Агляд прэсы: новая эра беспакаранасці



Беларусь у 2022 годзе страціць 30% экспарту з-за санкцый Захаду. Пераслед уйгураў: новая ўцечка з Сіньцзяна. Прэзідэнт Венгрыі раззлавала румынскі ўрад. Гішпанія: на парадку дня – абнаўленне дзяржаўных службаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Чакаецца, што беларускі экспарт у 2022 годзе знізіцца на 30%, а выручка ад экспарту — да 14 мільярдаў даляраў з-за санкцый Захаду супраць Менску. Беларусь і Расея трапілі пад санкцыі, уключаючы экспарт калійных угнаенняў, пасля таго, як 24 лютага Масква ўвяла ва Украіну дзесяткі тысяч вайскоўцаў з расейскай і беларускай тэрыторыі. Беларусь з’яўляецца трэцяй у свеце па вытворчасці пажыўных рэчываў пасля Канады і Расеі», – перадае канадская газета Financial Post.

Паводле выдання, Беларусь спадзяецца часткова кампенсаваць эканамічныя страты шляхам павелічэння экспарту ў Расею на 40%. У 2021 годзе экспарт Беларусі ў краіны Еўразвязу і Украіны склаў 9,5 мільярды даляраў і 5,4 мільярды даляраў адпаведна.

Свет узрушаны чарговай уцечкай інфармацыі аб тым, наколькі жорсткаму абыходжанню падвяргаюцца ў Кітаі прадстаўнікі мусульманскай меншасці – уйгуры. Пасля дбайнай праверкі ў міжнароднай прэсе апублікаваны дакументы і фатаграфіі, дасланыя аднаму з кітаязнаўцаў. Яны сведчаць аб тым, што ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне даўно сталі нормай адвольныя арышты і сістэматычны гвалт у лагерах, у якіх утрымліваецца насельніцтва. Якія меры павінен прыняць Захад?

Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung лічыць, што заходнія фірмы таксама нясуць частку адказнасці за тое, што адбываецца.

«Маюцца падазрэнні, што зняволеныя многіх лагераў сілком прымушаюцца да працы, у тым ліку на замежныя кампаніі. І пытанне аб магчымых наступствах для гэтых кампаній павінен устаць самае позняе менавіта цяпер. У інвестыцыйным пагадненні з ЕЗ Кітай паабяцаў, што прыкладзе «намаганні» для ратыфікацыі міжнародных канвенцый супраць прымусовай працы. Так што адкрыццё лагернай брамы ў Сіньцзяне магло б стаць слаўным пачаткам гэтага шляху», – адзначае нямецкае выданне.

Праз некалькі дзён пасля ўступлення на пасаду новая прэзідэнт Венгрыі Каталін Новак наведала Румынію, дзе сустрэлася найперш з прадстаўнікамі венграмоўнага насельніцтва. Знаходзячыся ў Трансільваніі, Новак напісала ў Facebook, што хоча прадстаўляць усіх венграў – незалежна ад таго, ці жывуць яны ўнутры ці па-за межамі Венгрыі. Гэтае выказванне выклікала незадаволенасць бухарэсцкіх уладаў, аднак аглядальнікі раяць не рабіць з мухі слана. Румынская рэдакцыя Deutsche Welle лічыць, што Бухарэст ужывае падвойныя стандарты.

«У апошнія гады паміж Румыніяй і Венгрыяй назіраецца відавочнае ахаладжэнне адносін. Гэта, аднак, не азначае, што Бухарэст не дазволіў Будапешту рабіць інвэстыцыі ў Трансільваніі і распаўсюджваць свой уплыў у гэтай гістарычнай правінцыі. Румынія ідзе на гэтыя саступкі, таму што сама ў сваю чаргу жадае пашырыць свой палітычны, эканамічны і культурны ўплыў у Рэспубліцы Малдова. Таксама, як румыны з Малдовы галасуюць на выбарах у Румыніі, так і венгры з Трансільваніі бяруць удзел у галасаванні падчас венгерскіх выбараў. Падобныя перакосы носяць не толькі перадвыбарчы тактычны характар, яны будуць мець яшчэ і палітычныя наступствы калі-небудзь у будучыні», – піша румынскае выданне.

На службу ў дзяржаўныя органы і ведамствы Гішпаніі ў 2022 годзе плануецца прыняць у агульнай складанасці 29,5 тысяч новых супрацоўнікаў, з якіх 15 тыс. будуць наняты ў якасці першасных кандыдатаў, а 9,5 – атрымаюць новыя пасады ў рамках прасоўвання па службе. Новыя меры сталі вынікам пагаднення, якога ўдалося дасягнуць гішпанскім прафсаюзам пасля некалькіх тыдняў перамоваў з міністэрствам фінансаў. Нацыянальная прэса знаходзіцца пад уражаннем ад новаўвядзенняў. Гішпанская газета El País рада папаўненню ў шэрагах дзяржслужачых.

«Момант сёння – самы прыдатны. Па дадзеных АЭСР, Гішпанія з’яўляецца адной з краін з самымі ўзроставымі супрацоўнікамі ў дзяржаўным сектары – пасля Грэцыі і Італіі. Гішпанія ўжо неаднаразова крытыкавалася за тое, што многія супрацоўнікі яе дзяржаўных ведамстваў працуюць, маючы на руках толькі часовыя працоўныя дамовы. У выніку на дзяржслужбе працуе ўсё больш людзей, не ўпэўненых у заўтрашнім дні, і ўсё менш становіцца тых, хто здольны зрабіць самавітую кар’еру, што непазбежна адбіваецца на эфектыўнасці працы дзяржсектара. Калі мы жадаем атрымліваць якасныя дзяржаўныя паслугі, то мы павінны забяспечыць неабходныя чалавечыя рэсурсы – як у колькасных, так і ў якасных адносінах», – заклікае гішпанская выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]