Агляд прэсы: невыносная лёгкасць быцця



СМІ сочаць, як беларускі алімпіец галадае ў падтрымку палітвязняў. Палітыка ЗША: не крута, але смела і сумленна.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Мексіканская газета La Prensa Latina на першых старонках паведамляе пра тое, што срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка пачаў галадоўку і публічна прапаноўвае адзін са сваіх медалёў па лёгкай атлетыцы, каб падтрымаць палітвязняў, якіх затрымаў рэжым Лукашэнкі.

«Я не раю нікому паўтараць за мной, але вельмі цяжка пераварваць жудасную беларускую рэчаіснасць. Няхай сіла будзе з вамі», – цытуе выданне алімпійца.

Краўчанка таксама страціў працу ў праваахоўных органах і быў выгнаны з нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы за падтрымку антыўрадавых пратэстаў, якія асуджаюць махлярства на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году. «Краўчанка быў арыштаваны 8 лістапада. Чалавек, які выйграў срэбра ў дзесяцібор’і на Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне, заразіўся каронавірусам падчас знаходжання ў турме», – адзначае мексіканскае выданне.

У пятніцу спаўняецца роўна сто дзён з моманту ўступлення Джо Байдэна на пасаду прэзідэнта ЗША. Калі першыя дні яго прэзідэнцтва прайшлі пад знакам барацьбы з каронавірусным крызісам, правядзення масавай вакцынацыі і распрацоўкі плана па аднаўленні эканомікі, то зараз Байдэн прымусіў гаварыць пра сябе, бо прадаставіў план маштабных дзяржаўных інвестыцый і падвышэння падаткаў для багатых. Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung не хавае свайго адабрэння.

«Ён узяў сабе за ўзор і яго Новы курс, каб пры дапамозе амбітнай сацыяльнай і эканамічнай палітыкі ператварыць Амерыку ў сучасную дзяржаву, у якой былі б абаронены не толькі самыя бедныя пласты насельніцтва, але і як раз-такі сярэдні клас. Каб ператварыць Амерыку менавіта ў краіну, якая не падзялялася б на нешматлікіх, якія зарабляюць касмічныя сумы на акцыях і мабільных прыкладаннях, і тых, хто пакуе тавары на складах Amazon. Разумная эканамічная і сацыяльная палітыка, на думку Байдэна, з’яўляецца свайго роду падстрахоўкай ад палітычнага экстрэмізму. Апошнія гады паказалі, што ЗША маюць патрэбу ў абароне ад гэтага яду, атрутнага для ўсяго грамадства», – піша нямецкае выданне.

У Францыі каля 25 тысяч чалавек прынялі ўдзел у пратэстах супраць рашэння Касацыйнага суда, які пацвердзіў недзеяздольнасць злачынцы, які забіў чатыры гады таму сваю суседку-габрэйку. Злачынец быў прызнаны шалёным па прычыне псіхозу, выкліканага ўжываннем канабісу і алкаголю, і павінен мінімум на 20 гадоў адправіцца на лячэнне ў псіхіятрычную клініку. Еўрапейская прэса на баку дэманстрантаў. Прынамсі французская газета Le Point вітае пратэсты.

«Гэта маральнае і судовае фіяска, мяркуючы па ўсім, абудзіла сумленне нашых негабрэйскіх суграмадзян. Габрэі цяпер не ў адзіноце! А вось Францыя – адна. Адна сам-насам з усім сваім адмаўленнем, здрадай каштоўнасцям, нерашучасцю, баязлівасцю і ганебнымі саступкамі. Перад краінай стаіць вельмі цяжкая задача зноў выйсці на правільны шлях і высока падняць галаву для таго, каб як і раней быць пуцяводным маяком для народаў і нацый. Францыя, якая сёння вырашыла не караць забойцу Сары Алімі, здраджвае нашай веры ў рэспубліку. Гэтая Францыя выклікае ў нас пачуццё глыбокага непаразумення і ўзмацняе боль ад усведамлення таго, што мы апынуліся кінутымі на волю лёсу», – адзначае французскае выданне.

«Чалавецтва выкарыстоўвае на 73% больш рэсурсаў, чым Зямля вырабляе за год. У наяўнасці дэфіцыт «біяпатэнцыялу» свету – здольнасці экасістэмы генераваць прыродныя рэсурсы ў параўнанні з чалавечым спажываннем. Калі чалавецтва працягне выкарыстоўваць больш рэсурсаў, чым сусветны біялагічны патэнцыял, натуральны ровень рэсурсаў знізіцца і ў канчатковым выніку скончыцца», – паведамляе брытанскае выданне Daily Mail.

Паводле выдання, даследнікі з ЗША і Шры-Ланкі выявілі, што багатыя краіны жывуць не па сродках: паглынаюць рэсурсы і выракаюць больш бедную большасць людзей на «экалагічную беднасць».

«Каб адвольная краіна магла падтрымліваць сваё насельніцтва, ёй неабходна альбо мець дастаткова рэсурсаў, якія адпавядаюць экалагічнаму следу, што пакідаюць людзі, альбо сродкі для закупкі рэсурсаў у іншых краінах. Як вынік, менавіта экалагічнае перавышэнне з’яўляецца перашкодай на шляху выкаранення беднасці ва ўсім свеце», – гаворыцца ў артыкуле.

Беларускае Радыё Рацыя