Агляд прэсы: на прыцэле



Эксрперты ставяць пад сумнеў сапраўдную мэту расейскіх вайсковых вучэнняў у Беларусі. Ці пачне Пуцін вайну? Тэрмаядзерны сінтэз як энергія будучыні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Памер мае значэнне, асабліва калі гаворка ідзе пра міжнародныя пагадненні. Расейскія афіцыйныя асобы аператыўна адрэагавалі на паведамленні пра тое, што колькасць вайскоўцаў, разгорнутых для ўдзелу ў сумесных расейска-беларускіх вучэннях «Саюзная рашучасць 2022», перавысіла межы, вызначаныя «Венскім дакументам 2011». Пагадненне паміж дзяржавамі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе мела на мэце ажыццявіць меры па ўмацаванні даверу і бяспекі. Яго палажэнні ўключаюць штогадовы абмен ваеннай інфармацыяй аб сілах, размешчаных у Еўропе, вызначанай ад Атлантыкі да Уралу, – піша амерыканскае выданне Center for the National Interest.

Выданне прыводзіць словы амбасадара Расеі ў Беларусі Барысам Грызловым, які заявіў, што колькасьць сіл, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, знаходзіцца ў межах, устаноўленых Венскім дакумэнтам.

«А вось НАТО акурат усё бліжэй набліжае свае сілы да межаў Саюзнай дзяржавы. І там не дзесяткі і не сотні, а тысячы вайскоўцаў. Само сабой зразумела, што мы абавязаны клапаціцца аб бяспецы нашых заходніх межаў», – цытуе амерыканскае выданне Грызлова і падкрэслівае, што пад «нашымі заходнімі межамі» дыпламат разумее межы «нашай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». Таму выданне прыходзіць да высновы, што агульная колькасць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі можа перавышаць названыя лічы ў 30 000 асобаў.

На працягу многіх тыдняў свет задаваўся пытаннем, для чаго Расея сцягнула да межаў Украіны каля 125 000 вайскоўцаў. Ці мае намер Масква і сапраўды ўварвацца ў суседнюю краіну, ці толькі спрабуе прымусіць Захад панервавацца? Цяпер у Беларусі каля межаў Польшчы і Украіны пачынаюцца маштабныя ваенныя манеўры: паводле афіцыйнай заявы Масквы, гаворка ідзе пра вучэнні для адпрацоўкі адбіцця магчымага нападу суперніка. Еўрапейская прэса лічыць вайну малаверагоднай.

«Канкрэтных прыкметаў таго, што вось-вось пачнецца вайна, пакуль што няма», – такім назіраннем дзеліцца турэцкая газета Independent Türkçe.

«Вайны не пачынаюцца проста так – з бухты барахты. Спачатку ўзнікае, ці наўмысна ствараецца, напружанасць у дыпламатычных адносінах, затым дыпламатычная рыторыка набывае ўсё больш рэзкі характар. Што да насельніцтва, то ў такіх выпадках заўсёды ўзнікаюць доўгія чэргі на рынках або ля кас у аэрапортах. У сітуацыі, калі сапраўды пачынаецца вайна, першымі пра гэта даведаюцца вышэйстаячыя асобы і тыя, хто кіруе іх капіталамі. А таму зусім нечакана ў краіне можа пачацца адток капіталаў. Аднак пакуль усе гэтыя грошы не пакінулі Украіну, можна зыходзіць з таго, што вайны не будзе. Іншымі словамі, гульня мускуламі ідзе на ўсю поўніцу, аднак да сапраўднай сутычкі на рынгу справа яшчэ не дайшла», – прагназуе турэцкае выданне.

Еўропа стогне ад рэзкага росту коштаў на энерганосьбіты. Аднак навукоўцам атрымалася дасягнуць значнага прарыву ў вобласці тэрмаядзернага сінтэзу – тэхналогіі, пры дапамозе якой можна было б атрымліваць энергію без шкодных для атмасферы выкідаў. На найбуйнейшай у свеце тэрмаядзернай устаноўцы Jet у Калхэме каля Оксфарда (Вялікабрытанія) даследчыкам удалося атрымаць рэкордна высокі імпульс энергіі. Еўрапейская прэса абмяркоўвае розныя шляхі выхаду з энергетычнага і кліматычнага крызісаў.

«Пачынаецца новая эра», – з захапленнем адзначае ірландская газета La Repubblica.

«Усяго толькі пяць секунд змогуць змяніць гісторыю чалавецтва ў навуковай сферы і вырашыць праблему нашых энергетычных запатрабаванняў. Нам больш не давядзецца трывожыцца наконт рахункаў за электраэнергію і нечалавечых цэнаў на газ. Бо калі тэрмаядзерны сінтэз спрацуе, ён зможа гарантаваць нам практычна неабмежаваны доступ да чыстай электрычнасці з вельмі нізкім узроўнем выкідаў CO2. Хоць мы ўсё яшчэ далёкія ад канчатковага выніку і павінны шукаць імгненныя адказы на кліматычны і энергетычны крызісы, тое, што атрымалася рэалізаваць навукоўцам на ўстаноўцы Jet у Англіі, – гэта вялікі крок да тэрмаядзернага сінтэзу і яго паўсюднага выкарыстання», – піша ірландскае выданне.

Папа Рымскі па-за пасадай Бэнэдыкт XVI пасля доўгага маўчання адрэагаваў на даклад аб выпадках сэксуальнага гвалту над дзецьмі ў архідыяцэзіі Мюнхена і Фрайзінга, прадстаўніком якой ён у свой час быў. У сваім лісце Папа просіць прабачэнні ў ахвяраў гвалту. У той жа самы час ён рашуча аспрэчвае абвінавачванні ва ўтойванні нібы вядомых яму выпадкаў.

«Гэтая заява служыць, хутчэй, не сведчаннем зменаў у царкве, але пацверджаннем, што яе структуры састарэлі і закасцянелі», – такі каментар швейцарскай газеты Tages-Anzeiger.

«Нават калі з пункту гледжання прыхільнікаў Ратцынгера яму ўдалося змякчыць тое ці іншае абвінавачванне ў свой адрас, то яго заява ў любым выпадку робіць незгладжальнае ўражанне. Зусім не таму, што ён стаў на бок ахвяраў сэксуальнага гвалту ў царкве. Гэты дакумент узрушае наступным: заява адстаўнога пантыфіка як быццам зыходзіць з зусім іншага свету, з паралельнай рэальнасці, не столькі рэальнасці веры, колькі даўно састарэлых гіерархічных структур і тлумачэнняў», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

[manual_related_posts]