Агляд прэсы: новы паварот



Лукашэнка прызнае, што Беларусь будзе змагацца за захад Украіны. Якая будучыня Украіны? ЕЦБ мяняе курс. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Аляксандар Лукашэнка, самаабвешчаны прэзыдэнт Беларусі, выказаўся, што беларускім войскам, магчыма, давядзецца ваяваць за захад Украіны, каб яго «не адрэзаў Захад». Пра гэта ён заявіў у пятніцу”, – піша ўкраінскае выданне Європейська правда.

„Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь з’яўляецца „аб’ектам ціску” для Захаду, у асноўным па геапалітычных прычынах. Таксама ў пятніцу Лукашэнка заклікаў беларускіх чыноўнікаў зрабіць высновы з паслявыбарчых пратэстаў 2020 года і не дапусціць паўтарэння ўкраінскага сцэнару. Беларускія ўлады заявілі, што вайсковыя вучэнні на мяжы з Украінай і краінамі Захаду працягнуцца. Акрамя таго, самаабвешчаны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг трывожных заяваў: пра стварэнне аператыўнага камандавання войскаў на мяжы з Украінай, закупку расейскіх С-400 і „Іскандэраў” і нават стварэнне „народнай міліцыі”, – паведамляе ўкраінскае выданне.

„Цяперашняя заходняя стратэгія ва Ўкраіне не спрыяе міру, таму што не закранае некаторыя істотныя аспекты цяперашняга канфлікту. У ім не закранаюцца правы рускамоўных ва Ўкраіне і не разглядаецца трыццацігадовая няўдача ў стварэнні агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі, якая ўключае Расею. Важнасць Расеі ў забеспячэнні свету таварамі першай неабходнасці, такімі як нафта, газ, збожжа і ўгнаенні, надае ёй яшчэ большы эканамічны ўплыў”, – піша амерыканскае выданне National Interest.

„У той жа час палітычная ізаляцыя, якую імкнуўся навязаць Захад, хоць і мае пэўную прывабнасць у сувязях з грамадскасцю, яшчэ больш абмяжоўвае здольнасць Захаду дамагацца ад Расеі супрацоўніцтва па іншых жыццёва важных пытаннях, і прымушае Расею заключаць новыя саюзы, якія будуць нязменна антызаходнімі. Генры Кісінджэр нядаўна сцвярджаў, што інстытуцыяналізацыя такой варожасці была б гістарычна беспрэцэдэнтнай і яе варта пазбягаць любой цаной. Урэгуляванне павінна разглядаць тры жыццёва важныя аспекты канфлікту адначасова, інакш яно не будзе працягвацца. Па-першае, спаборніцтва паміж Расеяй і Захадам за Ўкраіну, якое відавочна не скончыцца пасьля спыненьня баёў. Па-другое, канфлікт паміж расейскімі і ўкраінскімі элітамі за іх нацыянальныя і культурныя адрозненні, які пасля вайны толькі ўзмацняецца. Па-трэцяе, канфлікт паміж заходняй і ўсходняй паловамі Украіны, які цяперашні патрыятычны энтузіязм часова замаскіраваў. Наша прапанова не імкнуцца спыніць гэтыя канфлікты, якія з’яўляюцца эндэмічнымі, а хутчэй перанесці канкурэнцыю з ваеннай арэны, з спадарожнай небяспекай эскалацыі, на арэны эканамічнага дабрабыту і мяккай сілы. Па сутнасці, гэта тая канкурэнцыя, якую Захад вёў з Савецкім Саюзам у часы росквіту разрадкі пасля таго, як вырашыў, што суіснаванне важней за ўзаемнае знішчэнне», – прапануе амерыканскае выданне.

Услед за Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША і Банкам Англіі зараз і Еўрапейскі цэнтральны банк абвясціў аб тым, што мае намер з ліпеня падняць ключавую стаўку – на 0,25 працэнтныя пункты. Гэта першае падвышэнне стаўкі больш за дзесяць гадоў. З прычыны росту інфляцыі, якая склала на сённяшні дзень амаль восем адсоткаў, рашэнні аб падняцці ключавой стаўкі было даўно чаканым, больш за тое – жаданым як манная нябесная. Аднак, як зазначае еўрапейская прэса, многія пытанні па-ранейшаму застаюцца адкрытымі.

Нямецкая газета Zeit Online крытыкуе марудлівасць рэгулятара.

„Як паказвае гісторыя, чым даўжэй цэнтральны банк адцягвае прыняцце мер супраць узмацнення інфляцыі – напрыклад, у тым выпадку, калі заработныя платы таксама пачынаюць расці, тым больш суровыя сродкі яму пасля даводзіцца пускаць у ход для ўзяцця коштаў пад кантроль. І тым цяжэйшыя ў такім выпадку наступствы для эканомікі і насельніцтва! З гэтага пункту гледжання Крысцін Лагард са сваім рашэннем спазнілася. Канешне, можна было здагадацца і раней, што інфляцыя зацягнецца надоўга. Так, рашэнне змяніць працэнтную стаўку прынята са спазненнем. І тым не менш, добра, што яно ўвогуле адбылося”, – адзначае нямецкае выданне.

Перамоўшчыкі ад Еўрапарламента і краін-членаў ЕЗ дамовіліся аб увядзенні адзінага раз’ёма для зарадкі смартфонаў. Плануецца перайсці на раз’ём USB-C для ўсіх тыпаў мабільных тэлефонаў, планшэтаў і лічбавых фотаапаратаў. Новае правіла павінна набыць моц у сярэдзіне 2024 года. Ці можна меркаваць, што гэтае рашэнне з’яўляецца сапраўдным прарывам?

„Гэтае рашэнне – чарговы доказ рэгулятарскай маніі Еўразвяза”, – такі каментар публікуе брытанская газета The Spectator.

„Празмернае рэгуляванне норм і стандартаў прыводзіць да ўдушэння інавацый і закасцянення тэхналагічных аспектаў нашага жыцця. Проста ўявіце сабе, што вам да гэтага часу даводзіцца карыстацца старой, масіўнай і цяжкой зарадкай для тэлефона, той, што прыкладалася да вашага першага мабільніка чвэрць стагоддзя таму. Ці было б вам прыемна паўсюль цягаць яе з сабой, нават калі б яна паслухмяна зараджала ваш тэлефон, ноўтбук і электронную кнігу? Падобна шматлікім іншым рэчам, у выніку развіцця тэхналогій зарадныя прылады за мінулыя гады моцна паменшыліся ў памерах і сталі значна лягчэй. Вытворцы эксперыментавалі з новымі раз’ёмамі, адаптарамі і штэкерамі. І тут пытанне: ці стала б усё гэта магчымым, калі б ЕЗ, да прыкладу, у 1999 годзе ўвёў абавязковыя стандарты для зарадных прылад?”, – задаецца пытаннем брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]