Агляд прэсы: лабараторыі Крамля



Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

-Чэшскае выданне iDNES канстатуе, што пратэсты на вуліцах Менску супраць Лукашэнкі, якія доўжыліся паўгоды, пакрыху суцішваюцца. Але кошт захаванай ўлады высокі. «Платай «бацькі» Расеі за палітычную дапамогу будзе кіраваная звонку змена рэжыму ў рамках абвешчанай канстытуцыйнай рэформы», –  сцвярджае эксперт Ян Шыр.

Чэшскае выданне піша пра тое, што «першапачаткова пратэсты задумваліся Крамлём як кіраваная дэстабілізацыя абстаноўкі ў Беларусі з мэтай аслабіць і схіліць да паслухмянасці эксцэнтрычнага расейскіага сатэліта, які ўваходзіць у сферу расейскага ўплыву. Аднак неўзабаве пратэсты перараслі ў самы маштабны пратэстны рух у Беларусі з часоў абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе». На думку навуковага супрацоўніка Інстытута міжнародных адносін Карлавага ўніверсітэта Яна Шыра, пры цяперашнім развіцці падзей узнікае пагроза таго, што Беларусь перастане граць ролю буферу між Расеяй і Еўропай, а наадварот, будзе ўцягнутая ва ўзброеныя авантуры Крамля. Менавіта таму за падзеямі ў Беларусі з вялікай заклапочанасцю сочаць яе суседзі.

***

Інфармацыйнае выданне France24 сочыць за тым, як фінансавая пракуратура адкрыла расследаванне аб кансалтынгавай дзейнасці Нікаля Сарказі ў Расеі.

«Правасуддзе спрабуе даведацца, ці выступаў былы кіраўнік дзяржавы выключна ў ролі кансультанта, што было б цалкам законна, ці займаўся патэнцыйна злачынным лабіраваннем ад імя расейскіх алігархаў», – паведамляе France24.

Вядома, што Нікаля Сарказі у 1987 годзе стаў адным з сузаснавальнікаў французскага страхавога таварыства «АКСА». У 2007 годзе гэтая арганізацыя заключыла пагадненне з акцыянерамі расейскай страхавой кампаніі «Ресо Гарантыя» аб набыцці 36,7 працэнтаў акцый арганізацыі, агульным коштам 810 мільёнаў еўра.

***

Швецкае выданне Dagens Nyheter размясціла аналітычны даклад Эрыка Хэлмерсана аб уплыве ваенных на навакольнае асяроддзе. На думку даследчыка, ва ўзброеных сілаў маюцца свае экалагічныя дырэктывы. Але выконваюцца яны дрэнна, у тым ліку што тычыцца назірання і ацэнкі. Як вынік, ваенныя аўтаматычна маюць выключныя правы, якіх няма ў іншых.

«Усё ўказвае на тое, што ваенныя ва ўсім свеце вінаватыя ў значных выкідах парніковых газаў. ЗША, у тым ліку, з’яўляюцца адным з горшых забруджвальнікаў у гісторыі. Калі мы сапраўды хочам скараціць выкіды узброеных сіл, а мы гэтага хочам, то лепшы спосаб – працаваць  над дэмакратызацыяй  такіх краін, як Расея і Кітай»,  – падсумоўвае швецкае выданне.

Французская газета Le Monde распавядае аб тым, пра што ідзе размова ў дакументах аб вакцынах ад COVID-19, скрадзеных у Еўрапейскім агенцтве лекавых сродкаў

У снежні мінулага году ў сеціва трапіла перапіска, якая раскрывае блізкія да афёры падрабязнасці аб зацвярджэнні вакцыны Pfizer-BioNTech. Паводле дакументаў, рэгулятар сутыкнуўся з магутным ціскам і неабходнасцю прызнаць вакцыну да новага году, хоць з прэпаратам меліся праблемы.

Газета Le Monde ўказвае, што дадзеная інфармацыя была атрымана расейскімі хакерамі. Пры гэтым разглядаецца і версія прамысловага кібершпіянажу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters