Агляд прэсы: не згубіць след



Чаму ЕЗ  пастаянна трапляецца ў пасткі Пуціна? Еўрапейскія СМІ спрабуюць высветліць, а  ці не было каронавірусу ў Еўропе ў жніўні 2019 году. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Брытанская штодзённая газета The Guardian выйшла з артыкулам пад назвай «Лукашэнка плануе «народны сход», але рэформа ў Беларусі малаверагодная».

Аўтар матэрыялу Шон Уокер падкрэслівае, што Лукашэнка выйграў фальсіфікаваныя выбары ў жніўні летась, падтрымаў Пуціна і зараз аднавіў атакі на іншадумства. А таму, так званы Усебеларускі народны сход, запланаваны на чацвер, наўрад ці прывядзе да якіх-небудзь рэальных палітычных зменаў.

«АМАП і КДБ, якія засталіся вернымі Лукашэнку, пачалі палітыку выпаленай зямлі супраць усіх удзельнікаў арганізацыі пратэстаў. Сотні людзей застаюцца за кратамі, у той час як тысячы пакінулі краіну, і шмат палітычна актыўных беларусаў цяпер знаходзіцца ў Варшаве ці Вільні. Шырокія штотыднёвыя акцыі восені засталіся ў мінулым, а мясцовыя ўспышкі пратэсту памяншаюцца», – канстатуе брытанскае выданне.

***

Нямецкая штодзённая газета Der Tagesspiegel лічыць, што візіт у Маскву вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах Жазэпа Барэля стаў няёмкім вопытам. Аднак галоўным пытаннем аглядальнік газеты  Крыстаф фон Маршал лічыць наступнае: «Які ўрок можа атрымаць з гэтага ЕЗ?». Барэль наўрад ці сыдзе ў адстаўку. Хоць ён і пакінуў нялепшае ўражанне ў Маскве, сапраўдная прычына правалу заключаецца не ў ягонай асобе, а ва ўяўленні Брусэля аб сілавой палітыцы і ролі ЕЗ.

«ЕЗ павінен навучыцца прымушаць паважаць сябе. Бо Пуцін не бачыць прычынаў усур’ёз успрымаць ЕЗ. Еўрапейская прастора ўяўляецца яму ўзбударажаным статкам бараноў. Нават цяпер, пасля таго, як ён прынізіў ЕЗ, еўрапейскія палітыкі не гавораць пра тое, як яны правучыць Пуціна, а ствараюць сваімі ўнутранымі спрэчкамі пра паездку Барэля вобраз слабасці», – заключае Der Tagesspiegel, – «не дапусціў бы стварэння падобнай расколіны на расейскім фасадзе».

 ***

Французскае выданне Le Monde апублікавала дадзеныя аб тым, што SARS-CoV-2, верагодна, цыркуляваў у Францыі з лістапада 2019 году.  Журналіст Le Monde Стэфан Фукар абапіраецца на працу французскіх даследчыкаў, апублікаваную ў суботу, 6 лютага, у часопісе European Journal of Epidemiology. Вынікі паказваюць, што з лістапада па снежань узровень заражэння французскага насельніцтва ўжо складаў парадку аднаго выпадку на тысячу. Асобныя выпадкі былі выяўлены па ўсёй краіне. Больш, чым у палове выпадкаў, медыкі мелі справу з людзьмі, якія падарожнічалі або кантактавалі з тымі, хто ўжо захварэў.

«Падобныя паказнікі ўстойлівай цыркуляцыі новага каронавірусу ў Еўропе з лістапада і нават з кастрычніка, абвяргаюць гіпотэзу пра пачатак эпідэміі на рынку «Хуанань» у кітайскім Ухані, у пачатку снежня 2019 года. Аднак яны не дазваляюць паставіць пад сумнеў атрыманыя веды аб філагенэзе вірусу – усё штамы SARS-CoV-2, якія цыркулююць у цяперашні час у свеце, паходзяць ад віруса, які з’явіўся ў канцы 2019 года ў кітайскай правінцыі Хубэй», – гаворыцца ў артыкуле Le Monde.

***

«Ці можна на могілках у Швецыі катацца на санках?» – задаецца пытаннем адразу некалькі швецкіх газет, у тым ліку Dagens Nyheter, на старонках якіх разгарэлася сапраўдныя дыскусія чытачоў.

Размова ідзе пра  велізарныя могілкі Скугшчуркагордэн, «лясная могілкі», якія знаходзяцца ў паўднёвым прыгарадзе Стакгольму – Энскеде. Іх спраектавалі мадэрнісцкія архітэктары Гунар Асплунд і Сігурд Лэвэрэнц. Могілкі займаць 102 гектары, у іх чаргуюцца велізарныя лугі, лясы і схілы пагоркаў, пад шатамі якіх хаваюцца 100 тыс. магіл. З 1994 года могілкі Скугшчуркагордэн занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца адной з турыстычных славутасцяў сталіцы.

«Ужо трэці ўікэнд гэтыя мясціны сталі нагадваць снежныя горы. На схілах, у непасрэднай блізкасці ад крэматорыя, дзясяткі дзяцей катаюцца з бацькамі на санках. Біскуп Стакгольма публічна ўмяшаўся і запатрабаваў «павагі да сем’яў, сваякі якіх пахаваныя на могілках», – піша швецкае выданне Dagens Nyheter. Іх калегі з  кансерватыўнай штодзённай газеты Svenska Dagbladet падзяліліся каардынальна іншым меркаваннем: «Мы бачым, што праблема катання на санках абудзіла шматвяковую дыскусію.  Яшчэ ў 1222 годзе Царква дарэмна спрабавала забараніць танцы, гульні  і бойкі на могілках. Падобныя акты грамадскага жыцця спыніліся толькі ў эпоху пасля Рэфармацыі, прасякнутую пурытанствам і дзяржаўнай мараллю».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.