Агляд прэсы: неабыякія хады



Беларускі дыктатар нападае на прафсаюзы за антываенныя настроі. Ці рыхтуецца Турцыя да вайны? Лондан выйшаў з Пратакола па Паўночнай Ірландыі. Расследаванне аб штурме Капітолія: у фокусе спроба перавароту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў крокі па роспуску незалежных прафсаюзаў краіны, паколькі рэпрэсіўныя меры працягваюцца на фоне шырокай занепакоенасці на ўнутраным фронце адносна ролі Беларусі ў вайне Пуціна ва Ўкраіне», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council.

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед 10 чэрвеня накіраваў у Вярхоўны суд краіны хадайніцтва з патрабаваннем закрыць некалькі незалежных прафсаюзаў і крыміналізаваць іх дзейнасць. У спіс увайшлі Свабодны прафсаюз, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў і хімікаў, Беларускі прафсаюз радыёэлектронікі, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Згодна з хадайніцтвам, члены прафсаюзаў займаліся «дэструктыўнай дзейнасцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і вінаватыя ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Заява была накіраваная ў Вярхоўны суд «у мэтах прадухілення далейшага парушэння заканадаўства». Цяпер прафсаюзы, як актыўныя ўдзельнікі пратэснага руху 2020 года, па ўсёй бачнасці, з’яўляюцца адной з мішэняў, паколькі Лукашэнка імкнецца забараніць любое патэнцыйнае аднаўленне пратэснай актыўнасці, якая падаграецца антываеннымі настроямі. У адказ падчас нядаўняй штогадовай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) рэжым Лукашэнкі быў падвергнуты жорсткай крытыцы за прымяненне надзвычайнага гвалту для падаўлення мірных пратэстаў і абвінавачаны ў парушэнні працоўных правоў беларусаў. Цяпер гучаць заклікі да ўзмацнення міжнароднага ціску на рэжым Беларусі», – піша амерыканскае выданне.

***

Тон афіцыйнай Анкары ўсё больш рэзкі: прагучалі заявы, што Грэцыя ў парушэнне міжнароднага права нарошчвае ўзбраенні на шэрагу выспаў Эгейскага мора. У рамках буйных ваенных вучэнняў, якія праходзілі на мінулым тыдні, прэзідэнт Эрдаган заявіў, што ўсё можа прывесці да сур’ёзных наступстваў. Афіны абвяргаюць тэрытарыяльныя дамаганні Турцыі, аднак спрабуюць пазбегнуць эскалацыі. Якія ж настроі пануюць у абедзвюх краінах?

Грэчаская газета Kathimerini папярэджвае пра эскалацыю супрацьстаяння краін-суседак.

«Уменне пазбягаць эскалацыі – вялікае мастацтва. Адзін няслушны рух, заява або рашэнне, і вось ужо запускаецца спіраль бясконцых дзеянняў і супрацьдзеянняў. Мы павінны дакладна ведаць, што думаюць нашы ключавыя партнёры і саюзнікі, і што менавіта яны плануюць зрабіць, калі раптам адбудзецца які-небудзь інцыдэнт. Куды лепш ведаць праўду і мяжу магчымай рэакцыі саюзнікаў, прычым кожнага паасобку, чым апынуцца заспетым знянацку. І, вядома, мы на нейкі час павінны адставіць у бок асабістыя і партыйныя пытанні, паколькі без моцнага ўнутрыпалітычнага фронту далёка не з’едзеш. Мы павінны трымаць адкрытымі ключавыя каналы камунікацыі з другім бокам», – заклікае грэчаскае выданне.

***

Пасля шэрагу пакінутых безвыніковымі тэлефонных перамоваў паміж Лонданам і Бруселем брытанскі ўрад ажыццявіў свае намеры, і прадставіў законапраект, які часткова прыпыняе дзеянне палажэнняў Пратакола па Паўночнай Ірландыі, узгодненага з ЕЗ у межах здзелкі па брэкзіце. Законапраект сярод іншага мяркуе паскораную працэдуру памежнага кантролю паміж двума выспамі для тавараў, якія накіроўваюцца ў Паўночную Ірландыю. Цяпер паўночнаірландскія кампаніі змогуць самі выбіраць, якіх норм і стандартаў прытрымлівацца: брытанскіх ці еўрапейскіх.

«Нічога добрага падобная заява не дае», – адзначае ірландская газета Irish Independent.

«З уласцівымі яму напышлівасцю і недарэчнай самаўпэўненасцю Борыс Джонсан заявіў, што ў сутнасці аднабаковае парушэнне міжнароднай дамовы – гэта ўсяго толькі «дробязь, справа жыццёвая». Гэты небяспечны крок наносіць удар па адносінах паміж Злучаным Каралеўствам і Еўразвязам, прычым у крытычна важны для Еўропы момант. Ён ставіць пад сумнеў рэпутацыю Вялікабрытаніі як сумленнага пасярэдніка, і шкодзіць англа-ірландскім адносінам. Акрамя таго, ён ставіць пад пагрозу мір, стабільнасць і пераемнасць, якія склаліся як следства Белфасцкай дамовы. Крок, зроблены Джонсанам, таксама адаб’ецца і на ўдзеле Ірландыі ва ўнутраным рынку ЕЗ, які з’яўляецца найважнейшай перадумовай нашага працвітання», – прагназуе ірландскае выданне.

***

Праз паўтара гады пасля штурму Капітолію 6 студзеня 2021 года камісія Кангрэса ЗША па расследаванні прадставіла першыя вынікі. Камісія прыйшла да высновы, што частка віны за тое, што адбылося, ляжыць і на былым прэзідэнце Дональдзе Трампе, які сваімі заявамі пра тое, што вынікі галасавання, маўляў, падробленыя, падбухторваў сваіх прыхільнікаў да штурму Капітолія.

На думку шведскай газеты Dagens Nyheter, слуханні яшчэ раз паказалі, наколькі тагачасны прэзідэнт быў адарваны ад рэальнасці.

«Пры слуханні некаторых гісторый і выказванняў, якія прагучалі падчас допыту, перад вачыма зноў і зноў уставала абсурдная карціна магутнага прэзідэнта, які, мяркуючы па ўсім, не ў стане змірыцца з праўдай. Але падрабязнасці, раскрытыя падчас допыту на мінулым тыдні, таксама нагадваюць і пра тое, наколькі неверагодна блізка падышла амерыканская дэмакратыя да свайго краху ў студзені 2021 года. Кампанія Трампа, падчас якой ён настойваў на тым, што выбары былі сфальсіфікаваныя, не мела пад сабой ніякіх падстаў, але яна па-ранейшаму матывавала сотні тысяч прыхільнікаў адпраўляць яму грошы, а тысячы з іх нават вырашыліся штурмаваць Капітолій, ведаючы, што гэта можа пагражаць працяглым турэмным тэрмінам», – заўважае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

[manual_related_posts]