Агляд прэсы: новая праўда



Хакеры спрабуюць зрынуць дыктатара Беларусі пры дапамозе «сваіх» у рэжыме. Пра што кажа фіяска НАТА ў Афганістане? Выбары ў нямецкі бундэстаг: чаго чакаць Еўразвязу? Далейшы міграцыйны вектар палітыкі ЕЗ.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-«Апазіцыя знутры рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дапамагае хакерам правесці самую маштабную кібератаку на сам рэжым за ўвесь час», – канстутае амерыканскае спецыялізаване выданне Technology Review.

Выданне падкрэслівае, што з 1994 года Лукашэнка пабудаваў самую рэпрэсіўную паліцэйскую дзяржаву ў Еўропе і бязлітасна выкарыстаў сваю ўладу, каб заставацца на пасадзе дыктатара.

«Цяпер хакеры спрабуюць павярнуць дзяржаву шырокага назірання супраць Лукашэнкі, каб спыніць ягонае праўленне, і для гэтага яны сцвярджаюць, што здзейснілі адзін з найбольш поўных узломаў краіны ў гісторыі. «Беларускія кіберпартызаны» рэгулярна перадаюць інфармацыю, а таксама кажуць, што паспяхова ўзламалі амаль усе часткі адміністрацыі Лукашэнкі і што апублікаваная дагэтуль інфармацыя – гэта толькі частка дадзеных, якія ў іх маюцца», – адзначае Technology Review.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што ўзломы сталі мажлівыя, дзякуючы цяперашнім і былым супрацоўнікам сіл бяспекі BYPOL, дапамаглі ім зразумець структуру ўрадавых баз дадзеных, апрацаваць дадзеныя, да якіх яны маюць доступ, і вызначыць асобаў для ўзлому тэлефонных званкоў. Інсайдэры таксама могуць даць зваротную сувязь унутры сістэмы пра тое, як узлом паўплываў на сілы бяспекі Беларусі.

Дваццаць гадоў таму назад НАТА пачала сваю місію ў Афганістане. Як мяркуе сёння большасць экспертаў, ідэя будаўніцтва нацыі і дэмакратыі агнём і мячом пацярпела крах. У гарах Гіндукуша развіталіся з жыццём больш за 3500 вайскоўцаў НАТА і яе саюзнікаў.

«НАТА апынулася не самым прыдатным актарам для дэмакратызацыі Афганістану», – адзначае італьянская газета Il Manifesto.

«Было вырашана «усынавіць» Афганістан і запусціць амбіцыйную аперацыю па будаўніцтву нацыі. З гэтай нагоды звярнуліся да НАТА – Паўночнаатлантычнага альянсу, які быў заснаваны ў 1949 годзе з мэтай процідзеяння СССР. Якое дачыненне гэтая арганізацыя мае да Афганістану, размешчанага ў пяці тысячах кіламетрах ад атлантычнага ўзбярэжжа? Збольшага праўда заключаецца ў тым, што пасля распаду СССР НАТА зведвае сур’ёзны крызіс ідэнтычнасці, а таму з радасцю пагадзілася да новай ролі, прапанаванай ёй Вашынгтонам: быць экспарцёрам дэмакратыі. Ці не занадта непадыходзячы занятак для ваеннай арганізацыі, ці не праўда?», – задаецца пытаннем італьянскае выданне.

26 верасня, у Германіі, першай па колькасці насельніцтва і эканамічнай моцы краіне ЕЗ, пройдуць выбары ў бундэстаг. Ангела Мэркель пакіне пасаду федэральнага канцлера, у выніку чаго, як адзначае еўрапейская прэса, застанецца зіяючы пралом не толькі ва ўнутрынямецкай, але і ў міжнароднай палітыцы.

«Незалежна ад вынікаў выбараў роля Германіі ў Еўропе будзе расці», – мяркуе шведская газета Sydsvenskan.

«Нямеччына, гэты гігант Еўразвязу, зноў пачне задаваць тон у еўрапейскай палітыцы, не ў апошнюю чаргу таму, што брытанцы больш не ўдзельнічаюць у справах ЕЗ. Калі стала ясна, што прэзідэнту ЗША Дональду Трампу роля лідара вольнага свету не па плячы, Ангела Мэркель рашуча ўзяла палачку дырыжора ў свае рукі. Трамп ужо сышоў у гісторыю, аднак геапалітычная роля ЗША за апошні час змянілася, што ў сваю чаргу павялічвае вагу Германіі ў непасрэдным асяроддзі Еўразвязу. Незалежна ад таго, хто стане ля штурвала ў Нямеччыне пасля выбараў 26 верасня, роля Берліна абавязкова ўзрасце, як на еўрапейскай, так і на агульнасусветнай арэне», – запэўнівае шведскае выданне.

Многія палітыкі перасцерагаюць: Еўропу можа захліснуць новая хваля бежанцаў з Афганістану. Аднак наколькі апраўданыя гэтыя прагнозы, сказаць цяжка, з прычыны сітуацыі ў самым Афганістане і таго факту, што міграцыйныя маршруты цяпер заблакаваныя. У той жа самы час Еўразвяз сутыкаецца з міграцыйным ціскам на межах з Беларуссю, Марока і Турцыяй. Прэса разважае пра тое, якім чынам Еўразвяз мог бы выпрацаваць адзіную і паслядоўную палітыку ў дачыненні да ўцекачоў.

«ЕЗ павінен праводзіць адрозненне паміж тымі, хто мае патрэбу ў прытулку, і тымі, хто прыбыў у пошуках працы, прычым рабіць гэта трэба больш эфектыўна, і на больш раннім этапе», – лічыць фінская газета Iltalehti.

«Цэнтральная праблема цяперашняй сістэмы прадастаўлення прытулку заключаецца ў тым, што яна прымушае многіх думаць, быццам хадайніцтва аб прадастаўленні палітычнага прытулку – гэта самы просты спосаб патрапіць у ЕЗ. У выніку гэтай «сістэмнай памылкі» памежныя краіны ЕЗ сутыкаюцца з празмернай нагрузкай. У той жа самы час для многіх мігрантаў, якія жадаюць знайсці працу, гэтая памылка блакуе магчымасць прыехаць у Еўропу менавіта з мэтай працаўладкавання. Еўразвяз павінен як мага хутчэй выпрацаваць адзіную і ясную канцэпцыю, якая дазволіла б аддзяляць тых, хто сапраўды мае патрэбу ў абароне, ад іншых катэгорый мігрантаў, прычым да таго, як тыя апынуцца на тэрыторыі ЕЗ», – раіць фінскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя