Агляд прэсы: неасцярожныя крокі



Расея дасылае ядзерныя бамбавікі для патрулявання над Беларуссю. Як НАТО рэагаваць на патрабаванні Масквы? Дзесяць гадоў з дня смерці Вацлава Гавела. Ізноў лакдаўн на парозе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расея накіравала ў суботу пару бамбавікоў далёкага радыусу дзеяння з ядзерным патэнцыялам для патрулявання неба над Беларуссю, місія, закліканая падкрэсліць цесныя абарончыя сувязі паміж двума саюзнікамі на фоне напружанасці з Захадам», – паведамляе амерыканская газета Military Times.

У Мінабароны Расеі заявілі, што два стратэгічныя ўдарныя бамбавікі Ту-22М3 адпрацоўвалі «сумесныя задачы з ВПС і СПА Беларусі». Суправаджвалі бамбардзіроўшчыкі знішчальнікі Су-30, якія Расея паставіла ў Беларусь.

«Суботняе чатырохгадзіннае патруляванне стала трэцяй такой місіяй Расеі ў Беларусі з мінулага месяца і адбылася на фоне заклапочанасці Захаду з нагоды назапашвання расейскіх войскаў каля мяжы з Украінай. Ёсць два магчымыя варыянты дзеянняў, на якія Пуцін можа пайсці: альбо поўная вайна, альбо «паўзучая акупацыя» Украіны», – паведамляе Military Times.

Некаторыя ўкраінскія афіцыйныя асобы выказалі занепакоенасць тым, што Расея можа выкарыстоўваць Беларусь у якасці базы для нападу на іх краіну з поўначы. На фоне ўласнай напружанасці ў адносінах з Еўразвязам Лукашэнка з гатоўнасцю прымае для размяшчэння расейскую ядзерную зброю і падкрэслівае, што «былы савецкі народ старанна захаваў неабходную ваенную інфраструктуру яшчэ з часоў СССР».

***

Расея апублікавала два праекты пагадненняў з ЗША і краінамі НАТО, дзе прадставіла сваё бачанне архітэктуры бяспекі ва Усходняй Еўропе. Згодна з патрабаваннямі Масквы, уступленне ў альянс былых савецкіх рэспублік з’яўляецца табу, акрамя таго НАТО павінна вывесці ўсе свае ўзбраенні, размешчаныя ў рэгіёне. ЗША і Украіна ўжо заявілі аб непрымальнасці такіх патрабаванняў.

«З пункту гледжання Захаду патрабаванні, вылучаныя Масквой, зусім нерэалістычныя», – канстатуе нямецкая газета Tageblatt.

«Дзяржавы ЕЗ і ЗША не могуць весці перамовы аб пагадненні, якое ў канчатковым выніку выльецца ў тое, што незалежныя і суверэнныя дзяржавы не будуць мець права самім вызначаць сваю палітыку ў сферы бяспекі і ў пытанні заключэння альянсаў і саюзаў. Гэта азначала б размыванне аднаго з асноўных прынцыпаў міжнароднага парадку, а менавіта дзяржаўнага суверэнітэту. А таму ўзнікае пытанне, наколькі сур’ёзна Уладзімір Пуцін высоўвае сваю прапанову аб перамовах, тым больш што цяперашняя канфліктная сітуацыя, якая склалася на ўсходзе Еўропы, самім жа Крамлём і справакавана», – піша нямецкае выданне.

***

У выходныя мінула дзесяць гадоў са дня смерці Вацлава Гавела – чэшскага драматурга, праваабаронцы і палітыка. Ён быў першым прэзідэнтам Чэхаславакіі, а пазней – Чэхіі. Прэса разважае аб тым, наколькі шкала каштоўнасцяў Вацлава Гавела была б актуальнай сёння.

«Маральны падыход Гавела сёння, магчыма, ужо састарэлы», – гіранізуе чэшская газета Echo24.

«За дзесяць гадоў, якія мінулі пасля смерці Гавела, шмат што змянілася, як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце. Гавел быў старамодным ідэалістам, які верыў у тое, што асноўная нітка ўсяго, што адбываецца ў свеце, вызначаецца старымі заходнімі ўяўленнямі аб свабодзе, правах чалавека і верай у рацыянальную прыроду дэмакратыі. Ён верыў у гэтую пуцяводную нітку, якая нязменная заўсёды і ўсюды. Вятры, узнятыя глабалізацыяй, панеслі прэч занадта шмат з таго, што здавалася непарушным у свеце Вацлава Гавела», – адзначае чэшскае выданне.

***

З прычыны хуткага распаўсюджвання высоказаразнага штаму амікрон у Нідэрландах уводзіцца лакдаўн. У Даніі таксама прынятае рашэнне абмежаваць грамадскае жыццё да мінімуму. У Вялікабрытаніі на долю новага штаму прыпадае ўжо 60 адсоткаў новых выпадкаў заражэння – такім чынам амікрон стаў пераважным варыянтам віруса ў краіне. Нягледзячы на гэта, прэм’ер-міністр Джонсан не мае намеру ўводзіць лакдаўн.

Нідэрландская газета De Telegraaf крытыкуе ўлады Нідэрландаў за тое, што тыя зноў рэагуюць са спазненнем.

Гэты курс не вытрымлівае ніякай крытыкі. Каля 17 мільёнаў жыхароў краіны аказваюцца ў становішчы закладнікаў толькі таму, што наша сістэма аховы здароўя ўжо перагружана у сітуацыі, калі ў бальніцах знаходзіцца менш за 2400 пацыентаў з ковідам. Неабходна тэрмінова ствараць новыя месцы ў палатах інтэнсіўнай тэрапіі ці будаваць новыя кавідныя бальніцы. Зламайце бюракратычныя перашкоды і пакладзеце канец бясконца доўгім арганізацыйным працэдурам! Гэта ж проста ганьба: мы пляцёмся ў хвасце ў плане вакцынацыі. З усіх заходнееўрапейскіх краін у нас на сто тысяч насельніцтва найменшая колькасць ложкаў інтэнсіўнай тэрапіі», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.