Агляд прэсы: „на старыя граблі”



Украіна ўскладае віну за кібератаку на Расею і Беларусь. Інтарэсы Пуціна. Швецыя ўзбройвае востраў Готланд на фоне напружанасці з Расеяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У ходзе ўкраінскага расследавання была зроблена выснова, што «ўсе доказы» паказваюць на тое, што Расея стаяла за кібератакай на мінулым тыдні, у выніку якой былі адключаны некалькі ўрадавых вэб-сайтаў. Атакі былі накіраваныя на «дэстабілізацыю» сітуацыі ва Украіне», – амерыканскае выданне Bloomberg прыводзіць вынікі сумеснага расследавання некалькіх украінскіх дзяржаўных ведамстваў. 

«У пятніцу былая савецкая краіна перажыла масавую кібератаку на некалькі сваіх міністэрстваў і дзяржаўных службаў. Расея ўжо аспрэчыла абвінавачванні, што яна стаіць за ўзломамі.  Некалькі ўкраінскіх структур праводзяць уласныя расследванні, а яшчэ адзін чыноўнік, спасылаючыся на іншыя высновы, указвае пальцам на Беларусь. Папярэднія высновы паказваюць, што аперацыяй магла кіраваць група хакераў, вядомых як UNC1151 з Беларусі – блізкага саюзніка Расеі. UNC1151 – гэта кібершпіёнская групоўка звязаная са службай бяспекі Беларусі. Група выкарыстоўвае тактыку, вядомую як «збор уліковых даных», або атрыманне несанкцыянаванага доступу да паштовых уліковых запісаў з наступным распаўсюджваннем шкоднасных праграм. Хакерская група дзейнічала ў Літве, Латвіі, Польшчы і Украіне і часта выкарыстоўвае наратыў, які высмейвае прысутнасць НАТО ў Паўночнай Еўропе. Беларускі ўрад на прэтэнзіі Украіны не адказаў », – адзначае амерыканскае выданне.

Неўзабаве пасля сустрэч дэлегацый ЗША і Расеі прарыву дасягнуць не ўдалося: бакам не ўдалося зблізіць свае пазіцыі па такіх пытаннях, як сітуацыя вакол Украіны і пашырэнне НАТО на ўсход. Расейская газета Ведамасці піша пра тое, як сітуацыю бачыць расейскае кіраўніцтва.

«Масква кажа аб «актыўным ваенным засваенні» Украіны, маючы на ўвазе пад гэтым нарошчванне амерыканцамі ваеннага патэнцыялу суседняй дзяржавы, пранікнення амерыканскіх выведструктур у ключавыя ведамствы ўкраінскага ўраду, размяшчэння ўласнай ваеннай інфраструктуры на яе тэрыторыі. Такім чынам, у небяспечнай блізкасці ад межаў Расеі на тэрыторыі Украіны сфармавалася ваенна-палітычная пагроза, якая сёння пагаршаецца агрэсіўнай палітыкай Кіева ў дачыненні да Данбаса і пераследам арыентаваных на дыялог з Расеяй палітычных і грамадскіх сіл. «Расею прыціснулі да сценкі» – гэта не метафара Пуціна, а адлюстраванне бачання расейскім кіраўніцтвам сітуацыі, якая склалася», – адзначае расейскае выданне і падкрэслівае, што  Расея не пакідае мажлівасці павярнуць сітацыю на свой капыл для апраўдання агрэсіі ў бок Украіны.

«Швецыя размясціла бронетэхніку і дзясяткі ўзброеных салдат на вуліцах горада Вісбю на востраве Готланд у Балтыйскім моры ў адказ на ўзрослую актыўнасць Расеі ў рэгіёне», – паведамляе французская газета Le Figaro. Па словах шведскіх вайскоўцаў, гэтая ініцыятыва заклікана прадэманстраваць гатоўнасць Швецыі абараняць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і інтарэсы на фоне напружанасці ў адносінах Расеі і Захаду.

Як нагадвае газета, заходнія краіны абвінавачваюць Расею ў размяшчэнні танкаў і дзясяткаў тысяч салдат на мяжы з Украінай, што, на думку НАТО, з’яўляецца прадвесцем магчымага ўварвання. 

«Тым часам Расея адмаўляе падрыхтоўку ваеннага наступу і заяўляе, што гэта адказ на прысутнасць Атлантычнага альянсу, якая расце, у яе «сферы ўплыву», – піша газета.

«Швецыя і Фінляндыя з’яўляюцца партнёрамі Атлантычнага альянсу, не ўваходзячы ў яго склад, і цесна супрацоўнічаюць у пытаннях рэгіянальнай бяспекі з іншымі скандынаўскімі краінамі – членамі НАТО. Пасля заканчэння халоднай вайны Стакгольм скараціў свае ваенныя выдаткі, аднак пасля далучэння Крыма да Расеі ў 2014 годзе Швецыя ўмацавала свой абаронны патэнцыял», – зазначае Le Figaro. Так, краіна, якая не вяла войнаў на працягу двух стагоддзяў, аднавіла абавязковую ваенную службу ў 2017 годзе і зноў адкрыла свой гарнізон на востраве Готланд у студзені 2018 году.

Больш за 15 млн чалавек па ўсім свеце заразіліся каранавірусам за апошні тыдзень. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), гэта стала рэкордам за ўвесь час пандэміі. У СААЗ адзначаюць, што на статыстыку працягвае ўплываць больш заразны «амікрон»-штам. Па прагнозах спецыялістаў, у бліжэйшыя тыдні кожны другі жыхар Еўропы будзе хварэць на паўднёва-афрыканскі варыянт COVID-19. Лакальныя выбліскі «амікрона» фіксуюць у Кітаі, у тым ліку ў прамысловых цэнтрах, з-за чаго аналітыкі амерыканскага часопіса The Wall Street Journal папярэджваюць аб магчымых перабоях з пастаўкамі. 

«Трэці кітайскі горад зачыніўся на каранцін з-за новых выпадкаў заражэння „амікро 6ьбдггн0нам”. У Аньяне 5,5 млн жыхароў не могуць выйсці на вуліцу, большасць крам зачыненыя, працуюць толькі тыя, якія прадаюць тавары першай неабходнасці», – паведамляе еўрапейксае выданне Politico. Раней гарады Сіань і Ючжоу закрыліся на каранцін на два-тры тыдні. У выніку напярэдадні зімовай Алімпіяды колькасць ізаляваных жыхароў Кітая склала прыкладна 20 млн. чалавек. Выданне зазначае, што гэта самыя шырокія каранцінныя меры з моманту закрыцця Уханя напачатку 2020 года.

«З-за гэтага ўжо два дні прадпрыемства Toyota у Цяньцзіні не працуе з-за масавага тэсціравання супрацоўнікаў на «амікрон»-штам. Там жа зачыніў свой завод нямецкі аўтавытворца Volkswagen», – піша The Wall Street Journal. З абмежаваннямі ў Сіяне сутыкнуўся адзін з найбуйнейшых вытворцаў мікрасхем – Samsung. З-за „амікрона” ў трэцім па загружанасці кантэйнерным порце, які размешчаны непадалёк ад Шанхая, увялі абмежаванні на пропуск грузавікоў і складскія аперацыі. А гэта пагражае яшчэ большым зніжэннем тэмпаў працы. Па прагнозах аналітыкаў амерыканскай газеты, эканамічныя наступствы з-за збояў у пастаўках могуць быць больш сур’ёзнымі, чым у 2021-м.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка