Агляд прэсы: не з таго боку
Хто страчвае Беларусь? Бюджэт на 2022 год: Еўропа і яе будучыня. Францыя паглядае на «мірны атам». Як рост кошту газу ў Еўропе паўплываў на прамысловасць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Jamestown канстатуе, што 7 кастрычніка Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем да Еўразвязу ўвесці пяты пакет эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі, у тым ліку дадатковых сектараў, такіх як металургія, дрэваапрацоўка і хімічная прамысловасць. На думку Еўрапарламента, санкцыі павінны закрануць «Беларуськалій» і «Белтэлекам». 5 кастрычніка адзін з найбуйнейшых расейскіх штодзённікаў – «Комсомольская правда» , па чутках, любімая газета Уладзіміра Пуціна, зачыніў беларускае
аддзяленне. Гэта адбылося пасля таго, як журналіст гэтага выдання, грамадзянін Беларусі Генадзь Мажэйка, апублікаваў артыкул, у якім дапушчаны добрыя ўспаміны пра супрацоўніка ІТ -кампаніі, які застрэліў супрацоўніка КДБ і быў забіты ў адказ.
«Гэтыя два эпізоды, здаецца, не маюць агульнага, аднак яны ілюструюць два кантрастныя спосабы, паводле якіх магутныя суседзі Беларусі – Расея і ЕЗ, маюць справу з непадатлівым Менскам. Заходні падыход прыкметна менш гнуткі, чым расейскі. І гэтым ён робіць Расею занадта ўплывовай у дачыненні да Беларусі і пазбаўляю сябе нават кавалачка яго ранейшага ўплыву. ЕЗ спрабуе спыніць паток мігрантаў з Іраку праз Беларусь, аднак ён не спрабуе пераканаць Ірак і іншыя трэція краіны, у якіх ЕЗ мае уплыў, устрымацца ад накіравання новых паслоў у Менск, што легітымізуе Аляксандра Лукашэнку. Непазбежная выснова заключаецца ў тым, што існуючы кантраст падыходаў Расеі і Захаду да афіцыйнага Менску – дрэнная прыкмета для Беларусі і самога Захаду», – папярэджвае амерыканскае выданне.
Парламенты еўрапейскіх краін у цяперашні час абмяркоўваюць бюджэты на 2022 год. Асноўная ўвага надаецца стабілізацыі эканомікі пасля заканчэння пандэміі каронавірусу. У той час як растуць інфляцыя і цэны на энерганосьбіты, Еўропа імкнецца да большай экалагічнасці: мільярды з фонду аднаўлення ад пандэміі ЕЗ прывязаныя да захавання пэўных умоваў па барацьбе са зменай клімату. Еўрапейская прэса піша пра шматгранны характар праблемы. «Альпійская рэспубліка расстаўляе няслушныя прыярытэты», – піша
аўстрыйская газета Der Standard.
«Плануецца вылучыць нашмат больш сродкаў на абарону клімату, і толькі нязначна павялічыць расходы на адукацыю, навуку, сельскую гаспадарку і культуру. Павелічэнне асігнаванняў на адукацыю ледзь пакрывае чаканае павышэнне заработнай платы выкладчыцкага складу. Пенсіі былым дзяржслужачым абыходзяцца даражэй, чым увесь бюджэт на адукацыю, і абедзве гэтыя сумы, куды менш таго, што дзяржава марнуе на надбаўкі да агульных пенсій! Не прадугледжана рашэння непад’ёмнай праблемы фінансавання нагляду за састарэлымі і хворымі. Дзіцячыя сады застаюцца недафінансаванымі. Аўстрыя шчодра нашмароўвае бутэрброд пенсіянерам, але аддае перавагу эканоміць на падрастаючым пакаленні. Аб гатоўнасці і волі да формаў тут і казаць не даводзіцца», – рэзюмуе аўстрыйскае выданне.
У адным са сваіх выступаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон агучыў планы, пры дапамозе якіх ён мае намер да 2030 года зрабіць краіну больш «зялёнай» і «лічбавай». Пры гэтым ён выказаўся на карысць павелічэння інвестыцый у атамную энергетыку і заявіў, што з пункту гледжання дасягнення кліматычных мэтаў яна з’яўляецца сапраўдным дабром. Аднак за падобнымі прамовамі хаваюцца і эканамічныя інтарэсы: неўзабаве пасля прамовы Макрона французскі энергетычны канцэрн EDF прапанаваў Польшчы пабудаваць у краіне ад чатырох да шасці новых рэактараў.
«Макрон усё цісне на газ, хаця не зразумелы яшчэ цэлы шэраг важных пытанняў, якія закранаюць будучыню французскай атамнай энергетыкі», – абураецца французская газета Le Monde.
«Застарэлыя праблемы, недахоп кадраў, няслушная калькуляцыя выдаткаў, якія пацягне за сабой падаўжэнне тэрміну эксплуатацыі адных АЭС і неабходны дэмантаж іншых. Тэма атамнай энергетыкі падымае мноства пытанняў, і галоўны выклік тут – энергетычны суверэнітэт. Гэта стратэгічная сфера, вартая абмеркавання на агульнанацыянальным узроўні, у тым ліку ў парламенце. Калі мы маем намер справіцца з выклікамі, якія ставіць перад намі атамная энергетыка, то мы павінны сапраўды разлічыць нашы фінансавыя і кадравыя патрэбы, а таксама ўзважыць усе варыянты ўтылізацыі ядзерных адкідаў, і зрабіць гэта максімальна празрыста!», – падсумоўвае французскае выданне.
«Еўрапейская прамысловасць адмаўляецца ад газу з-за росту коштаў. Для многіх спажыўцоў паліва стала недаступным», – піша амерыканскае выданне Bloomberg. Паводле матэрыялу, сярэдняе спажыванне ў кастрычніку знізілася на 12% у параўнанні з дапандэмічным перыядам. Больш актыўна за ўсё скарачаюць пакупку газу Германія, Нідэрланды і Вялікабрытанія. На фоне энергетычнага крызісу ў некаторых краінах адключаюць электрычнасць, а прадпрыемствы рызыкуюць у бліжэйшы час спыніць вытворчасць.
«З праблемамі рызыкуюць сутыкнуцца і пастаўшчыкі абсталявання для ядзерных рэактараў, падводных лодак і караблёў», – адзначае брытанская газета The Independent. Паводле выдання, у такім выпадку Вялікабрытаніі давядзецца закупляць прадукцыю ў Кітая. Без дзяржаўнай дапамогі прадпрыемствы могуць закрыць вытворчыя лініі на працягу наступных некалькіх тыдняў. А значыць, тысячы брытанцаў могуць страціць працоўныя месцы. Усведамляючы ўсё рызыкі, урад Борыса Джонсана мае намер дапамагчы крэдытамі прадпрыемствам хімічнай, сталеліцейнай і іншых энергаёмістых галін. «Не менш хісткая сітуацыя ў Індыі, якая яшчэ больш залежная ад вугалю, чым Кітай», – канстатуе брытанская газета The Guardian. – «У некаторых штатах электрычнасці не было да 14 гадзін. А ў Пенджабе вытворчасць спынілася на трох электрастанцыях».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
