Агляд прэсы: мір на коне



Сумесныя вучэнні Расеі з Беларуссю паказваюць, як бы выглядала ўварванне ва Украіну. Ці гатова Данія прыняць войскі ЗША? Вугоршчына напярэдадні выбараў. Індэкс дэмакратыі: Гішпанія здала пазіцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Другі этап доўгачаканых двухбаковых вайсковых вучэнняў Расеі з Беларуссю пачаліся 10 лютага. Але гэта значна больш, чым пацвярджэнне адносін паміж дзвюма краінамі, гэта карыснае прыкрыццё для размяшчэння расейскай высокакамплектнай ваеннай тэхнікі і магчымасць адпрацаваць місіі, прыдатныя да шырокамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну», – папярэджвае амерыканскае выданне Atlantic Council.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што нават недасканалыя распаўсюджаныя камерцыйныя спадарожнікавыя здымкі і аматарскія фота ды відэа даюць надзіва дакладны зрэз нарашчэння расейскай арміі.

«Зыходзячы са свежых назіранняў, становіцца ясна, што Расея засяроджваецца на перавагах у паветры, блізкай авіяцыйнай падтрымцы, агмені на далёкія адлегласці, зборы выведданых і падтрымцы баявых дзеянняў. У выпадку далейшага ўварвання Расея мае намер хутка ўсталяваць перавагу ў паветры над Украінай і пачне механізаваны наступ дакладным агнём на далёкія адлегласці (як з зямлі, так і з самалётаў). Яна будзе гатовая падтрымліваць гэтае наземнае наступленне пры пераважнай падтрымцы штурмавікоў з неба», – аналізуе вучэнні амерыканскае выданне і адзначае, што галоўная пагроза ад Расеі заключаецца ў ядзерным удары па Украіне і такім чынам пашырэнні канфлікту на ўзровень ЗША і НАТО. Размова ідзе пра расейскі МіГ-31, які абсталяваны гіпергукавай балістычнай ракетай паветранага запуску «Кінжал», які ўжо прызямліўся ў Калінінградзе.

Эксперты папярэджваюць, што ў будучыні на тэрыторыі Даніі будзе размешчаны вайсковы кантынгент ЗША. Прэм’ер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн вядзе перамовы з Вашынгтонам аб заключэнні новага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне абароны.

«Перш чым падпісваць падобнае пагадненне, неабходна растлумачыць усе асноўныя пытанні», – заклікае дацкая газета Politiken.

«Вядома, альянс з ЗША – у інтарэсах Даніі, тут сумневаў няма. Аднак апублікаваныя на дадзены момант заявы наконт запланаванай дамовы выклікаюць, мякка кажучы, нямала пытанняў. Напрыклад, у плане ядзернай палітыкі Даніі: ЗША наўрад ці адмовяцца ад свайго прынцыпу захоўваць маўчанне наконт таго, ці знаходзіцца на борце караблёў і самалётаў, якія прыбываюць з іх боку, ядзерная зброя. Як у такім выпадку будзе дзейнічаць Данія? І ці ўдала абраны момант для падпісання падобнай дамовы, бо цяпер у самым разгары крызіс вакол Украіны? І, самае праблематычнае: што будзе, калі ЗША ў будучыні будуць праводзіць ваенныя аперацыі, з якімі Данія не будзе згодна? Што, калі да ўлады ў ЗША прыйдзе Трамп ці які-небудзь іншы папуліст?», – разважае дацкае выданне.

3-га красавіка ў Венгрыі адбудуцца парламенцкія выбары, а афіцыйны пачатак перадвыбарнай кампаніі прыпаў на 12 лютага. Аднак палітычныя сілы і грамадскасць ужо даўно знаходзяцца ў модусе перадвыбарнага дужання, які, аднак, у вачах прэсы пакідае жадаць лепшага.

«Судзячы па ўсім, партыі Фідэс няма чаго прапанаваць выбарнікам», – падагульняе венгерскае выданне Népszava.

«Немагчыма не заўважыць шызафрэнію, уласцівую для партыі Фідэс. Правячая партыя выступае так, быццам сама з’яўляецца апазіцыяй. Ад Фідэс выбаршчыкі ўжо даўно не чулі ніякіх перадвыбарных ідэй, прычым на працягу дастаткова доўгага часу, акрамя, вядома, размовы аб тым, якое непатрэбства будзе рабіць апазіцыя, калі прыйдзе да ўлады. Пра тое ж, якую праграму будзе праводзіць сама Фідэс, калі застанецца, партыя агучыць не можа», – гіранізуе венгерскае выданне.

У рэйтынгу Індэкс дэмакратыі, які складаецца часопісам The Economist, у 2021 годзе Гішпанія перайшла з вышэйшай катэгорыі – краін «абсалютнай дэмакратыі» у другую групу, гэта значыць, у разрад краін з «нездавальняючым станам дэмакратыі». Краіна зараз знаходзіцца на 24-м месцы. Аглядальнікі пагадзіліся ў тым, што зніжэнне пазіцый у рэйтынгу абумоўлена зацягнутым канфліктам вакол судовай улады, але вінавацяць у ім розных дзейных асобаў.

На думку гішпанскай газеты La Vanguardia, віна за пагаршэнне пазіцый у рэйтынгу ляжыць на «Народнай партыі».

«Калі раней юрыдычныя спрэчкі вакол канфлікту ў Каталоніі каштавалі Гішпаніі дзесятых доляў бала, то на гэты раз прычынай падзення стала блакаванне Генеральнай рады судовай улады. Нашая краіна больш не ўваходзіць у лік чэмпіёнаў дэмакратыі, і гэта дрэнна. І, перш за ўсё, гэта азначае страту рэпутацыі. Апошні ўдар па дэмакратыі – гэта блакада Рады судовай улады з боку Народнай партыі, якая перашкаджае пераабранню яе чальцоў. Як пісала гішпанская філосаф Вікторыя Кэмпс, «дэмакратыя мае патрэбу не толькі ў інстытутах, але і ў грамадзянах». А таму мы, грамадзяне, павінны патрабаваць ад нашых палітычных лідэраў урэшце дамовіцца. Хаця б дзеля таго, каб пазбавіць нас ад такой ганьбы», – заклікае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]