Агляд прэсы: назад у будучыню



Беларускае будучае мінулае. Крызіс у Босніі і Герцагавіне. Экстрадыцыя Асанжа як небяспечны прэцэдэнт? Як «амікрон» кіруе брытанскай выспай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Многім беларусам Лукашэнка прапанаваў прытулак ад узрушэнняў 1990-х гадоў. Але калі савецкая настальгія пачала згасаць, фальшывая ўтопія саступіла месца вечнай аўтарытарнай сучаснасці. З лета 2020 года будучыня вярнулася ў Беларусь. Якую форму яна прыме на гэты раз?», – задаецца пытаннем выданне eurozine.

«Для многіх беларусаў лета пратэстаў 2020 года адрадзіла ідэю будучыні. Масавыя шэсці ў Менску і іншых гарадах былі яскравай праявай рашучасці людзей самастойна вырашаць сваю будучыню, права, якога рэжым пазбаўляе.

Таму і найноўшую гісторыю Беларусі можна ахарактарызаваць з пункту гледжання змены ўяўленняў аб будучыні. Сатырычны раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» 1929 года быў апублікаваны ў Беларусі падчас рэформаў Гарбачова, калі краіна яшчэ была часткай Савецкага Саюзу. Аўтар, які стаў ахвярай чыстак 1930-х гадоў, быў вымушаны пісаць лісты Сталіну з просьбай аб вызваленні незадоўга да смерці. Раман Мрыя адлюстроўвае «новага савецкага чалавека», які падымаецца па сацыяльнай лесвіцы, выконваючы ў гратэскнай форме кожнае патрабаванне ўладаў.

Зараз гэта трансфармавалася праз рэжым вертыкалі ў ідэю будучыні пры Лукашэнку: у краіны няма будучыні без прэзідэнта.

Для беларусаў важным застаецца пытанне, ці змогуць яны «апрацаваць» спадчыну дыктатуры і стварыць сістэму, якая прадухіліць з’яўленне яшчэ адной? Ці будзе новая сістэма дэмакратычнай, сацыяльна справядлівай і інклюзіўнай? Ці змогуць беларусы стварыць універсальныя структуры і адносіны?», – задаецца пытаннямі еўрапейскае выданне.

***

Тое, аб чым даўно папярэджвалі назіральнікі ў Босніі і Герцагавіне, нарэшце, здарылася: у горадзе Баня-Лука парламент Рэспублікі Сербскай, якая ўваходзіць у склад Босніі і Герцагавіны, прыняў рашэнне аб аддзяленні рэспублікі ад федэрацыі і мае намер на працягу бліжэйшых шасці месяцаў ажыццявіць выхад з агульнадзяржаўных установаў: арміі, юстыцыі і падатковых структур.

На думку балканскай газеты taz, новы крызіс справакаваны памылковымі рашэннямі Бруселя і Берліна:

«Адной з галоўных памылак Ангелы Мэркель стала тое, што яна да апошняга заляцалася да сербскага дыктатара Аляксандра Вучыча. А калі Уршуля фон дэр Ляен прызначыла венгерскага дыпламата і прыяцеля Орбана Олівера Вархелі камісарам па пытаннях пашырэння ЕЗ на Балканах, то тым самым яна толькі пусціла казла ў агарод. Перагаворшчыца ад ЕЗ у Босніі Ангеліна Айхорст за апошнія месяцы ўзмацніла пазіцыі сербскіх і харвацкіх нацыяналістаў. Вынік – відавочны».

***

Апеляцыйны суд у Лондане адмяніў забарону на экстрадыцыю заснавальніка Wikileaks Джуліяна Асанжа. Аднак пакуль не зразумела, ці будзе журналіст сапраўды экстрадаваны ў ЗША, паколькі яго адвакаты ўжо апратэставалі рашэнне. Некаторыя СМІ асцерагаюцца, што цяперашні прэцэдэнт можа стаць паўсюднай практыкай, іншыя ж лічаць, што рашэнне суда абавязковае да выканання.

«Выдаць Асанжа было б памылкай», – лічыць брытанская газета The Spectator.

«Як бы ні было важнае міжнароднае супрацоўніцтва ў справе барацьбы з тэрарызмам, забойствамі і махлярствам, гэты пастулат куды ў меншай ступені тычыцца, калі наогул тычыцца, абвінавачванняў у падбухторванні да мецяжу і шпіянажы. Прасцей кажучы: якімі б асаблівымі ні былі нашы адносіны са Злучанымі Штатамі, няма прычынаў, па якіх мы павінны садзейнічаць ім у выкананні іх заканадаўства аб шпіянажы. Тым больш, што дзеянні, закідваемыя Асанжу, былі здзейснены не на тэрыторыі ЗША. У адносінах да такіх людзей, як Джуліян Асанж, мы павінны дакладна заявіць, што яны маюць права заставацца тут, калі будуць паводзіць сябе разумна, але таксама абавязаны акрэсліць наступнае: нават калі мы вырашымся на экстрадыцыю, то ніколі не адправім іх у тую краіну, дзе б іх чакаў суд за злачынствы супраць дзяржавы», – падкрэслівае брытанскае выданне.

***

У Злучаным Каралеўстве памёр першы пацыент, які захварэў на «амікрон»-штам каронавірусу. Пра гэта паведаміў прэм’ер Борыс Джонсан. Раней ён таксама расказаў, што ў траціны захварэлых у Лондане выяўлена менавіта новая мутацыя. Міністэрства аховы здароўя Вялікабрытаніі называе распаўсюджванне «амікрона» ў краіне фенаменальным. Прэм’ер-міністр прызнаў сітуацыю надзвычайнай. Пры гэтым яго рэйтынг імкліва падае: адмоўна да Борыса Джонсана ставяцца ўжо больш за 60% брытанскіх падданых.

«Усё з-за яго вечарынкі ў разгар пандэміі», – піша брытанская газета The Guardian. «Тое, што цяпер прэм’ер-міністр прапануе ўзмацніць жорсткасць каранцінных абмежаванняў, толькі наклікае на яго новую хвалю абурэння і абвінавачванняў у крывадушнасці. Рэйтынг прэм’ера ўпаў да рэкордна нізкіх значэнняў. Гэта самы нізкі паказчык для прэм’ера з моманту яго пераезду на Даўнінг-стрыт. Наступны тыдзень будзе для Джонсана крытычным. Некалькі дзясяткаў дэпутатаў-кансерватараў пагражаюць выступіць супраць новых абмежаванняў па каронавірусу. Многія з іх лічаць, што сітуацыя не патрабуе такога ўмяшальніцтва», – канстатуе брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.