Агляд прэсы: не стварыць прэцэдэнт



Мінабароны Беларусі заявіла, што ваенныя вучэнні NATO «не маюць мінімальнай празрыстасці». Пагроза голаду: наколькі свет залежыць ад Расеі? Уступленне ў NATO: як быць з супрацівам Анкары? Брусель распрацаваў план дасягнення энерганезалежнасці. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

“На фоне жорсткай вайны ва Усходняй Еўропе, якая працягваецца, Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ваенныя вучэнні Арганізацыі Паўночнаатлантычнага альянсу (NATO) «не маюць мінімальных прыкмет празрыстасці». Пра гэта напісаў начальнік упраўлення міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі. Ужо амаль тыдзень вучэнні «Абаронца Еўропы-2022» знаходзяцца ў актыўнай фазе”, – піша індыйскае выданне Republicworld.

„У межах «Defender Europe-2022» саюзнікі і партнёры NATO ўдзельнічаюць у серыі даўно запланаваных ваенных вучэнняў ад Крайняй Поўначы да Балкан, каб падмацаваць гатоўнасць і сумяшчальнасць войскаў NATO. У іх удзельнічаюць больш за 18 000 вайскоўцаў з дваццаці краін. Яны ўключаюць кідкі з парашутам і атакі з верталётаў у Паўночнай Македоніі, якія цяпер адбываюцца ў Польшчы і васьмі іншых краінах. Па словах прадстаўніка NATO, такія вучэнні дэманструюць, што «NATO моцнае і гатовае абараніць альянс і абараніць ад любой небяспекі». У гэты час беларускі ўрад заявіў аб закупцы ў Расеі балістычных ракет малой далёкасці «Іскандэр» і комплексаў супрацьпаветранай абароны С-400 у такой колькасці, колькі таго патрабуе краіна”, – падкрэслівае індыйскае выданне.

Пагроза голаду расце ў сусветным маштабе: паводле дадзеных ААН, усяго за два гады колькасць людзей, якія адчуваюць востры недахоп прадуктаў харчавання, павысілася амаль да 300 мільёнаў. Вайна ва Украіне сур’ёзна абвастрыла сітуацыю, у тым ліку і таму, што Расея блакуе экспарт украінскага збожжа. Еўрапейская прэса піша пра тое, наколькі магутная зброя апынулася ў руках у Крамля, і прапануе розныя выхады са становішча, якое склалася.

«Пуціну вядомая ахілесава пята гэтага свету – залежнасць ад паставак пшаніцы, і ён наўмысна выкарыстоўвае гэта ў якасці зброі», – такім назіраннем дзеліцца італьянская газета La Stampa.

«Ці можна палічыць выпадковасцю тое, што ў 2014 годзе, пасля акупацыі Крыма і ўвядзення Захадам першых санкцый, Масква аб’явіла аб «сельскагаспадарчым пераўзбраенні», якому мы, апалагеты трыумфуючай глабалізацыі, як заўсёды, не надалі ніякага значэння? Масква павялічыла маштабы вытворчасці збожжа для таго, каб зменшыць сваю залежнасць ад Еўропы і ЗША ў харчовай сферы. А цяпер у сховішчах Украіны, сапраўднай засекі Еўропы, гніе збожжа, прызначанае на экспарт. І адбываецца гэта з-за таго, што Расея заблакавала ўкраінскія парты. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі на ўсходзе і поўдні краіны ператварыліся ў тэатр ваенных дзеянняў, яны ўсеяны мінамі і бязлітасна пераараныя танкамі», – заўважае італьянскае выданне.

Турцыя пярэчыць прыняццю ў NATO Фінляндыі і Швецыі. Як заявіў прэзідэнт Эрдаган, Анкара не можа падтрымаць уступленне ў шэрагі альянсу краін, якія цярпіма ставяцца да такіх тэрарыстычных арганізацый, як Рабочая партыя Курдыстана, ды яшчэ і ўводзяць санкцыі ў дачыненні да Турцыі. Праз ваенныя дзеянні Анкары ў Сірыі Швецыя з 2019 года больш не прадае ёй зброі. Еўрапейская прэса піша пра магчымыя шляхі ўладжвання спрэчкі.

«НАТО павінна даць адпор спробам шантажу з боку Эрдагана, прычым не толькі з-за самой сутнасці гэтых спроб», – піша нямецкі часопіс Der Spiegel.

«Гэта важна і па стратэгічных прычынах: у адваротным выпадку гэта стварыла б небяспечны прэцэдэнт. Прэзідэнт Харватыі Зоран Міланавіч ужо адчувае права выстаўляць патрабаванні і ўмовы, пры якіх ён даў бы згоду на ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТО. Альянс не павінен дапускаць сітуацый, пры якіх ён можа ператварыцца ў поле для шантажу. Ужо лепш рызыкнуць – і пайсці на канфлікт з Эрдаганам», – адзначае нямецкае выданне.

Еўракамісія прадставіла грамадскасці план REPowerEU, накіраваны на зніжэнне энергетычнай залежнасці ад Расеі і паскарэнне зялёнага пераходу. На гэтыя мэты мяркуецца выдзеліць да 300 мільярдаў эўра, размеркаваўшы іх у выглядзе пазык і субсідый. Нараўне з маштабнымі інвестыцыямі запланаваны меры па эканоміі энергіі, а таксама стварэнне агульнага механізма закупак энергіі і энерганосьбітаў: падобнага да таго, што быў распрацаваны для забеспячэння краін супольнасці вакцынамі ад ковіда. Прэса разважае аб тым, ці рэальныя пастаўлены мэты.

«Той факт, што замест газу зараз паўсюдна ізноў пачынаюць выкарыстоўваць вугаль і мазут, прывядзе да рэзкага адкату ў плане барацьбы са зменай клімату і забруджваннем атмасферы», – папярэджвае італьянская газета Il Manifesto.

«Па дадзеных СААЗ, у 2016 годзе ў выніку наступстваў забруджвання паветра ў свеце памерла больш за чатыры мільёны чалавек. Забруджванне паветра не толькі забівае тых, хто жыве цяпер, але і ладзіць дарогу да гібелі наступных пакаленняў. Вайна ва Украіне сярод іншага правакуе тармажэнне барацьбы са змяненнем клімату і не толькі з’яўляецца прычынай разбурэнняў, гібелі і міграцыі насельніцтва сёння, але збольшага становіцца трыгерам разбурэнняў, гібелі і міграцыі, якія нам давядзецца назіраць ва ўсім свеце ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі – з-за прыродных катастроф і падзення вытворчасці прадуктаў харчавання», – папярэджвае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]