Агляд прэсы: мір у вайне



Застануцца, ці пойдуць з Беларусі расейскія войскі? Джонсан заклікаў згуртавацца «ў падтрымцы і салідарнасці» з Украінай. У Партугаліі некаторым давядзецца прагаласаваць яшчэ раз. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дзесяць дзён таму Расея і Беларусь распачалі буйныя ваенныя вучэнні, якія атрымалі назву «Саюзная рашучасць 2022», у і без таго напружаным рэгіёне, узмацніўшы заклапочанасць ваеннымі намерамі Масквы і выклікаючы асуджэнне з боку Захаду і Украіны. Ваенныя манеўры, якія праходзяць на поўдні Беларусі, недалёка ад украінскай мяжы, мусяць завяршыцца ў нядзелю 20 лютага», – сочыць за падзеямі еўрапейскае выданне Euractiv.

«Тое, што пачалося ў 1990-х як дамоўленасць паміж тагачасным прэзідэнтам Барысам Ельцыным і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, над якой апошні лічыў, што можа дамінаваць, паскорылася, калі Уладзімір Пуцін пераехаў у Крэмль. Яна стала больш кансалідаванай, калі абедзве краіны дамовіліся аб больш шчыльнай інтэграцыі, у тым ліку на ваенным узроўні, у 2021 годзе. Для Украіны такія адносіны паміж двума суседзямі – гэта непрыемнасці. Менш чым за два гады Беларусь ператварылася з краіны, якая імкнецца да дыялогу па Усходняй Украіне, уключаючы міратворчую ролю, у патэнцыйную лінію фронту ў канфлікце паміж Расеяй і яе паўднёвым суседам.

Пры гэтым эксперты сумняваюцца ў тым, што ўвесь расейскі вайсковы кантынгент будзе выведзены з краіны пасля заканчэння вучэнняў у гэтыя выходныя. Захоп Беларусі Расеяй можа стаць лабараторыяй для планаў Пуціна адносна Украіны. У рэшце рэшт, Беларусь і Украіна цяпер вярнуліся ў нейкую сферу ўплыву Расеі і ўсе наступствы, якія з гэтага вынікаюць», – піша еўрапейскае выданне.

***

«Брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан папярэдзіў, што ў света ёсць «апошняя хвіліна», каб прадухіліць уварванне Расеі ва Украіну, якое прывядзе да катастрофы для Еўропы», – перадае брытанская газета The Independent.

«Гэта вельмі небяспечны момант у нашай гісторыі. Мы стаім на мяжы таго, што можа стаць вайной у Еўропе. Я мяркую, што, калі ўварванне адбудзецца, гэта стане абсалютнай катастрофай для Еўропы, катастрофай для Украіны і, вядома, катастрофай для Расеі», – адзначыў Джонсан у ходзе сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Брытанскі прэм’ер таксама заклікаў усіх прысутных на Мюнхенскай канферэнцыі «згуртавацца ў падтрымцы і салідарнасці з Украінай», бо магчымае ўварванне Расеі будзе ўяўляць сабой «разбурэнне дэмакратычнай дзяржавы» і за ім рушыць услед «доўгі і жудасны перыяд адплаты, помсты і мецяжу». Акрамя таго, ён папярэдзіў, што яно заахвоціць іншыя краіны звярнуцца да ваеннай агрэсіі.

Як адзначае The Independent, Джонсан і Зяленскі выступалі на канферэнцыі пасля «чарговага драматычнага дня», калі кіраўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) і Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) падпісалі ўказы аб усеагульнай мабілізацыі. У ЗША працягваюць папярэджваюць, што Расея плануе ўварванне ва Ўкраіну на працягу некалькіх дзён.

***

Згодна з рашэннем Канстытуцыйнага суду Партугаліі, завочнае галасаванне сярод партугальцаў, якія знаходзяцца за межамі краіны, неабходна правесці нанава, паколькі 150 тысяч пададзеных галасоў былі неправамерна прызнаны несапраўднымі. Паўторнае галасаванне наўрад ці зменіць вынік парламенцкіх выбараў, паводле якога перамога дасталася сацыялістам, аднак гэта прывядзе да затрымкі ў справе фармавання ўрада.

Партугальская газета Público баіцца, што такі расклад толькі ўмацуе расчараванне грамадзян у палітыцы.

«Пачатак працы парламента і ўрада зацягваецца, і ў якасці выконваючага абавязкі яшчэ як мінімум месяц будзе дзейнічаць ранейшы кабінет. Стратэгічныя рашэнні адкладаюцца на потым, і ўсё з-за праблемы, якую бакі, падобна, не маглі ні прадбачыць, ні вырашыць, і ва ўзнікненні якой яны прынялі такі актыўны ўдзел. Усё гэта апраўдвае любую крытыку. Цяперашні параліч у такі крытычны для будучыні краіны час абыдзецца нам вельмі дорага. Аднак справа ідзе яшчэ горш: губляецца давер масаў да палітычнага класа, якое ва ўмовах цяперашніх тэндэнцый папулізму і радыкалізацыі важна, як ніколі”, – папярэджвае партугальскае выданне.

***

Польшча і Венгрыя пацярпелі паразу: Еўрапейскі суд адхіліў пазоў гэтых краін, вылучаны супраць прынятага ў ЕЗ механізма ў абарону вяршэнства права. Гэты механізм дае магчымасць скарачаць выплаты з фондаў ЕЗ краінам, у якіх з-за невыканання вяршэнства права адсутнічаюць гарантыі выкарыстання выдзеленых сродкаў у адпаведнасці з прынцыпамі прававой дзяржавы. У выніку над Польшчай і Венгрыяй навісла пагроза фінансавых санкцый.

«Рашэнне суда – гэта выразны сігнал», – так каментуе венгарская газета Magyar Hang.

«Венгрыя і Польшча прайгралі гэтую цяжбу. І тое, што разам з трыма найбуйнейшымі інстытуцыямі Еўразвяза супраць Будапешта і Варшавы выступілі таксама ўрады дзесяці краін ЕЗ, – гэта сур’ёзны сігнал. Неліберальныя рэжымы засталіся ў адзіноце. У сувязі з гэтым варта ўказаць і на тое, што гэта ўжо n-ная па ліку прававая спрэчка, прайграная Венгрыяй. На гэты раз вынік асабліва ўражвае: наўрад ці можна было б больш наглядна паказаць, што і польскі, і вугорскі ўрад не маюць рацыі», – адзначае венгерскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]