Агляд прэсы: новыя муры



Як новае антынацысцкае заканадаўства ў Беларусі можа быць выкарыстана для кантролю над грамадзянскай супольнасцю. Палесцінска-ізраільскі канфлікт і міжнародная рэакцыя.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Брытанскае выданне Emerging-europe прагназуе, што ўлады Беларусі, падобна, будуць выкарыстоўваць новае «антынацысцкае» заканадаўства для ўзмацнення рэпрэсій супраць незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Новыя і дапрацаваныя законы аб «барацьбе з экстрэмізмам» і «прадухіленні рэабілітацыі нацызму» выклікаюць трывогу ў суб’ектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, у тым ліку Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

«Эксперты перакананыя, што нормы законаў занадта расплывістыя і схільныя да рознага тлумачэння і могуць выкарыстоўвацца для «адвольнай арыентацыі і замоўчвання любых непажаданых асобаў і арганізацый», – адзначае Emerging-europe. – «Прыняцце такіх законаў не з’яўляецца чымсьці новым у гэтай частцы свету, дзе ўрады карыстаюцца гістарычнай траўмай, ствараючы заканадаўства, накіраванае супраць меркаваных пагрозаў дзяржаве. З іншага боку, фіксуюцца ультраправыя настроі, якія зыходзяць ад прадстаўнікоў лідараў апазіцыі, пачынаючы ад неасцярожных выразаў да канкрэтных заклікаў».

Савет Бяспекі ААН правёў ужо чацвёртае экстранае паседжанне з нагоды абвастрэння палесцінска-ізраільскага канфлікту, аднак сумеснай рэзалюцыі прыняць так і не ўдалося. Тым часам актыўнасць у рэгіёне пачалі праяўляць зусім іншыя гульцы – асобныя краіны. Так, ЗША заклікалі Ізраіль спрыяць дээскалацыі, Кітай запрасіў канфліктуючыя бакі правесці перамовы ў Пекіне, а Эрдаган абрынуўся з дакорамі ў адрас Ізраіля і Захаду. Еўрапейская прэса выносіць свае ацэнкі.

«Еўразвяз павінен узяць быка за рогі», – патрабуе нямецкая газета Der Standard.

«Мірная ініцыятыва на роўні Еўразвязу была малаверагоднай на фоне і ў фарватэры блізкаўсходняй палітыкі Трампа. Аднак цяпер настаў час ізноў аб’яднаць намаганні з ЗША і аказаць сумесны націск на абодва бакі канфлікту. Менавіта гэта дыктуе і добраахвотна абвешчаны прынцып Еўракамісіі, якая назвала сябе «самай геапалітычнай з усіх Еўракамісіі». Пакуль што камісія гэтага склікання сядзела цішэй вады, ніжэй травы. У любым выпадку, на фоне таго, што ў ЗША ў руля новы прэзідэнт, а ў Ізраілі магчымая змена ўлады, шанцы на аднаўленне дыпламатычных намаганняў выглядаюць вельмі нядрэнна», – піша нямецкае выданне.

За апошнія некалькі дзён каля 8000 чалавек дабраліся па моры да гішпанскага паўэксклава Сеута, размешчанага на паўночным узбярэжжы Афрыкі на мяжы з Марока. Большасць з бежанцаў пераправіліся ўплаў. Мяркуючы па ўсім, гэтыя падзеі сталі вынікам таго, што на дыпламатычны крызіс у адносінах з Гішпаніяй урад Марока адрэагаваў паслабленнем кантролю над міграцыйнымі патокамі ў напрамку Сеуты.

«Прэм’ер-міністр Гішпаніі Санчэс шмат у чым сам справакаваў эскалацыю, дазволіўшы сабе не зважаць на элементарныя правілы дыпламатыі», – піша гішпанская газета ABC.

«Урад дазволіў Брахіму Галі, лідару вызвольнага руху Заходняй Сахары Палісарыё, які пераследуецца мараканскімі судовымі органамі, таемна прайсці лячэнне ў гішпанскай клініцы, нават не паведаміўшы мараканскім уладам, што гэта было зроблена паводле гуманітарных меркаванняў. У дыпламатыі фармальныя жэсты гэтак жа важныя, як і інтарэсы, якія стаяць за імі. Але Санчэс недаацаніў тое, якія наступствы можа пацягнуць за сабой грэбаванне інтарэсамі Марока, краіны, якая павінна нязменна заставацца стратэгічным саюзнікам з прычыны магчымасці ўзнікнення многіх канфліктаў», – адзначае гішпанскае выданне.

«Восем прыарктычных краін (ЗША, Расея, Канада, Данія, Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія і Ісландыя) сабраліся ў Ісландыі на Арктычным савеце з намерам мірнага супрацоўніцтва, нягледзячы на кропкі напружанасці паміж рознымі дзяржавамі. Лідзіруюць Вашынгтон і Масква. Краіны абмяркоўваюць глабальнае пацяпленне, якое паскараецца ў рэгіёне, умовы для развіцця марскога транспарту і эксплуатацыі рэсурсаў, якія адкрываюцца пасля таяння лёду», – піша французская газета Le Figaro.

«Арктыка ператварылася ў зону росту геапалітычнай напружанасці з-за ваенных вучэнняў, якія дасягнулі небывалага ўзроўню з часоў заканчэння халоднай вайны», – гаворыцца ў артыкуле.

Беларускае Радыё Рацыя