзіне 1999 года прыняў рашэнне выбраць сабе ў якасці пераемніка Уладзіміра Пуціна.

«Які ўрок варта атрымаць з гэтай гісторыі Вашынгтону? Адна з найбуйных сучасных праблем Злучаных Штатаў складаецца ў тым, што канфрантацыя паміж Захадам і Расеяй ізноў стала ў парадку рэчаў. Адзінае пачуццё абавязку ў пытанні адносін з Масквой можа прывесці да ўнікальнага ўнутранага кансэнсусу ў ЗША, таму, што зноў вяртае нас да НАТА, і скасоўвае думку аб ягоным скасаванні. Рамонт падчас пажару ладзіць не варта, і не важна, быў ён да гэтага неабходны ці ён. Аднак, калі рэалізацыя стратэгіі вымяраецца не месяцамі, а гадамі, памылкі могуць прывесці да назапашвання шкоды і стварэння нездаровай «рубцовай тканіны». Для поспеху доўгатэрміновай стратэгічнай канкурэнцыі неабходнае правільнае разуменне дэталяў», – папярэджвае амерыканскае выданне.

Усяго за год кошты на прыродны газ выраслі ў чатыры разы. Нарада міністраў энергетыкі краін ЕЗ не прывяла да якіх-небудзь дамоўленасцяў аб сумесных дзеяннях у плане процідзеяння росту цэн на газ і электрычнасць. Сярод іншых, Гішпанія і Грэцыя настойваюць на неабходнасці ўмяшання дзяржавы ў энергетычны рынак. У сваю чаргу Германія, Нідэрланды і краіны Балтыкі лічаць за лепшае перачакаць.

«Нягледзячы на развіты ядзерны сектар эканомікі і разгорнутую вытворчасць вадароду, Францыі недапушчальна дзейнічаць у адрыве ад еўрапейскага рынку», – наракае французская газета Les Echos.

«На еўрапейскім рынку газ займае асаблівае становішча. Згодна з законамі рынку, цана на газ у ЕЗ арыентуецца на гранічныя выдаткі сродкаў вытворчасці, у дадзеным выпадку – газавых электрастанцый. Свой уклад уносіць і праводзімая ЕЗ палітыка ў сферы клімату: акцэнт тут робіцца на маштабнае пашырэнне выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі, якое стала магчымым за кошт субсідый і рэзкага росту коштаў на сертыфікаты CO2. Французы справядліва могуць спытаць, чаму Еўропа пазбаўляе іх перавагаў ад выкарыстання гіганцкіх інвестыцый, якія яны самі ж зрабілі для забеспячэння энергетычнай аўтаноміі сваёй краіны», – задае пытанне французскае выданне.

У Латвіі бушуе чацвёртая хваля каронавірусу. 23 кастрычніка было зафіксавана 2440 выпадкаў заражэнняў за дзень, што з’яўляецца самым высокім паказнікам з пачатку пандэміі. У краіне зноў уведзены абмежаванні. Тэмпы вакцынацыі ў кастрычніку значна павысіліся, але нягледзячы на гэта да гэтага часу прышчэплена толькі каля 60 працэнтаў насельніцтва, прычым толькі першай дозай вакцыны. У тых рэгіёнах, дзе пераважае рускамоўнае насельніцтва, працэнт вакцынаваных яшчэ ніжэйшы.

Латвійская газета Latvijas avīze прапануе нечаканае рашэнне сітуацыі.

«На што цяпер спадзявацца? Хіба што Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў як мага хутчэй выдасць ліцэнзію вакцыне “Спадарожнік лайт”, прышчапляцца якую трэба, па словах стваральнікаў, усяго адзін раз. У такім выпадку каля дзесяці працэнтаў насельніцтва Латвіі, якія знаходзяцца пад інфармацыйным уплывам расейскіх тэлеканалаў, а таксама сацсетак на рускай мове, прышчэпяцца вышэйназванай вакцынай. Гэтая мера наблізіць нас да дасягнення калектыўнага імунітэту», – піша латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя