Агляд прэсы: майстры маскіроўкі



Як Расея і Беларусь узбройваюць мігрантаў. ЕЦБ: базавая стаўка застаецца нулявой. Рыбалавецкая спрэчка: Парыж і Лондан на нажах. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Выглядае, што дыктатар Менску і яго сюзэрэн у Маскве вядуць скаардынаваную форму гібрыднай вайны супраць Заходняй Еўропы. Такая тактыка, вядома, не новая ні для Лукашэнкі, ні для Пуціна. Што новага, гэта тое, наколькі неспасцягальна чэрствымі і злымі яны сталі», – адзначае амерыканскае выданне Bloomberg.

Выданне падкрэслівае, што ў мінулым Пуцін, напрыклад, быў больш вядомы гібрыднай вайной, якая ўключае сумесь кібератак, кампаній дэзінфармацыі і «зялёных чалавечкаў» — гэта значыць, баевікоў, якія з’яўляюцца рускімі, але носяць форму без знакаў, калі яны пранікаюць або ўрываюцца ў такія месцы, як Крым.

«Гэтым разам Лукашэнка, відаць, з блаславення Пуціна, выкарыстоўвае ў якасці зброі адных з самых уразлівых людзей на свеце. Выпушчаныя ў цёмных лясах, гэтыя мужчыны, жанчыны і дзеці апынуліся на нічыйнай зямлі, у пастцы паміж беларускімі і польскімі ці балтыйскімі памежнікамі, якія спрабуюць не выпусціць іх. З набліжэннем зімы многія замерзнуць. Гэтым самым Лукашэнка і Пуцін падштурхнулі еўрапейцаў да стварэння новай жалезнай заслоны. Але ёсць яшчэ адно. Як адзначылі міністр замежных спраў Латвіі ды іншыя, выглядае, што Беларусь і Расія таксама незаконна перапраўляюць сваіх грамадзян, і, магчыма, тэрарыстаў, праз мяжу ЕЗ разам з мігрантамі. Імаверна, гэта агенты, якія маюць намер шпіёніць, справакаваць або нанесці іншыя свавольствы. Адным словам, «Зялёныя чалавечкі» змянілі камуфляж. У адказ еўрапейцы павінны перагледзець сваю агульную стратэгічную пазіцыю. У геапалітычным сутыкненні паміж Заходняй Еўропай і Масквой адзін бок шануе чалавечае жыццё, а другі-не. Пытанне ў тым, ці робіць гэтая асіметрыя, цяпер ці ў будучыні, Еўропу ўразлівай», – піша амерыканскае выданне.

Нягледзячы на інфляцыю, якая ўзмацняецца, Еўрапейскі цэнтральны банк замарозіў базавую працэнтную стаўку на нулявой адзнацы. Як заявіла старшыня ЕЦБ Крысцін Лагард, цяперашні рост коштаў – усяго толькі часовая з’ява, абумоўленая сярод іншага высокімі коштамі на энерганосьбіты. Рашэнне аб тым, ці варта спыняць мільярдныя скупкі аблігацый дзяржзайму, ЕЦБ прыме толькі ў снежні. Як доўга яшчэ зможа рэгулятар праводзіць мяккую грашова-крэдытную палітыку?

«ЕЦБ парушае свае ж правілы», – піша нямецкая газета Cicero.

«Першачарговай задачай Еўрапейскай сістэмы цэнтральных банкаў з’яўляецца гарантаванне стабільнасці коштаў. Гэта чорным па белым прапісана ў статуце ЕЦБ. Калі тэмп росту коштаў у еўразоне будзе заставацца высокім ці нават павялічыцца, то ЕЦБ давядзецца даваць нейкія тлумачэнні. Бо незадаволенасць, а разам з ім і ціск на палітыкаў, расце не толькі ў Нямеччыне, дзе страх перад абясцэньваннем грошай мае пад сабой гістарычныя прычыны. Становіцца ўсё больш відавочным, што ЕЦБ ужо даўно мае іншую «першачарговую мэту» – і гэта стабілізацыя не коштаў, але шэрагу дзяржаваў еўразоны, якія назапасілі велізарныя пазыкі», – піша нямецкае выданне.

Французская берагавая ахова затрымала брытанскі траўлер з-за адсутнасці ў таго ліцэнзіі на адлоў рыбы. У адказ на гэта Лондан выклікаў французскага амбасадара. Такім чынам, спрэчка аб ліцэнзіях на адлоў рыбы ў Ла-Маншы пасля брэкзіту толькі абвастрылася. «Гэта, вядома, не вайна, але даводзіцца змагацца», – заявіла міністр марскога суднаходства Францыі Анік Жырардэн.

Ірландская газета The Irish Times з разуменнем ставіцца да незадаволенасці Францыі.

«Пытанне аб рыбалоўстве аказалася апошнім з цэлага шэрагу цяжкіх баталій, якія адбыліся паміж Вялікабрытаніяй і ЕЗ падчас заключэння Пагаднення аб гандлі і супрацоўніцтве. У выніку быў знойдзены неадназначны кампраміс: прызнанне суверэнітэту Вялікабрытаніі над яе водамі, і ў той жа самы час гатоўнасць Лондана гарантаваць Еўразвязу права на адлоў рыбы ў сваіх водах у абмен на доступ брытанскіх рыбаловаў да рынкаў ЕЗ. Але на думку Францыі, выдача Вялікабрытаніяй ліцэнзій на адлоў французскім рыбакам прывяла да залішняга ўскладнення ўмоваў: французскія рыбакі і так спрадвеку лавілі рыбу ў гэтых водах. У выніку было ўзгоднена менш за трэць заявак французаў на атрыманні ліцэнзіі», – піша ірландскае выданне.

У нядзелю ў Глазга пачнецца 26-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змянення клімату. У СМІ з гэтай нагоды пераважае скепсіс. «Не варта меркаваць, што гэтая канферэнцыя ні да чаго не прывядзе», – піша брытанская газета The Economist.

«Парыжскае пагадненне абавязала ўсе бакі, незалежна ад іх эканамічнай сітуацыі, прыкладаць намаганні да абмежавання тэмпаў глабальнага пацяплення двума градусамі па Цэльсію, зыходзячы з сітуацыі сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Канферэнцыя ў Глазга паставіць перад краінамі новыя мэты. Рамачная канвенцыя ААН па змяненні клімату і канферэнцыі бакоў, якія ўдзельнічаюць у ёй, маюць такое важнае значэнне ў сілу таго, што навуковыя інстытуты, дыпламаты, актывісты і ў цэлым грамадскасць, якія ўдзельнічаюць у іх правядзенні, фарміруюць найлепшы механізм для таго, каб мы змаглі ўсвядоміць фундаментальную ісціну: мара аб планеце з амаль васьмімільярдным насельніцтвам, якое жыве ў дастатку, так і застанецца марай, калі наша эканоміка будзе па-ранейшаму абапірацца на вугаль, нафту і прыродны газ», – заклікае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя