Агляд прэсы: наперад трывогам
Аднаўленне вайсковага нарошчвання Беларусі як прыкмета адчаю Лукашэнкі. Візіт ва Украіну: ці дастаткова абяцанага? Ці прымаць Украіну ў Еўразвяз? Пуцін прыкручвае вентыль. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У сувязі з вайной, якая бушуе на ўсходзе і поўдні Украіны, растуць засцярогі, што пагроза на поўначы і захадзе краіны, уключаючы сталіцу Кіеў, можа неўзабаве вярнуцца. Згодна з канфідэнцыйнай неапублікаванай справаздачай Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, у пачатку чэрвеня Лукашэнка сустрэўся з былым міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, які цяпер узначальвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, і загадаў яму даць пяць тысяч чалавек для народнай міліцыі. У паведамленні таксама адзначаецца, што апошнім часам расейскія прыватныя вайсковыя кампаніі, такія як група Вагнер, актыўна вярбуюць беларусаў», – піша амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil.
«Ёсць шмат спекуляцый наконт таго, ці сведчыць гэтая ўзмоцненая ваенная актыўнасць у Беларусі, што Расея рыхтуецца пачаць новы наступ на поўнач Украіны. Лукашэнка, здаецца, ладзіць дэталёвую дэманстрацыю лаяльнасці Пуціну. Кіеў рыхтуецца да розных сцэнарыяў, а ўкраінская выведка адсочвае ўсе перамяшчэнні, ініцыятывы, навучанне і раздачу зброі паляўнічым. Незалежна ад таго, рыхтуецца Беларусь да ўступлення ў вайну, ці займаецца выдуманым блефам, ці Лукашэнка проста праводзіць празмерны рытуал, каб прадэманстраваць сваю лаяльнасць Пуціну, апошняя ваенная дзейнасць падкрэслівае немагчымую пазіцыю беларускага дыктатара. Калі вайна Расеі ва Ўкраіне будзе паспяховай і ў выніку Пуцін умацуецца, сувэрэнітэт і незалежнасць Беларусі, хутчэй за ўсё, апынуцца ў сур’ёзнай небяспецы, і Лукашэнка стане непатрэбным. З іншага боку, калі Расея прайграе вайну ва Украіне і Пуцін будзе аслаблены, Лукашэнка страціць свайго адзінага заступніка і абаронцу, што зробіць яго ўразлівым перад гневам уласнага народа. У любым выпадку, Лукашэнка гатовы прайграць, і ён, верагодна, гэта разумее», – адзначае амерыканскае выданне.
Падчас свайго візіту ў Кіеў канцлер ФРГ Олаф Шольц, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі і прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс выразна заявілі аб салідарнасці з Украінай. Яны паабяцалі аказваць краіне падтрымку да таго часу, пакуль гэта будзе неабходна. Прэзідэнт Зяленскі заявіў пра тое, што гэта «гістарычны дзень». Прэса, аднак, чакае большага.
«Ці змог візіт Шольца ў Кіеў растапіць лёд у адносінах паміж Германіяй і Украінай, і ці не вернецца ўсё ва ўжо сталае звыклым рэчышча», – разважае нідэрландская газета De Volkskrant.
«Змена курсу, ваганні, зноў змена курса – і вось зноў. І тут само сабой напрошваецца пытанне аб тым, ці змогуць абяцанні і запэўненні Шольца наогул змякчыць разлютаваныя сэрцы ўкраінцаў. У чацвер у Кіеве канцлер паабяцаў доўгатэрміновую фінансавую і гуманітарную падтрымку, «і зброю таксама – пакуль гэта неабходна для барацьбы Украіны за сваю незалежнасць». Але калі гэтыя абяцанні Шольца не канкрэтызуюцца ў найбліжэйшы час, то ўзрастае рызыка таго, што амбасадар Украіны ў Берліне неўзабаве чарговым каментаром у Tweeter адправіць адносіны, у якіх быццам бы намецілася адліга, назад у маразільную камеру», – прагназуе нідэрландскае выданне.
У пятніцу, Еўракамісія вынесла свае рэкамендацыі наконт таго, ці варта прымаць Украіну ў шэрагі ЕЗ. На карысць падобнага рашэння ўжо выказаліся лідэры чатырох еўрапейскіх дзяржаў, якія наведалі гэтымі днямі з візітам Кіеў. Аднак сярод краін ЕЗ няма аднадушнасці па гэтым пытанні. Еўрапейская прэса прыводзіць аргументы як «за», так і «супраць».
Нямецкая газета De Standaard прыводзіць аргументы на карысць атрымання Украінай статусу кандыдата на ўступленне.
«Зачыніць дзверы Еўропы перад носам Украіны было б ледзь не актам бессардэчнай няўдзячнасці, якую ўкраінцы нам ніколі не прабачаць. Але вось каго напэўна пацешаць чарговая траўма Украіны і рознагалоссі ў Еўропе, дык гэта Уладзіміра Пуціна. Масква можа толькі і марыць пра сітуацыю, у якой прэзідэнту Зяленскаму, украінскаму грамадзянскаму супраціву і ўкраінскаму войску давядзецца сутыкнуцца з нечаканым маральным ударам. Па праўдзе кажучы, Еўропа магла б велікадушна прыняць гэтае гістарычнае рашэнне, і з адкрытым сэрцам запрасіць Украіну ў сваю сям’ю», – піша нямецкае выданне.
Расея скарачае аб’ёмы паставак газу, і тым самым рыхтуе еўрапейцам вельмі суровую зіму. У першую чаргу гэта датычыцца Германіі і Італіі, якія зараз, па ідэі, павінны былі б запаўняць свае газавыя сховішчы. Скарачэнне паставак раптоўна прывяло да скачка цэн на газ адразу на 30 працэнтаў. Прэса краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы разважае аб тым, што чакае гэтай зімой еўрапейскага спажыўца.
«Міф пра Расею як надзейнага пастаўшчыка газу разбураны раз і назаўжды», – да такой высновы прыходзіць балгарская газета Dnevnik.
«Кожны раз, калі газавы рынак крыху супакойваецца, Газпром ўмешваецца ў сітуацыю і пачынае ствараць напружанасць, падымаючы кошты і правакуючы «вузкія месцы» з пастаўкамі. Цяпер гэта пакуль не смяротна, але ўявіце сабе наступствы, калі падобнае здарыцца ў разгар зімовага ацяпляльнага сезона. Дарэчы, разбураны і міф пра тое, што тыя, хто адкрыюць рахунак у рублях, раз і назаўжды пазбавяцца ад праблем з пастаўкамі газу. Як бы не так. Найперш часта гаварылася, што, маўляў, у тых, хто не карыстаецца расейскім газам, будуць праблемы. Аднак усё аказалася роўна наадварот: больш за ўсіх пакутуюць тыя, хто залежыць ад расейскага газу», – адзначае балгарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
