Агляд прэсы: на фронце без перамен



Калі Лукашэнка адвярнецца ад Пуціна? Пра што Макрон дамовіўся ў Кіеве? Шольц і Паўночны паток-2: зацягнутае маўчанне. Недахоп водных рэсурсаў і яго наступствы ў Партугаліі і Гішпаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Уладзімір Пуцін баіцца. Ён непакоіцца, што НАТО і Захад атачаюць Расею варожым насельніцтвам і ўрадамі. Гэты паранаідальны аналіз з’яўляецца адным з тлумачэнняў таго, што ён размясціў каля 130 000 вайскоўцаў на мяжы з Украінай, што можа прадвесціць буйны ваенны напад на краіну. Еўропа можа апынуцца на парозе свайго найбуйнейшага канфлікту з часоў Другой сусветнай вайны», – піша брытанскае выданне Newstatesman.

«Пасля распаду СССР у 1991 годзе ад Расеі аддзяліліся чатырнаццаць дзяржаў, у тым ліку Беларусь, якія атрымалі расейскі тэрмін: «блізкае замежжа». Сёння гэтыя краіны моцна адрозніваюцца па дыпламатычных адносінах, багацці і ступені дэмакратыі, але пераважае адна агульная тэндэнцыя: грамадзяне амаль усіх 14 дзяржаў адхіліліся ад Расеі, а дзеці радзей, чым іх бацькі, размаўляюць па-расейску. І што важна, пасля распаду Савецкага Саюза вырасла цэлае пакаленне і нанова адкрыла для сябе нацыянальныя традыцыі архітэктуры, мастацтва, мовы, паэзіі і нават рэлігіі. У Беларусі карціна крыху іншая. Аляксандр Лукашэнка, былы савецкі чыноўнік, працягвае кіраваць як дыктатар. Але ён усё больш варагуе з беларускім народам. Лукашэнка звярнуўся да Пуціна, каб падтрымаць свой рэжым. Крэмль падтрымаў рэжым пасля гэтых фальшывых выбараў, падтрымаў гвалт і катаванні беларусаў, і вядома, стаўленне да Крамля моцна змянілася», – папярэджвае брытанскае выданне і акцэнтуе ўвагу на тым, што аўтакратычны рэжым Беларусі трымаецца выключна на вайсковай падтрымцы Масквы.

Наведаўшы Маскву, Эманюэль Макрон прыбыў з візітам у Кіеў. Прэзідэнт Зяленскі падзякаваў прэзідэнту Францыі за падтрымку, што аказваецца Украіне Францыяй. Макрон падкрэсліў важнасць захавання Менскіх пагадненняў. Па словах французскага прэзідэнта, Зяленскі запэўніў яго ў тым, што Украіна будзе выконваць іх палажэнні. Аглядальнікі, аднак, мяркуюць, што ў канчатковым выніку ўсё будзе залежаць ад Масквы і Вашынгтона.

На думку каталонскай газета Periódico de Catalunya, Пуцін пераследуе выразную стратэгію.

«Мяркуючы па ўсім, дынаміку падзей вызначае Пуцін, які імкнецца дасягнуць канкрэтных мэт: звесці вырашэнне крызісу да дамоўленасці з ЗША, што прывядзе да незваротнага паслаблення Украіны; раскалоць еўрапейскі лагер, і такім чынам ускосна прыслабіць лагер саюзнікаў Вашынгтона. Прычым усё гэта зрабіць так, каб не рассеяць уражанні, што ініцыятыва Макрона прадыктавана ў першую чаргу перадвыбарнымі меркаваннямі, а Байдэн узмацняе ціск толькі для таго, каб скампенсаваць сваё фіяска ў Афганістане», – адзначае каталонскае выданне.

У панядзелак канцлер ФРГ Олаф Шольц наведаў з афіцыйным візітам Вашынгтон, дзе сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. У ходзе сумеснай прэс-канферэнцыі Байдэн прыгразіў Расеі, што калі Масква ўварвецца ва Украіну, то «Паўночнага патоку-2» больш не будзе». А вось кіраўнік ураду Германіі тэму газаправода палічыў за лепшае абысці. Аглядальнікі крытыкуюць Берлін за невыразнасць пазіцыі.

Маючая адбыцца паездка ў Маскву дае Шольцу яшчэ адзін шанец пераадолець нявызначанасць”, – адзначае аўстрыйская газета Der Standard.

«Лавіраванне ўжо відавочна набыло гратэскныя рысы. А можа, Шольц пераследуе нейкі план, які настолькі тонкі і выдасканалены, што з боку яго проста не зразумець? І калі-небудзь Шольца назавуць “канцлерам-міратворцам»?. Так, у ЗША гэтая тактыка спрацавала. Але паглядзім, як будуць ісці справы на наступным тыдні, калі Шольц адправіцца з візітам у Маскву, на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным”, – гіранізуе аўстрыйскае выданне.

Змяненне клімату прыводзіць да ўзмацнення засухі на Пірэнэйскай паўвыспе. У Партугаліі засуха наўпрост адбіваецца на ўзроўні вытворчасці электраэнергіі: паколькі ўзровень вады ў вадасховішчах упаў да ніжняй адзнакі, урад вырашыў спыніць вытворчасць электраэнергіі на шэрагу плацін. У суседняй Гішпаніі вадасховішчы таксама апусцелі. Аглядальнікі разважаюць аб тым, як выправіць сітуацыю.

Гішпанская газета La Vanguardia заклікае ўлады распрацаваць новую палітыку ў вобласці выкарыстання водных рэсурсаў.

«Сярэдні аб’ём вады ў гішпанскіх вадасховішчах скараціўся больш за палову. Гучыць нямала крытыкі наконт таго, што на большай частцы тэрыторыі краіны вадасховішчы больш не выконваюць сваёй найважнейшай функцыі, а менавіта – памяншэння або выраўнання ваганняў у выніку змены колькасці ападкаў. Замест гэтага вадасховішчы ператварыліся ў звычайныя праточныя станцыі, з якіх вада пераразмяркоўваецца хаця б для частковага задавальнення запатрабаванняў сельскай гаспадаркі. Варта падкрэсліць, што засуха ў Гішпаніі не з’яўляецца часовай з’явай, а змена клімату ўзмоцніць яе структурны характар. Усё гэта патрабуе неадкладнай карэкціроўкі палітыкі, якая праводзіцца ў гэтай сферы, у мэтах больш эфектыўнага кіравання воднымі рэсурсамі, якія становяцца ўсё больш дэфіцытнымі і дарагімі», – заклікае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]